Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лагойск: “Бітлз” назаўсёды-2


Зьміцер Падбярэскі, Лагойск—Менск Новая перадача сэрыі “Па-за тактам”.

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Апошні месяц вясны — пачатак сэзону музычных фэстываляў пад адкрытым небам. І першая ластаўка сёлета ў Беларусі — малады яшчэ фэстываль “Бітлз” форэвэр”. Другі фэстываль “Бітлз форэвэр” сёлета адбываецца пад Лагойскам. Сюды прыехалі выканаўцы з розных краінаў. Латвійскія музыканты, расейскія, ёсьць нават прадстаўнікі радзімы “Бітлз” — музыкі з гораду Лівэрпулю. Безумоўна, удзельнічаюць і беларускія музыканты. І што тут будзе на гэтым фэстывалі, якая тут будзе атмасфэра, мы і раскажам у сёньняшняй перадачы.

Сярод беларускіх удзельнікаў канцэрту былі пераважна вядомыя выканаўцы. Найбольшую ўвагу, безумоўна, прыцягнуў выступ былых удзельнікаў “Песьняроў” — гітарнага дуэту Ўладзімер Ткачэнка—Віктар Малчанаў, чый выступ пару месяцаў таму ў Пецярбургу на дні народзінаў Джорджа Гарысана ўзрушыў мясцовую публіку. Гэтым разам да іх далучыўся Валеры Дайнэка, які на маё пытаньне аб ролі музыкі “Бітлз” у ягоным жыцьці адказаў гэтак”.

(Валеры Дайнэка: ) “Бітлз” — назаўсёды! А як яшчэ можна адказаць па-беларуску?! Назаўсёды! І раней, у дзяцінстве, для мяне “Бітлз” — гэта было ўсё! Наагул — усё! Усё маё жыцьцё — гэта “Бітлз”.

(Падбярэскі: ) “Вядомы беларускі музыкант і аранжавальнік Уладзімер Ткачэнка ўспрымае спадчыну “Бітлз” як нейкі кардынальны лек”.

(Уладзімер Ткачэнка: ) “Лекі ад папсы. Таму што настолькі хочацца вярнуцца да вытокаў, да таго, з чаго ўсё гэта пачыналася, і настолькі ачышчаюцца вушы і душа, калі пайграеш музыку “Бітлз”, што пасьля гэтага папсу наагул не ўспрымаеш. Мне здаецца, што тыя людзі, якія любяць “Бітлз”, папсы ня слухаюць”.

(Падбярэскі: ) “Віктар Малчанаў да выкананьня клясыкі року ставіцца гэтак”.

(Віктар Малчанаў: ) “Гэта нешта недатыкальнае. І гэта нельга кранаць, хоць усё ж такі неабходна прыўносіць нейкую часьцінку свайго, але надзвычай дазавана і асьцярожна, таму што калі ледзь-ледзь пераціснуў планачку — і ўсё адразу зьнікае”.

(Падбярэскі: ) “Сярод вэтэранаў беларускай рок-музыкі практычна ўсе, з кім я гутарыў каля канцэртнай пляцоўкі, так ці інакш расьлі на творчасьці лівэрпульскай чацьверкі. Калега Рынга Стара барабаншчык Андрэй Філатаў згадвае юнацтва”.

(Андрэй Філатаў: ) “Калі я пачуў першыя песьні “Бітлз”, дык яшчэ ня ведаў, што гэта менавіта “Бітлз”. Гэта былі песьні “Help” і “Yesterday”. І калі я пачуў па “Голасе Амэрыкі” песьню “Yesterday” і сказалі, што гэта “Бітлз”, дык я ганарыўся, што гэтая песьня ў мяне ўжо даўно ёсьць на магнітафоннай стужцы. І я быў вельмі зьдзіўлены тым, што даўно ўжо слухаю “Бітлз”, і гэта любімая мая, можа быць, група. З таго часу я зрабіўся такім трывалым бітламанам і цяпер маю калекцыю плытак “Бітлз” і вельмі люблю гэтыя песьні і ведаю іх усе, напэўна…”

(Падбярэскі: ) “Што да Піта Паўлава, дык, як аказалася, ягоная гісторыя з “Бітлз” была не такая простая”.

(Піт Паўлаў: ) “Калі я сталеў як музыка і калі толькі пачыналася маё разуменьне сучаснай мне музыкі, канечне, “Бітлз” на мяне амаль ніякага ўплыву не аказалі, таму што тады гучалі “Лед Зэпэлін”, “Дып Пэрпл”, сьвядома я слухаў ужо мэтал. А потым я пачаў ужо слухаць “Бітлз” рэтраспэктыўна і калі ўжо пачаў разьбірацца, адкуль паходзіць сучасная музыка, я пераслухаў і перайграў амаль усіх “Бітлз”. І ў прынцыпе магу зь невялічкай падрыхтоўкай лёгка такі вось рэпэртуар падняць і выконваць. Цяпер я разумею, што “Бітлз” проста зьмянілі наш сьвет, “Бітлз” зьмянілі ўвесь сьвет, у якім мы жывём, а музычны сьвет яны зьмянілі проста на ўсе 100 адсоткаў. Усе мы нашчадкі “Бітлз”, і гэты ўплыў адчуваецца ў кожнай галіне, ва ўсім, чым мы займаемся. Цяпер я ўжо сьвядома разумею, што я — адзін з нашчадкаў “Бітлз”. Для мяне гэта вялікі гонар — несьці вось гэтую высокую планку і недзе разьвіваць, у сваім кірунку, у беларускім”.

(Падбярэскі: ) “Шчыра кажучы, замовіць спэцыяльнае надвор’е для фэстывалю, які адбываецца пад адкрытым небам, вельмі складана. Вось і цяпер на тэрмомэтры, які тут стаіць, зьяўляюцца лічбы то 11 градусаў, то 12, хмары, магчымы дождж. Тым ня менш, аўтобусы прыходзяць, усё больш і больш моладзі зьяўляецца на гэтай пляцоўцы. Па маіх падліках, фэстываль “Бітлз” форэвэр” сабраў пад Лагойскам ніяк ня менш за 2 тысячы гледачоў. Людзі сьпявалі разам з музыкамі любімыя песьні, танчылі, а пасьля таго, як перад сцэнай залунаў сьцяг Эўразьвязу, да яго неўзабаве далучыўся і бел-чырвона-белы сабрат. Дарэчы, аніякіх эксцэсаў падчас канцэрту, які цягнуўся аж да самае цемры, не назіралася. А вось меркаваньні тых, хто прыехаў на канцэрт зь Менску”.

(Спадарыня: ) “Я магу сказаць, што нам вельмі падабаецца гэтае сьвята, таму што гэта вельмі добра арганізавана, сюды прыехалі людзі, якія любяць гэтую музыку і якія цэняць гэтую культуру, і таму мне здаецца, што гэта ўсё вельмі прыстойна і вельмі добра, калі такія фэсты будуць праводзіць і пазьней”.

(Падбярэскі: ) “Ці вам, прыхільнікам сучаснай жывой музыкі, хапае фэстываляў у Беларусі?”

(Спадар: ) “Гэта першы такі сёлета”.

(Спадарыня: ) “Не, не хапае. Многія музыкі выступаюць у асобных клюбах, але гэтага вельмі мала. Столькі моладзі прыехала сюды, таму я лічу, што гэта вельмі добра”.

(Падбярэскі: ) “Галоўным ініцыятарам фэстывалю і ягоным прад’юсарам выступіў дырэктар менскага “Beatles-cafe” Віктар Маразевіч. У памяшканьні гэтай кавярні на наступны па фэстывалі дзень адбыўся разьвітальны абед ягоных удзельнікаў, дзе ў музыкантаў лівэрпульскай групы “Blue Meanies” я пацікавіўся, чым жа ёсьць славуты мэрсі-саўнд Лівэрпулю пачатку 1960-х сёньня?”

(Ангельскі музыкант: ) “Гэты саўнд можа існаваць толькі ў Лівэрпулі. Таму што і “Бітлз” былі з гэтага гораду, і мы самі зь Лівэрпулю. Таму, відаць, у нас лепш за іншых атрымліваецца аднавіць гучаньне “Бітлз”. Мы нават ужываем такі спэцыфічны мясцовы акцэнт, які набліжае нас да “Бітлз”. І калі мы падарожнічаем па сьвеце, выступаем, дык імкнёмся данесьці да слухачоў менавіта гэты мэрсі-саўнд. І такога роду мы адзіны калектыў у Лівэрпулі, іншыя выконваць такую музыку толькі час ад часу. Гэта вельмі адчувальна, калі ў горадзе праходзіць традыцыйны бітлоўскі тыдзень”.

(Падбярэскі: ) “Безумоўна, фэстываль “Бітлз” форэвэр” спадабаўся. І ня толькі слухачам, але, што найбольш істотна, удзельнікам, якія высока ацанілі і ягоны ўзровень, і арганізацыю. Нездарма працяг канцэрту пад Лагойскам прайшоў у гасьцінным “Beatles-cafe”, дзе адбыўся сапраўдны міжнародны сэйшэн. А Віктар Маразевіч яшчэ раз зьвярнуў увагу на назву фэстывалю. Гэта значыць, што ён упэўнены ў ягонай пэрспэктыве і ўжо цяпер рыхтуецца да бітлоўскага фэсту ў траўні наступнага году”.
XS
SM
MD
LG