Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргею Скрабцу прад’яўленае афіцыйнае абвінавачаньне


Ігар Карней, Менск Былы дэпутат палаты прадстаўнікоў перакананы, што такім чынам супраць яго распачаты палітычны працэс. Сёньня яму прад’яўленае афіцыйнае абвінавачаньне.

Былы кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Сяргей Скрабец абвінавачаны паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Гэта сёньня пацьвердзіў адвакат Сяргея Скрабца Міхаіл Хоміч.

(Хоміч: ) “Сёньня прад’явілі яму абвінавачаньне паводле шэрагу артыкулаў, якія зьвязаныя зь вядомымі падзеямі, якія яму прад’яўляюцца. Між тым, ён працягвае галадаваньне. Самаадчуваньне здавальняючае, але ў нашых плянах – хадайнічаньне аб мерах зьняволеньня…”

Сяргей Скрабец быў арыштаваны 15 траўня і цяпер працягвае галадоўку пратэсту ў сьледчым ізалятары ў Берасьці.

Паводле сьледзтва, прадпрымальнік і былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў быццам прапанаваў хабар беспрацоўнаму жыхару Берасьця, каб той паспрыяў у камэрцыйнай зьдзецы прадпрыемства Скрабца. Нядаўна гэтага берасьцейскага фігуранта ў справе асудзілі на значны тэрмін зьняволеньня, і адвакат Сяргея Скрабца Міхаіл Хоміч не выключае, што Скрабца паспрабуюць “далучыць” да чыстага крыміналу.

(Хоміч: ) "Фігурант у гэтай справе, нехта Грыб, як вядома, атрымаў 24 гады зьняволеньня. Абарона Сяргея Скрабаца гаворыць, што ў такім кантэксьце такая гісторыя ўвогуле па-за ўсялякімі межамі. Сяргей сам гэтаму дае адпаведную ацэнку, бо зараз пачнуць шукаць сувязь з гэтай справай, пад якую трапіў Сяргей Скрабец. Але сьледзтва пакуль цягнецца, яно ня скончанае. Як хутка можа скончыцца? Прынамсі, “цягнуць гуму” ніхто намеру ня мае".

Я пацікавіўся, ці пакінула сьледзтва ў сіле ўсе ранейшыя падазрэньні на адрас Сяргея Скрабца – перадусім, абвінавачаньне ў хабарніцтве?

(Хоміч: ) “Так, усё гэта фігуруе. Але ўвогуле ўсё гэта нашмат больш складана, чым на першы погляд. І Сяргей па-ранейшаму перакананы ў тым, што гэта акцыя палітычная…”
XS
SM
MD
LG