Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар юстыцыі Віктар Галаванаў – на беларускай Свабодзе


Алесь Дашчынскі, Менск Міністар юстыцыі Віктар Галаванаў заявіў у інтэрвію Радыё Свабода, што Міністэрства юстыцыі мае намер цягам тыдня праверыць факты, пададзеныя новым кіраўніцтвам Саюзу палякаў Беларусі. Саюз палякаў просіць прызнаць 6-ты зьезд правамоцным і легітымным. Зь міністрам юстыцыі гутарыў наш карэспандэнт.

Міністар юстыцыі Віктар Галаванаў ласкава пагадзіўся адказваць на пытаньні Радыё Свабода.

(Карэспандэнт: ) “Ці зьбіраецца Мінюст адклікаць свае патрабаваньні да Саюзу палякаў Беларусі, якія многія лічаць беспадстаўнымі і ўльтыматыўнымі, і прызнаць новае кіраўніцтва гэтай грамадзкай арганізацыі?”

(Галаванаў: ) “Не, такога намеру ў нас няма. Мы літаральна сёньня атрымалі ад грамадзкага аб’яднаньня “Саюз палякаў Беларусі” просьбу, у якой выказана пажаданьне да нас — яшчэ раз праверыць тыя факты, у абгрунтаваньні якіх мы ўказалі на нелегітымнасьць правядзеньня апошняга зьезду. Мы яшчэ не правяралі, але ўважліва іх разгледзім з гледзішча дзейнага заканадаўства — паўторна. Такі намер у нас ёсьць”.

Канфлікт паміж Міністэрствам юстыцыі і грамадзкай арганізацыяй перарастае ў міждзяржаўны. Імя міністра юстыцыі занесена ў сьпіс асобаў, якім Польшча мае намер забараніць уезд на сваю тэрыторыю. Як ставіцца міністар Галаванаў да такой пэрспэктывы стаць чарговым “неўязным” беларускім чыноўнікам?

(Галаванаў: ) “Наагул, мы жывём у адным эўрапейскім доме, і зачыняць дзьверы перад суседам толькі за тое, што ён падтрымлівае парадак ва ўласным доме, не зусім карэктна. Я лічу, службовыя асобы Польшчы прынялі рашэньні пад уплывам эмоцыяў. Польскі і беларускі народы гэтым не перасварыць”.

(Карэспандэнт: ) “А хто вінаваты ў цяперашнім канфлікце паміж Мінюстам і Саюзам палякаў?”

(Галаванаў: ) “Тут ніякага канфлікту няма. Сабраліся людзі, правялі апошні зьезд, парушылі заканадаўства. Чаму? Таму што пабочныя асобы былі і выступалі на зьезьдзе, давалі парады, па сутнасьці, умешваліся ў дзейнасьць грамадзкай арганізацыі. Мы запыталі меркаваньні ўсіх рэгіянальных структураў Саюзу палякаў, праверылі квоты, па якіх вылучаліся дэлегаты, — суцэльныя парушэньні. Таму не рэагаваць на звароты грамадзянаў той жа нацыянальнасьці аб тым, што парушаўся закон на тэрыторыі Беларусі, мы проста ня маем права. Таму мы ўсё праверылі і вынесьлі рашэньне, прапанавалі грамадзкаму аб’яднаньню паўторна правесьці гэты зьезд”.

(Карэспандэнт: ) “Вы бачылі тэлефільм “Хто заказаў Саюз палякаў Беларусі?”? Якія вашыя ўражаньні ад гэтага фільма?”

(Галаванаў: ) “Я гэты фільм не глядзеў, я бачыў інтэрвію нашага начальніка грамадзкіх арганізацыяў Сьліжэўскага, які правільна ўсё сказаў: з гледзішча заканадаўства дзейнасьць асобаў, якія праводзілі зьезд, не адпавядае патрабаваньням заканадаўства”.

Прэсавы сакратар Саюзу палякаў Беларусі Анджэй Пісальнік заявіў, што ягоная арганізацыя чакае канкрэтных рашэньняў ад Міністэрства юстыцыі наконт дасланага раней у арганізацыю ліста, у якім зьезд Саюзу палякаў прызнаецца нелегітымным.

(Пісальнік: ) “Цяпер чакаем і спадзяёмся, што міністэрства, якое само той ліст напісала, само яго і адменіць. Ну, калі не, то будзе ўжо нейкі шлях абскарджваньня. Але гэта можа наступіць толькі пры такіх умовах, што за невыкананьне гэтых рэкамэндацыяў міністэрства нас папярэджвае, і вось гэта мы ўжо можам абскардзіць у судзе”.
XS
SM
MD
LG