Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як змагаюцца з апазыцыяй у рэгіёнах


Казімір Яноўскі, Гомель Хваля барацьбы і ганьбаваньня апазыцыі, што актывізавалася ў Менску апошнім часам, дакацілася і да рэгіёнаў. Днямі намесьнік старшыні Гомельскага гарвыканкаму Сяргей Парошын, выступаючы з інфармацыйна-прапагандысцкай групай выканкаму ў мэдычнай вучэльні, заявіў пра даляравую падтрымку Захадам беларускай апазыцыі і падрыхтоўку чарговай каляровай рэвалюцыі

Намесьнік старшыні гарвыканкаму Сяргей Парошын распавядаў у мэдычнай вучэльні, што мясцовая апазыцыя спрабуе накарміць Гомель чуткамі, якія ачарняюць ўладу. Апазыцыянэры нібыта наважыліся распаўсюджваць праз паштовыя скрынкі рознага кшталту інфармацыю пра мясцовых чыноўнікаў зь іх партрэтамі і тэлефонамі. Паводле Парошына, ужо зафіксавана некалькі фактаў арышту улётак, прызначаных для распаўсюджваньня ў горадзе.

Я папрасіў мясцовага апазацыянэра, намесьніка старшыні закрытага ўладамі грамадзкага аб`яднаньня “Грамадзянскія Ініцыятывы” Уладзімера Кацору выказаць сваё стаўленьне да заяваў намесьніка старшыні гарвыканкаму Сяргея Парошына, дарэчы, надрукаваных у афіцыйнай гарадзкой газэце

(Кацора:) “Уладзе мала таго, што дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі – Беларускае тэлебачаньне, АНТ – кожны дзень пра гэта кажуць. Але ж утворана вялікая сетка ідэалягічных работнікаў, якія проста павінны адпрацоўваць свой хлеб. Сказаць няма чаго, таму рыхтуюць такія “страшылкі” для народу. На жаль, у апазыцыі няма зараз грошай. Ужо з выбараў мінулага году ў Гомелі не было нейкіх улётак, якія распаўсюджвала б апазыцыя”.

Яшчэ адзін апазыцыянэр, старшыня гарадзкой арганізацыі АГП Васіль Палякоў заўважае, што абвінавачваньне апазыцыі ў розных грахах - даволі распаўсюджаны прыём пэўных рэжымаў:

(Палякоў:) “Гэта распаўсюджаны такі ход, калі аўтарытарныя ўлады, дыктатарскія рэжымы абвінавачваюць палітычную апазыцыю ў тым, што яна працуе на нейкую іншую краіну. Спадар Фідэль Кастра таксама кажа пра купленую апазыцыю”, - мяркуе актывіст АГП Васіль Палякоў.

За апошнія тры-чатыры гады паводле розных надуманых прычынаў зачынена шэраг уплывовых у рэгіёне грамадзкіх структураў дэмакратычнага кшталту. У іх ліку згаданае раней аб`яднаньне “Грамадзянскія ініцыятывы”, якое выконвала ролю рэсурснага цэнтру. Гэта і маладзёвыя арганізацыі “Гарт”, “Яравіт” і нават жаночае аб`яднаньне “Ініцыятыва”.

Актывістаў незалежных арганізацыяў перасьледуе міліцыя, іх звальняюць з працы. Сёньня, дарэчы, апошні дзень працуе ў абласным краязнаўчым музэі навуковы супрацоўнік Марыя Багдановіч. Як сябра арганізацыйнага камітэту сацыяльнага руху “Разам” яна дамагалася праз суд дазволу ад гарвыканкаму на правядзеньне мітынгу супраць росту камунальных плацяжоў, платнай мэдыцыны і адукацыі. Спадарыня Багдановіч з заўтрашняга дня –беспрацоўная. Дырэктар музэю Аляксандр Алейнік падпісаў ужо загад на яе звальненьне, папярэдне наклаўшы шэраг спагнаньняў.

У Жлобіне з дырэкцыяй БМЗ судзіцца кіраўнік раённай арганізацыі ПКБ Валер Рыбчанка – абскарджвае ў судзе спагнаньні, вынесеныя яму кіраўніцтвам металургічнага заводу.

(Палякоў:) “ Кожны рэжым – аўтарытарны ці дыктатарскі, ён робіць усё, каб апазыцыя не існавала. У дэмакратычных краінах апазіцыя ня толькі існуе, не толькі мае магчымасьць давесьці сваю думку да шырокага насельніцтва, але і атрымлівае сродкі зь дзяржаўнага бюджэту. Яна можа легальна існаваць на гэтыя сродкі. А тут усё гэта тлумачыцца палітычным рэжымам, які склаўся”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG