Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нягледзячы на брутальны разгон дэманстрацыі апазыцыя не губляе надзеі


Юры Дракахруст, Прага У мінулую суботу азэрбайджанская паліцыя жорстка разагнала ў Баку мітынг, арганізаваны апазіцыйным блёкам “Угур” (посьпех), паводле карэспандэнта нашага радыё некалькі сотняў чалавек атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасьці, каля 80 удзельнікаў акцыі арыштаваныя.

Хаця заяўка на правядзеньне мітынгу была пададзеная амаль за тры тыдні, бакінская мэрыя адмовіла апазіцыянерам гэтак жа, як рэгулярна адмаўляла апошнія 19 месяцаў.

Тым ня менш у суботу некалькі тысячаў прыхільнікаў апазыцыі рушылі на плошчу Джафара Джабарлы. Аднак яшчэ зранку цэнтар гораду быў заблякаваны паліцыяй. Спроба маніфэстантаў прарваць ачапленьне скончылася пабоішчам, пацярпела некалькі соцень чалавек, у тым ліку журналісты, дэпутаты парлямэнту, лідэры партыяў.

Паведамляецца, што асаблівую жорсткасьць у зьбіцьці дэманстрантаў праяўлялі невядомыя людзі ў цывільным. Паводле афіцыйных дадзеных было затрымана 45 чалавек, апазыцыя паведамляе пра 300 затрыманых.

Пра свае ўражаньні ад дзеяньняў праваахоўных органаў гаворыць пасол Нарвэгіі ў Азэрбайджане Стэйнар Гіл:

(Гіл: ) "Хацелася б, каб гэта было зусім інакш. Права сходаў зафіксавана ў Канстытуцыі, гэта ўнівэрсальнае права. Маглі б спакойна правесьці дэманстрацыю, мітынг, як ва ўсіх дэмакратычных краінах гэта адбываецца. Я на свае вочы бачыў гвалт, грубы гвалт, я б сказаў".

Удзельнікі акцыі пратэсту патрабавалі зьменаў у выбарчы кодэкс, якія б забясьпечылі правядзеньне ў краіны свабодных парлямэнцкіх выбараў. Яны пройдуць у Азэрбайджане ў лістападзе сёлета.

Апошні папярэдні масавы выступ апазыцыі адбыўся ў Баку ў кастрычніку 2003 году, на наступны дзень пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, якія прывялі да ўлады Ільхама Аліева – сына папярэдняга прэзыдэнта Гэйдара Аліева. Тады апазыцыя абвінаваціла ўладу ў фальсыфікацыях, яе прыхільнікі выйшлі на вуліцу. Паліцыя жорстка разагнала той мітынг, дзясяткі людзей былі арыштаваныя і асуджаныя.

Акцыя ў азэрбайджанскай сталіцы ў мінулую суботу была прымеркаваная да ўрачыстага адкрыцьця нафтаправода Баку-Тбілісі-Джэйхан. Цырымонія адбудзецца ў гэтую сераду, у Баку прыедуць прадстаўнікі 30 краінаў, у тым ліку прэзыдэнты Грузіі, Турэччыны і Казахстану. Правядзеньне мітынгу напярэдадні гэтай цырымоніі павінна было прыцягнуць увагу ўсясьветнай грамадзкасьці да сытуацыі з дэмакратыяй у Азэрбайджане.

Забарону суботняга мітынгу і яго грубы разгон асудзілі АБСЭ, дзярждэпартамэнт Злучаных Штатаў і прадстаўнікі Рады Эўропы, сябрам якой Азэрбайджан зьяўляецца. Гаворыць Малкалм Брус, дакладчык Рады Эўропы ў пытаньні палітзьняволеных.

(Брус: ) "Цяжка ўявіць сабе, як Азэрбайджан можа правесьці свабодныя і справядлівыя выбары, калі людзі, якія спрабуюць выказацца супраць уладаў, увесь час арыштоўваюцца. Тое, чаго мы хочам, і Азэрбайджан дэкляраваў, што і ён гэтага хоча, стаўшы сябрам Рады Эўропы – гэта плюралізму, дэмакратыі і вяршэнства закону. Рада Эўропы хоча працаваць з Азэрбайджанам, каб гэта адбылося".

Самі апазыцыянэры не губляюць аптымізму, яны маюць намер правесьці наступную масавую акцыю 4 чэрвеня, у дзень адкрыцьця форуму “Нафта і газ Касьпія”, на які прыедуць шмат журналістаў і кіраўнікоў буйных нафтавых карпарацыяў.

Экспэрты адзначаюць, што суботні мітынг стаў першай пасьля прэзыдэнцкіх выбараў спробай апазыцыі нагадаць пра сябе, заявіць пра свой намер змагацца за посьпех на лістападаўскіх парлямэнцкіх выбарах. Менавіта такую назву “Посьпех” – па-цюрску “Угур” мае перадвыбарчы блёк, у які аб’ядналіся галоўныя апазыцыйныя партыі Азэрбайджану.
XS
SM
MD
LG