Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прайшла акцыя супраць перайменаваньня праспэкта Машэрава (фота)


Галіна Абакунчык, Менск У Менску прайшоў “Ланцуг неабыякавых людзей” супраць перайменаваньня праспэктаў і вуліцаў сталіцы. Рашэньне аб правядзеньні шэрагу такіх акцыяў было прынятае на паседжаньні Сталай нарады дэмакратычных сілаў. Сёньня ланцуг пратэсту адбыўся на праспэкце Машэрава, які Аляксандр Лукашэнка загадаў перайменаваць у праспэкт Пераможцаў. Падрабязнасьці зь месца падзеі паведамляе наш карэспандэнт.

Некалькі дзесяткаў чалавек з партрэтамі Пятра Машэрава выстраіліся уздоўж праспэкту, які да нядаўняга часу насіў яго імя. У шэраг жывога ланцугу сталі лідэры й прадстаўніку палітычных партыяў, якія праводзілі акцыю. Аднак пераважнай бальшынёй пратэстоўцаў былі людзі сталага веку, некаторыя зь якіх адмыслова прыехалі з рэгіёнаў. Сярод іншых пэнсіянэрка Лета Юстыновіч.

(Юстыновіч: ) “На праспэкце Машэрава стаім з партрэтамі – я, да прыкладу, прыехала зь мястэчка на адзін дзень. Там людзі ўсе абураныя, але ўсе сядзяць і ціхенька маўчаць. Шаноўнае спадарства! Давайце пакінем страх! Ня трэба баяцца! Я ўзгадваю заклік пакойнага Яна Паўла ІІ – сьветлая яму памяць. Ён казаў – ня бойцеся! І гэта, як нікога, тычыцца нашай краіны”.

Падтрымаць сваіх старэйшых сяброў у справе абароны памяці Пятра Машэрава прыйшлі таксама актывісты моладзевага палітычнага руху, якія найбольш ахвотна падтрымліваюць заклік “не баяцца”. Сярод іншых Франак Вячорка, якога ўжо затрымлівалі падчас аналягічнай акцыі пратэсту.

(Франак Вячорка: ) “Наадварот гэтыя затрыманьні ствараюць жаданьне й імпэт арыгінальнічаць, творча распрацоўваць ідэі. Мы будзем працягваць акцыі”.

Тэхнічным арганізатарам “Ланцуга неабыякавых людзей” супраць перайменаваньня праспэкту Машэрава выступіла Партыя камуністаў Беларуская. Пра мэту й вынік акцыі гаворыць адзін зь лідэраў партыі Валеры Ўхналёў.

(Ухналёў: ) “Прэзыдэнт разумее, што ён не аўтарытэт для большасьці народу, а таму стараецца адсунуць на ўзбочыну такія аўтарытэтныя імёны, як Скарына й Машэраў. І сёньняшняя акцыя паказала, што гэта непрыймальна для ўсіх слаёў насельніцтва. І гэтая акцыя – пачатак таго шляху, каб справядлівасьць узяла верх”.

За хадою акцыю “Ланцуг неабыякавых людзей” на праспэкце Машэрава назіралі міліцыянты і супрацоўнікі спэцслужбаў у цывільным. Акцыя доўжыўся каля гадзіны й завяршылася без затрыманьняў.

Ланцуг быў арганізаваны Сталай нарадай дэмакратычных сілаў супраць перайменаваньня вуліцаў і праспэктаў сталіцы. Заўтра аналягічная акцыя мае адбыцца на праспэкце Францішка Скарыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG