Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віртуальная краіна – Цітаславія


Аляксей Дзікавіцкі, Прага У Сараеве створаная віртуальная рэспубліка Цітаславія – гэта краіна, якая ня мае ані межаў, ані акрэсьленай тэрыторыі. Пра гэтую незвычайную дзяржаву расказвае наш карэспандэнт.

Цітаславія – гэта віртуальная краіна, створаная жыхарамі Сараева, якія сумуюць за часамі былога камуністычнага лідэра былой фэдэратыўнай Югаславіі Ёсіпа Броза Ціта.

"Цітаславія ня мае ані межаў, ані акрэсьленай тэрыторыі, яе сталіца ў сэрцах грамадзянаў, паўсюль там, дзе знаходзяцца цітаславяне”, – заявіў агенцтву Associated Press 46-ці гадовы Езьдзімір Мілошавіч, праектант і кіраўнік адной з сараеўскіх недзяржаўных арганізацыяў.

Грамадзянства Цітаславіі можа атрымаць кожны – не абавязкова жыхар былой Югаславіі. Дзеля гэтага дастаткова запоўніць анкету з просьбай аб выдачы пашпарту і даслаць яго праз інтэрнэт. Адметна, што грамадзянства для жыхароў былой Югаславіі і іншых эўрапейцаў каштуе 10 даляраў, а для амэрыканцаў – у два разы больш.

Афіцыйна існаваньне Цітаславіі будзе абвешчанае 25 траўня, у дзень народзінаў Ціта. Ня будзе шыкоўных цырымроніяў, але будучая краіна мае ўжо свой гімн, сьцяг, герб і пашпарт. Гімнам Цітаславіі стала папулярная за камуністычных часоў песьня “Таварыш Ціта, табе мы клянемся”.

Паводле Езьдзіміра Мілошавіча Рэспубліка Цітаславія, гэта краіна сапраўдных прыхільнікаў “ідэяў, плянаў і справы Ёсіпа Броза Ціта”.

Мілошавіч кажа, што інтэрнэт-старонку рэспублікі (www.titoslavija.com) наведалі ўжо сотні чалавек, шмат хто даслаў заявы аб выдачы пашпарту.

Сёлета спаўняецца 25 гадоў з дня сьмерці Ціта.
XS
SM
MD
LG