Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каляндар Свабоды – 22 і 23 траўня


RFE/RL Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 22 і 23 траўня.

Сьпярша – пра каляндар учорашняе нядзелі.

22 траўня ў Беларусі вялікае традыцыйнае сьвята – веснавы Мікола або Мікольшчына. Сьвяты Мікола ўшаноўваецца двойчы на год: увесну і ўзімку, 19 сьнежня. Што да веснавога, дык “Да Міколы няма дабра ніколі” – такую прыказку запісаў у пазамінулым стагодзьдзі Адам Кіркор. “Калі ніхто не дапаможа, дык апошняя надзея на Міколу” – гэта ўжо з запісаў іншага фальклярыста, Аляксандра Сержпутоўскага. Міколу любілі, таму большасьць цэркваў называлі ў ягоны гонар і на абразах у сялянскіх хатах Мікола сустракаецца часьцей за іншых сьвятых.

22 траўня 1859 году нарадзіўся Артур Конан-Дойль, які прыдумаў вядомага ўсім дэтэктыва Шэрлака Холмса. У нас яго часта памылкова лічаць ангельцам, хоць насамрэч ён шатляндзкі пісьменьнік.

22 траўня 1900 году пад Пухавічамі прыйшоў на сьвет Мікола Касьпяровіч, беларускі этнограф, мовазнаўца й дасьледчык літаратуры. Ён напісаў агулам больш за 230 навуковых працаў па розных тэмах, у тым ліку некалькі слоўнікаў беларускае мовы. Але большасьць ягоных твораў, што гэтак і засталіся ў рукапісах, была зьнішчаная пасьля ягонага арышту. Арыштавалі Міколу Касьпяровіча яшчэ ў 1930-м годзе, у першую хвалю сталінскіх рэпрэсіяў супраць дзеячоў беларускай культуры. Пасьля турмы ён мусіў жыць на выгнаньні ажно ў Навасібірску, дзе давялося яму выкладаць расейскую мову. Але й там яго не пакінулі ў спакоі. У 1937-м ён быў зноў арыштаваны і расстраляны.

Цяпер – сёньняшні каляндар.

Сёньня ў Беларусі ўшаноўваецца сьвяты апостал Сымон Зілот. “Сей пшаніцу на Зілота, яна будзе, як залота”. Сымон Зілот па плоці быў братам Хрыста і адным з 12-ці апосталаў. Гэта ў ягонай хаце Хрыстос зрабіў першы свой цуд – ператварыў ваду ў віно. А “зілот” – гэта Сымонава мянушка, і азначае яна – раўнівец. Маўляў, паверыўшы ў Месію, ён надта раўнівы быў да свае веры, распавядаючы пра Хрыста ў розных краінах. У Абхазіі Сымон Зілот прыняў пакутніцкую сьмерць на крыжы. Ён пахаваны каля Сухумі.

23 траўня 1871 году ў баі загінуў генэрал Парыскае Камуны Яраслаў Дамброўскі. Нарадзіўся ён ва Ўкраіне, а вучыўся ў Беларусі, скончыў кадэцкі корпус у Берасьці. Дамброўскі быў адным з найбольш радыкальных кіраўнікоў паўстаньня 1863 году, якія лічылі, што зямлю трэба перадаць сялянам бяз выкупу. Менавіта розныя погляды на зямлю ад самага пачатку паўстаньня падзялілі яго кіраўнікоў на «чырвоных», прыхільнікаў радыкальных зьменаў, і «белых», гатовых да кампрамісу з царызмам. Яраслаў Дамброўскі ачоліў урад “чырвоных” у Варшаве ў той час, як лідэрам “чырвоных” у Беларусі й Літве быў Кастусь Каліноўскі. Пасьля арышту расейцы адправілі Дамброўскага на катаргу, адкуль той уцёк у Эўропу. Там ён і быў абраны генэралам Парыскае камуны, ачоліўшы ўвесь збройны супраціў камунараў. Адважны камандзір загінуў са зброяй у руках.
XS
SM
MD
LG