Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму абвастраюцца беларуска-польскія дачыненьні?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 21 траўня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: экспэрт польскага Цэнтру міжнародных дачыненьняў Войцех Бародзіч-Смалінскі з Варшавы і філёзаф Аляксандар Грыцанаў зь Менску.

(Валер Карбалевіч: ) “Скандал вакол Саюзу палякаў Беларусі перарос у канфлікт паміж Беларусьсю і Польшчай. Абедзьве краіны абмяняліся высылкай дыпляматаў. Польшча прарэагавала на сытуацыю з Саюзам палякаў даволі востра. З крытыкай на адрас Беларусі выступілі прэзыдэнт, сьпікер парлямэнту, міністар замежных справаў Польшчы. У справу ўключыўся польскі сойм. У пятніцу дзьве парлямэнцкія камісіі ўхвалілі праект парлямэнту. Цікава, што зусім нядаўна Польшча адстойвала больш мяккую пазыцыю ў стаўленьні да афіцыйнага Менску, чым іншыя краіны Эўразьвязу. Польскі прэм’ер нават два разы сустракаўся зь беларускім прэм’ерам, што было даволі нечакана.

Цяпер усё павярнулася ў адваротны бок. Нават вядомы прыхільнік Лукашэнкі Лепэр цяпер выступіў з крытыкай на адрас кіраўніка Беларусі. У чым прычына такой вострай рэакцыі? Мусіць, справа ў тым, што стаўленьне польскага грамадзтва, уладаў да сваёй дыяспары зьяўляецца важным чыньнікам грамадзкага жыцьця Польшчы. І ў гэтым яе адрозьненьне ад Беларусі. Таму любыя рэпрэсіўныя захады ў дачыненьні да польскай меншасьці — балючае пытаньне для Польшчы”.

(Войцех Бародзіч-Смалінскі: ) “Такая вострая рэакцыя польскага боку тлумачыцца тым, што першы раз беларускія ўлады так актыўна і бессэнсоўна хочуць не дапусьціць абраньня старшынёй Саюзу палякаў Беларусі незалежнага ад уладаў чалавека. Новая старшыня была выбраная дэмакратычным шляхам. Гэта не была падрыхтаваная акцыя польскай амбасады. Але гэта памылка Лукашэнкі. Таму што дасюль Польшча праводзіла так званую мяккую палітыку ў дачыненьні да Беларусі альбо палітыку дзьвюх дарог. То бок яна адначасова працавала і з апазыцыяй, і спрабавала размаўляць зь беларускімі ўладамі. Таму і сустракаліся прэм’ер-міністры, міністры. Усе палітыкі ў Польшчы думалі, што такая палітыка будзе эфэктыўнай. Ніхто не хацеў чуць паведамленьняў польскай амбасады ў Менску ці інфармацыю польскіх недзяржаўных арганізацый пра неэфэктыўнасьць і нерэальнасьць такой палітыкі.

І калі цяпер беларускія ўлады актыўна ангажаваныя ў справу Саюзу палякаў Беларусі, спрабуюць ліквідаваць яго, то гэта ўжо задужа. Гэта стане пачаткам дыскусіі ў Польшчы пра зьмену польскай палітыкі адносна Беларусі”.

(Аляксандар Грыцанаў: ) “Польскі бок зацьвердзіў, што Польшча — гэта ўжо эўрапейская дзяржава. Ён падкрэсьліў, што правы чалавека — гэта не асабістая справа Лукашэнкі. Канфлікт паказаў, што эўрапейскае замежжа для Беларусі — гэта Польшча. Гэта ўжо мяжа, вялікая сьцяна, якая падзяляе Ўсходнюю і Сярэднюю Эўропу і, у той жа час, дэмакратыю і дыктатуру. Гэтая сытуацыя яшчэ раз засьведчыла, што ўступленьне ў Эўразьвяз — гэта асэнсаваны крок Польшчы”.

(Карбалевіч: ) “Беларускі бок праводзіць цяпер такую тактыку. Для ўнутранай аўдыторыі дзяржаўныя СМІ працягваюць абвінавачаньне Польшчы ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы Беларусі. Але што тычыцца вонкавага канфлікту з Польшчай, то падаецца, што беларускае МЗС спрабуе неяк зьмякчыць напружаньне, пагасіць ягоную вастрыню. І пытаньне пра высылку польскага дыплямата Буцькі зь Беларусі афіцыйны Менск прапанаваў зрабіць ціха, без разьдзьмуваньня скандалу. А вось польскі бок займае жорсткую пазыцыю. Хто, на ваш погляд, цяпер зьяўляецца рухавіком канфлікту? Хто займае больш жорсткую пазыцыю?”

