Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У "краіне паэтаў" адныя выйграюць паездку ў Швэцыю, другія думаюць пра самагубства


Сьвятлана Курс, Менск 20-23 траўня ў Менску, Пінску й Горадні прайшлі Дні швэдзка-беларускай культуры, цягам якіх швэдзкія й беларускія літаратары езьдзілі па краіне ды чыталі свае творы паспалітым людзям. Зь імі езьдзіла й нашая карэспандэнтка.

Якой швэды ўбачылі нашую краіну? Напэўна, такой, якой яна ёсьць. Майгуль Аксэльсан, найбольш пасьпяховая пісьменьніца Швэцыі, чый раман “Красавіцкая вядзьмарка” перакладзены на 23 мовы, сказала падчас сустрэчы:

(Аксэльсан: ) “Мы бачым, як вы цяжка жывеце, але мы бачым і тое, што вы – сапраўдныя эўрапейцы”.

Беларуская аўдыторыя запляскала ў ладкі.

Апрача спадарыні Аксэльсан, аўтаркі чатырох сучасных раманаў, адзін зь якіх атрымаў прэмію Аўгуста, былі дзьве маладыя паэткі – Ганна Гальгрэн і Ені Цюнэдаль. Вечарыну зладзілі Швэдзкі інстытут, Сацыял-дэмакратычная партыя Швэцыі ды беларуская грамадзкая арганізацыя “Калегіюм”. Зь беларускіх творцаў езьдзілі Пятро Васючэнка, Глеб Лабадзенка ды выканаўца шансону Сьвятлана Бень.

Важнай часткай праграмы стаўся Кубак маладзёвай паэзіі, калі ганаровае журы судзіла вершы 34 юных паэтаў зь Пінска. Магчыма, я прысутнічала пры нараджэньні новай Яўгеніі Янішчыц. У дыптыху “Кава і булачка” юная Вольга Бондзіч параўнала вочы свайго каханага з двума кубкамі кавы, а сябе – з булачкай, якую яшчэ рана есьці. Спадарычна Бондзіч і выйграла галоўны прыз паэтычнага Кубка – паездку ў Швэцыю сёлета ўвосень.

(Бондзіч: ) “…У Вашым полымі гарэць і не згарэць, Хочацца паваражыць на кававай гушчы, Ды ў гэтым чыстым напоі яе няма. І Вашых бяздонных кубках я лёсу свайго ня бачу”.

"Дні беларуска-швэдзкай культуры, бадай, адзіная магчымасьць для маладых пінчукоў разьвіваць свае творчыя высілкі. Духовае жыцьцё ў беларускай правінцыі досыць беднае" – кажа сябра арганізацыі “Калегіюм”.

Паэт, аўтар дыску-зборніка “Мэлёдыя душы” Мікалай Ільючык адмыслова прыехаў у Пінск, каб паслухаць вершы. Спадар Ільючык зазначае, што пачаў пісаць вершы па натхненьні зь нябёсаў і ад цяжкага жыцьця.

(Ільючык: ) “Асноўная тэма – адносіны чалавека з Богам, нешта пра вечнасьць. Працую я выратавальнікам на пажарах. Жыву ў вёсцы. Але акрамя працы, патрэбна нешта для душы. А тут – нейкая нестабільнасьць, няма ўпэўненасьці ў заўтрашнім дні. Дзесяць год таму майго заробку ставала і на мяне, і на сям’ю. А цяпер толькі на палову месяца хапае. На навагоднія сьвяты, напрыклад, за два месяцы нешта адкладваем, каб купіць ласункі дзетачкам”.

Іншы паэта, Іван Буговіч, вучань Пінкавіцкай сярэдняй школы, дзе некалі выкладаў Колас, кажа: яго так засьмяялі ў школе, што хлапчук падумвае пра самагубства.

(Іван Буговіч: ) “Я пачаў пісаць вершы, калі ўбачыў пісьменьнікаў, што выступалі са сцэны на 120-годзьдзі Якуба Коласа й Янкі Купалы. Я захацеў таксама быць паэтам. Але зь мяне сьмяюцца, а адна настаўніца сказала, што мяне надрукуюць тады, калі памрэ апошні зубар у Белавежы. Яна ня верыць у мяне”.

Адна са швэдзкіх госьцяў сказала, што ўявіць такую настаўніцу ў Швэцыі немагчыма. А іншую зьдзівіла тое, як многа юнакі панапісвалі аднолькавых вершаў пра ІІ сусьветную вайну. Ёй растлумачылі беларускія калегі, што гэта таксама заслугі цяперашняй сыстэмы адукацыі ў сярэдняй школы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG