Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскае тэлебачаньне зьвяртае ўвагу на беларускія падзеі


Тацяна Поклад, Вільня Інфармацыйна-аналітычная штодзённая перадача на расейскай мове па першай праграме Літоўскага нацыянальнага радыё апошнімі тыднямі часта зьвяртаецца да беларускіх тэмаў. Гэтыя перадачы, як сьведчыць пошта рэдакцыі Літоўскага радыё, слухаюць і ў Беларусі таксама.

Гэта інфармацыйна-аналітычная паўгадзінная перадача, якая гучыць у жывым эфіры і мае высокія рэйтынгі ў Літве. Інфармацыя зь Літвы і сьвету падаецца тут кампактна і збалянсавана – гучаць рэпартажы зь месца падзеяў, камэнтары экспэртаў, меркаваньні розных бакоў. Пасьля выпуску навінаў вядучы зь некалькімі суразмоўцамі абмяркоўвае актуальныя тэмы.

Некалькі разоў перадачы цалкам прысьвячаліся Беларусі, у іх давалі слова прадстаўнікам і Беларусі, і Літвы. Многія дзеячы беларускай апазыцыі ўдзельнічалі ў перадачах. Літоўскамоўныя мэдыі гэтаксама часта зьвяртаюцца да тэмаў суседняй Беларусі, – апошняй дыктатуры ў Эўропе, аднак перадачы на расейскай мове, як сьведчыць пошта, адметныя тым, што маюць аўдыторыю ня толькі ў Літве, але і ў Беларусі.

Днямі рэдакцыя Літоўскага радыё была асабліва ўражаная лістом ад слухача зь Віцебску, які абараняе беларускага дыктатара, крытыкуе беларускую апазыцыю, выказвае шкадаваньне па савецкіх часах і дадае пагрозы. Аўтар ліста – падлетак. Ірына Андрыянава, рэдактар перадачы на расейскай мове на Літоўскім радыё, кажа:

(Андрыянава: ) “Мяне больш за ўсё ўразіла тое, што – вось маладому чалавеку 15 гадоў, і – такая зацятасьць, жорсткасьць. Вось гэта падаецца вельмі сумным. Але чалавек падрабязна напісаў пра сябе, падпісаў імя, адрас. Такая вось зацястасьць – і адкрытасьць.”

Увогуле ліст ад слухача-падлетка на радыё прыйшоў упершыню. На дзьвюх старонках свайго ліста беларускі 15-гадовы слухач пераканана пераказвае цьверджаньні афіцыйнай беларускай прапаганды супраць эўрапейскай дэмакратыі і ўласнай апазыцыі, піша што спадзяецца на запуск спадарожніка і пабудову АЭС у Беларусі каб “скінуць на вас атамку” і дадае: “У любым выпадку, калі будзе вайна з Расеяй, вам немагчыма будзе пазьбегнуць разбурэньняў”.

Што да іншых водгукаў, то мясцовыя беларусы зь Літвы пераважна пакідаюць свае камэнтары ў інтэрнэце і звычайна не падаюць падрабязнасьці пра сябе, а рэакцыя на беларускія тэмы і ў Літве, вядома, самая розная – ёсьць і падзякі, і крытыка, і, часам, проста лаянка.

Рэдактар Літоўскага нацыянальнага радыё Ірына Андрыянава мае і досьвед апытаньняў на вуліцах Вільні на беларускія тэмы:

(Андрыянава: ) "Я некалькі разоў рабіла перадачы на тэмы Беларусі і апытвала на гэтыя тэмы людзей у Вільні, мінакоў на вуліцах. Шчыра кажучы, я была гатовая да пэўнай абыякавасьці адносна сытых жыхароў адносна сытай эўрапейскай Літвы да таго, што адбываецца ў суседняй Беларусі. Для мяне было прыемным адкрыцьцём, што людзі вельмі неабыякавыя да Беларусі. Асабліва літоўцы, якім болей за 30 і старэйшыя. 90 працэнтаў мінакоў на цэнтральных вуліцах Вільні непакояцца за Беларусь, нэгатыўна выказваюцца пра Лукашэнку, але выказваюцца пра яго пераважна карэктна, ніякага навешваньня цэтлікаў, – у адрозьніваньні ад некаторых журналістаў. Паводле сутнасьці выказанага, людзі ў Літве відавочна яму не сымпатызуюць. І я заўважыла ў ацэнках віленчукаў добрасуседзкія інтанацыі што да Беларусі. Каротка можна сказаць, што стаўленьне да Беларусі добрае, добразычлівае. І калі людзі гавораць пра нэгатыўнае ў Беларусі, тое, што яны лічаць нэгатыўным – адчувальна, што людзям балюча пра гэта гаварыць".
XS
SM
MD
LG