(Бародзіч-Смалінскі: ) “Пытаньне ў тым, як можна зрабіць высылку польскага дыплямата зь Беларусі ціха, калі па беларускай тэлевізіі паказваюць вялікі фільм пра акцыю польскай амбасады ў Саюзе палякаў Беларусі і падрыхтоўцы нейкага паўстаньня ў Беларусі, каб аддзяліць Гарадзеншчыну ад Беларусі? Вельмі сумна, калі беларускія ўлады так думаюць ці хочуць зрабіць такое ўражаньне для беларусаў. Па-другое, я думаю, што паміж рознымі структурамі ўлады ў Беларусі няма дамоўленасьці ў гэтым пытаньні. Яны не падумалі, які адказ можна атрымаць ад Польшчы пасьля высылкі польскага дыплямата.

Я ня ўпэўнены, што заявы беларускага МЗС сур’ёзныя. Справа ня ў тым, што Польшча ня хоча прыгасіць гэты канфлікт. Польшча хоча, каб сытуацыя вырашылася па справядлівасьці. А справядлівасьць палягае ў тым, што новым старшынём Саюзу палякаў Беларусі зьяўляецца Анжаліка Борыс, а не Кручкоўскі, які быў старшынём чатыры гады”.

(Грыцанаў: ) “Па-першае, гэта лёгіка нармалёвай дыктатуры, калі ёсьць дзьве праўды: адна — вонкавая, а другая — для свайго народу, для тых, хто глядзіць у асноўным беларускую тэлевізію. Па-другое, Саюз палякаў Беларусі адчувае тыя ж самыя хвалі, якія ідуць ад Грузіі, Украіны. Палякі Беларусі хутчэй беларусаў разумеюць, што значыць жыць у ізаляцыі ад міжнароднай супольнасьці. І таму палякі, як гэта было і ў сацыялістычным лягеры, першымі распачынаюць барацьбу супраць дыктатуры. Гэта першыя ластаўкі. Тым больш, што ў беларускіх палякаў ёсьць моцныя сябры, саюзьнікі — польскі мацярык. А Польшча — гэта першая дэмакратыя ва Ўсходняй Эўропе”.

(Карбалевіч: ) “Прэзыдэнт Польшчы Квасьнеўскі ў чацьвер абмяркоўваў гэтае пытаньне з прэзыдэнтам Францыі Шыракам і канцлерам Нямеччыны Шродэрам. То бок, Варшава імкнецца далучыць да гэтага канфлікту Эўразьвяз. Як гэта можа паўплываць на далейшае разьвіцьцё сытуацыі?”

(Бародзіч-Смалінскі: ) “Гэта вельмі добры крок Квасьнеўскага. Таму што Польшча ня мела б вынікаў у гэтым канфлікце без падтрымкі нашых вялікіх заходніх суседзяў: Нямеччыны і Францыі. І калі гэта будзе ня толькі дыпляматычны канфлікт паміж Польшчай і Беларусьсю, а паміж Эўразьвязам альбо толькі Ваймарскай групай і Беларусьсю, то гэта паставіць перад Лукашэнкам цяжкую задачу. Нельга забываць таго, што шмат нямецкіх і францускіх фірмаў працуюць у Беларусі. І ў гэтым узьнікае праблема”.

(Грыцанаў: ) “Гэтая сытуацыя для Лукашэнкі вельмі вострая. Цяпер мы бачым трансфармацыю міждзяржаўнага канфлікту паміж Беларусьсю і Польшчай у міжнародную праблему польскай меншасьці ў Беларусі. Зразумела, гэта магчымая пэрспэктывы. Але гэта быў няўдалы крок кіраўніцтва Беларусі. Таму што Эўразьвяз вельмі далікатна і ўважліва ставіцца да міжэтнічных канфліктаў. І тое, што гэтая сытуацыя вельмі аддалена нагадвае міжэтнічны канфлікт, этнічны прэсінг з боку уладаў, вельмі важная для Эўразьвязу.

Беларускія ўлады дзейнічаюць па звыклай мадэлі таталітарнай дзяржавы, савецкай схеме. Таму нікога ня зьдзівіць, калі цяпер ідзе прэсінг на Саюз палякаў Беларусі, потым пойдуць зьявы антысэмітызму, наконт чаго ўжо згадвалася ў амэрыканскім кангрэсе. Таму гэта вельмі трывожная і небясьпечная сытуацыя для кіраўніцтва Беларусі”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, канфлікт паміж Беларусьсю і Польшчай узмацняецца. Вельмі магчыма, што да яго далучыцца Эўразьвяз. У дадатак да абвінавачаньняў беларускіх уладаў у парушэньні правоў чалавека, прынцыпаў дэмакратыі, будзе вылучанае абвінавачаньне ў парушэньні правоў нацыянальных меншасьцяў. Гэта якраз тое абвінавачаньне, якое беларускія ўлады вылучалі супраць Латвіі. То бок скандал вакол Саюзу палякаў Беларусі выводзіць канфлікт паміж Беларусьсю і эўрапейскай супольнасьцю на новы ўзровень”.
XS
SM
MD
LG