Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік польскага Сойму наведаў у Горадні Саюз палякаў Беларусі


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Горадню прыяжджаў кіраўнік камісіі польскага Сойму ў справах сувязяў з палякамі ў замежжы Раман Гертых. Паездка была неафіцыйнай. Ён наведаў Генэральнае консульства Польшчы і Саюз палякаў, а пры канцы дня ўсклаў кветкі да магілы польскай пісьменьніцы Элізы Ажэшкі на старых каталіцкіх могілках.

Раман Гертых таксама ўзначальвае адну з уплывовых партыяў — “Лігу польскіх сем’яў”. Разам зь ім у Горадню прыехалі яшчэ два дэпутаты Эўрапарлямэнту — Рагальскі і Вежыньскі. Спачатку яны наведалі польскае консульства, а каля 15 гадзінаў прыехалі ў Саюз палякаў. Прыблізна гадзіну адбывалася размова за зачыненымі дзьвярыма зь кіраўніцтвам Саюзу, на якой прысутнічаў генэральны консул Анджэй Крэнтоўскі.

Потым гасьцям з Польшчы паказалі відэазапіс фільму Беларускага тэлебачаньня “Хто замовіў Саюз палякаў”, накіраванага супраць новага кіраўніцтва арганізацыі і некаторых польскіх дыпляматаў. Цягам прагляду спадару Гертыху давалі тлумачэньні. Магчыма пасьля фільму ён вырашыў быць ляканічным з журналістамі, пагатоў на вуліцы яго чакалі таксама карэспандэнты Беларускага тэлебачаньня. Вось што ён сказаў адносна канфлікту беларускіх уладаў з Саюзам палякаў:

(Гертых: ) “Ёсьць толькі адно вырашэньне: міністэрства юстыцыі павінна чым хутчэй прызнаць вынікі дэмакратычнага зьезду, які адбыўся ў Саюзе палякаў Беларусі”.

Старшыня Саюзу палякаў Анжэліка Борыс таксама была сьціслай, сказаўшы толькі, што госьць прыяжджаў, каб падтрымаць Саюз палякаў.

Рэдактар часопіса Саюзу палякаў “Магазын Польскі” Андрэй Пачобут адносна візыту польскага палітыка дадаў наступнае:

(Пачобут: ) “Напачатку сустрэчы ён павіншаваў Анжэліку Борыс з тым, што яна перамагла на дэмакратычных выбарах на зьезьдзе, яшчэ раз падкрэсьліў, што ён, як старшыня камісіі па кантактах з палякамі, якія пражываюць па-за межамі Польшчы і што Польшча прызнае вынікі гэтага зьезду, лічыць іх сапраўднымі”.

Польская “Газэта выборча” сёньня паведаміла, што на супольным пасяджэньні двух камісіяў у польскім Сэйме адбылася дыскусія адносна таго, ці варта ў такі час польскаму палітыку наведваць Беларусь? Аднак Раман Гертых вырашыў на месцы выказаць падтрымку новаабранаму кіраўніцтву Саюзу палякаў, раней ён быў у нядрэнных адносінах з былым кіраўніком СПБ Тадэвушам Кручкоўскім.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG