Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што цячэ ў жылах чалавека – кроў ці кактэйль са шкодных хімікаліяў?


Сяргей Абламейка, Прага (Эфір 13 траўня 2005). На чарзе мэдычная перадача “Жывеце доўга. Новае ў сучаснай мэдыцыне”. Тэма сёньняшняга выпуску “Што цячэ ў жылах чалавека – кроў ці кактэйль са шкодных хімікаліяў?”.

Большасьць людзей не падазрае, што іх целы максымальна забруджаныя шкоднымі хімікаліямі. Мы атрымваем іх ад штодзённага кантакту са штучнымі вырабамі – патэльнямі з пакрыцьцём супраць прыгараньня, штучнымі дыванамі і іншымі тэкстыльнымі вырабамі, мэбляй, цацкамі, мыйнымі сродкамі і нават кампутарамі, – піша газэта "The International Herald Tribune".

З пэўнай доляй верагоднасьці можна сказаць, што ў той самы момант, калі вы ідзяце на працу або адпачываеце з сям’ёй за горадам, па вашых жылах замест крыві цячэ кактэйль са шкодных хімікаліяў.

Падчас іх вырабу і выкарыстаньня хімікаліі трапляюць ў навакольнае асяродзьдзе, падарожнічаюць на вялікія адлегласьці па вадзе і паветры, трапляюць у вечныя льды і засвойваюцца людзьмі і дзікімі жывёламі праз скуру, а таксама праз ваду і ежу.

Аўтахтонныя жыхары Арктыкі, якія жывуць за тысячы кілямэтраў ад большасьці буйных хімічных прадпрыемстваў і прамысловых гігантаў, паводле апошніх дасьледаваньняў, зьяўляюцца аднымі з найбольш забруджаных хімікаліямі людзей на зямлі. Шкодныя хімічныя рэчывы заносяцца ў Арктыку ветрам і марскімі патокамі, якія прыносяць на поўнач адкіды з Эўропы і Паўночнай Амэрыкі. Нават белыя мядзьведзі, як паведамляецца, маюць у крыві вельмі высокія ўзроўні многахляраваных біфэнілаў, дыяксынаў і пэстыцыдаў.

Аднак чалавеку зусім не абавязкова жыць на Паўночным полюсе, каб хутка назапашваць у арганізьме шкодныя хімікаліі. Нядаўна супрацоўнікі Міжнароднага фонду абароны дзікіх жывёлаў праверылі сотні грамадзянаў з краінаў Эўропы, уключаючы міністраў навакольнага асяродзьдзя зь Вялікай Брытаніі, Швэцыі і Гішпаніі, а таксама членаў італьянскага парлямэнту і вядомых асобаў Польшчы, на прадмет прысутнасьці ў іх целах шкодных рэчываў. Вынікі дасьледаваньня аказаліся несуцяшальныя.

Навукоўцы атрымалі сьведчаньні, што шырока распаўсюджаныя ў нашым паўсядзённым жыцьці хімікаліі могуць сур’ёзна зьмяніць сэксуальнае і нэўралягічнае разьвіцьцё чалавека, шкодзяць рэпрадукцыйнай функцыі і рэзка зьніжаюць імунітэт чалавека.

Пры гэтым ёсьць вельмі простыя спосабы зьменшыць паступленьне шкодных хімімчных рэчываў у наш арганізм. Дастаткова не купляць штучныя дываны, незгаральны тэкстыль, штучныя асьвяжальнікі паветра, кансэрваваныя харчы, мыйныя сродкі з рэзкім пахам для посуду і падлогаў, а таксама пральныя парашкі і плястыкавыя бутэлькі для немаўлятаў.

Але ёсьць адно немалаважнае пытаньне – дзе інфармацыя, якая б дапамагла нам самім прымаць рашэньні? Калі б быў выбар, большасьць людзей не згадзіліся б на кантакт са штучнымі хімімкаліямі, якія трапляюць у іх целы. Але, як спажыўцы, мы сёньня маем невялікі выбар – кантактаваць нам ці не кантактаваць з кампутарамі, мэбляй і іншымі вырабамі, што ўтрымваюць у сабе шкодныя рэчывы.

Многія кампаніі-вытворцы ведаюць значна болей, чым яны паказваюць у суправаджальных надпісах на сваіх таварах. На думку эколягаў, такая інфармацыя павінна быць абнародаваная. Як раней ўдалося прымусіць вытворцаў цыгарэтаў рэклямаваць патэнцыйную іх шкоду для здароўя, гэтаксама і цяпер трэба дамагацца ад хімімчных канцэрнаў і гандляроў пісаць пра патэнцыйную шкоду іх вырабаў для здароўя на саміх гэтых вырабах.

Эколягі сьцьвярджаюць, што адкрыты дыялёг вытворцаў і спажыўцоў прынес бы карысьць прамысловасьці, адкрыў бы новыя рынкі для больш бясьпечных прадуктаў і зрабіў бы больш лёгкім увядзеньне на рынак бясьпечных хімікаліяў. Але самае галоўнае – гэта ўратавала б здароўе мільёнаў людзей, спрыяла б падаўжэньню сярэдняй працягласьці жыцьця і павялічыла б давер у грамадзтве.

***

Гаворыць Радыё Свабода. Вы слухаеце перадачу “Жывеце доўга. Новае ў сучаснай мэдыцыне”. На чарзе парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge.

1.

Рак тоўстага кішэчніка – адна з самых распаўсюджаных формаў рака ў разьвітых краінах. Але апошнія дасьледаваньні паказваюць, што гэтая хвароба значна радзей сустракаецца ў людзей, якія часта езьдзяць на ровары або ходзяць на працу пешкі. Калі вы ня можаце знайсьці дадатковы час, каб хадзіць на працу пехатой, дык зрабеце невялікі шпацыр падчас перапынку на абед. RealAge нагадвае, што рэгулярныя фізычныя нагрузкі могуць зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 9 гадоў маладезйшым.

2.

Цёмны шакаляд можа дапамагчы зьнізіць крывяны ціск і палепшыць адчувальнасьць да інсуліну. Да такое высновы прыйшлі аўтары нядаўняга буйнога дасьледаваньня. Навукоўцы думаюць, што крыніца добрага здароўя – флаванолы, якія ўтрымваюцца ў цёмным шакалядзе. Флаванолы расслабляюць крывяносныя судзіны і стымулююць паглынаньне глюкозы. Але не забудзьцеся, што шакаляд трэба есьці запаволена і невялікімі порцыямі, бо ён усё ж зьяўляецца тлустым і багатым на калёрыі прадуктам. Атрыманьне зь ежай і харчовымі дадаткамі правільнае колькасьці антыаксыдантаў можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўрост на 6 гадоў маладзейшым.

3.

Шукайце сродкі барацьбы супраць запаленчых працэсаў у арганізьме. Лекары добра ведаюць, што хранічныя запаленьні тканак могуць адыгрываць ролю ва ўзьнікненьні дыябэту і хваробаў сэрца. Нядаўна чарговае вялікае дасьледаваньне паказала, што тлустая кіслата Амэга 3, якая ўтрымваецца ў рыбіным тлушчы, здольная рэальна зьніжаць запаленьне тканак арганізму. Старайцеся кожны тыдзень хаця б адзін раз уключыць у свой рацыён ласось або тунец. RealAge нагадвае, што разнастайная дыета зь перавагай ненасычаных рыбіных і расьлінных тлушчаў можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.
XS
SM
MD
LG