Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Чамусьці на Свабодзе агучваюцца меркаваньні і лукашэнкаўскіх паплечнікаў, якія лічаць, што іх прэзыдэнта абліваюць брудам"


RFE/RL Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў – 20 траўня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Спадар: ) “Добры вечар! Мяркую, што ня трэба баяцца Захаду, а трэба баяцца гэтага рэжыму, у якім мы жывем. Людзі запужаныя і неінфармаваныя. Вось калі геніяльнага дзіцёнка вырасьціць у лесе далёка ад людзей, ён будзе болей падобны на ваўка, чым на чалавека. Каб людзі зналі болей праўды, у Беларусі трэба мець даступнае дэмакратычнае тэлебачаньне, а бяз Захаду яго ня будзе. Неабходна, каб людзі болей зналі, што робіцца ў нас і ў сьвеце. А калі глядзіш нашае тэлебачаньне, дзе адна паказуха, у саўгасах і на прадпрыемствах думаюць, што яны апошнія на Беларусі, хто жыве дрэнна. І кажуць, што ў гэтым вінаваты дырэктар альбо старшыня. Каб яны ведалі, што начальнік падпарадкоўваецца Менску, а гэта і ёсьць Лукашэнка, які пойдзе на ўсё, каб не паехаць у госьці да свайго сябра Мілошавіча ў Гаагу. Таму ён нас і падпіхвае пад Расею, а яна яму за гэта дасьць недатыкальнасьць. А людзям ад гэтага лягчэй ня будзе”.

(Спадар: ) “Толькі што пабачыў Эўрабачаньне ва Ўкраіне. Канечне, жахлівы наш чарговы правал, нашай беларускай такой актыўнай каманды. І сьмех, і грэх. І падумалася, што сапраўды, напэўна, у Эўропе вырашылі, што для фіналу на Эўрабачаньні дастаткова і аднаго беларуса. У прыватнасьці спадарыня Падольская хоць і абараняе гонар Расеі, але ў дадзеным выпадку зьяўляецца нашым чалавекам”.

(Спадар: ) “Наконт гэтага шоў, што аглядала нашая цудоўная публіка на працягу апошніх дзён. Бачыце, як цікава адбылося зь беларусамі. З аднаго боку прадстаўніца нашай краіна ня трапіла, а вось другая прадстаўніца нашай краіны выступае за гонар чужой краіны. Такая тэндэнцыя існуе ня толькі ў нас, а і ў іншых краінах так званай свабоднай Эўропы, дзе прадстаўнікі іншага народу абараняюць інтарэсы чужой для сябе краіны. І тут узьнікае цікавая праблема, што сапраўды відавочнасьць, мэнтальнасьць і сьвядомасьць нацыянальная так званых дробных, яшчэ несамаадбыўшыхся народаў проста размываецца, а іхныя інтарэсы сапраўды маюць другараднае значэньне. І ў дадзеным выпадку – гэта адваротны бок мэдаля той самай славутай эўрапеізацыі і глябалізацыі, што ня можа ня выклікаць засмучэньня”.

“Чуў вашую праграму, прысьвечаную менавіта таму канфлікту, які адбываецца сёньня з Саюзам палякаў. Справа вельмі далікатная, але і заканамерная. Бо любая аўтарытарная дзяржава заўсёды шукае сабе так званых ворагаў і пачынае так званыя паляваньні на выдмаў. І на гэтую ролю хлопчыкамі для біцьця палякі падышлі выключна. Бо безумоўна расейцы такімі, як нацыянальная меншасьць, быць ня могуць, бо па словах нашага прэзыдэнта яны для яго яшчэ большыя беларусы, чым самі беларусы. Габрэяў зараз чапаць ніхто ня стане ў сувязі з той эўфарыяй, якая цяпер адбываецца з поваду 2-й сусьветнай вайны. А вось палякі як раз самая падыходзячая кандыдатура. Баюся, што наступнымі стануць украінцы, таму што відавочна, што адносіны з сучаснай палітычнай элітай Украіны ў беларускай сучаснай афіцыйная эліты складваюцца, мякка кажучы, праблематычна. Такія захады могуць адбывацца і ў адносінах да балтыйскіх меншасьцяў, што безумоўна ня будзе спрыяць нармальным адносінам нашай дзяржавы з суседзямі. Але з другога боку будзе падымаць ваяўнічы піяр самога сучаснага аўтарытарнага ладу нашай улады”.

“Дзіўна, што Лукашэнка не назваў адкрыты праспэкт Машэрава сваім імём. Бо, безумоўна, ён зайздросьціць славе гэтага чалавека. Хаця зрэшты праспэкт Пераможцаў і ёсьць помнік сабе любімаму, бо ён у нас самы галоўны пераможца, як вядома, над усім і над усімі. Толькі пераможца, на жаль, ён адзін хутчэй за ўсё над сваім сумленьнем і воляй сучаснага народу”.

“Наконт вашага апытаньня, ці давяраеце вы афіцыйна прапагандзе і ці пагражае хтосьці Беларусі. З пункту гледжаньня прафэсіянала тое, што яны робяць, то робяць яны гэта прафэсійна. Іншая справа – тое, што яны кажуць. Безумоўна, недахопы ёсьць у кожнага чалавека, у тым ліку і тых, каго яны паліваюць брудам. Але іншая справа, што яны з мухі робяць слана і такімі непрыстойнымі мэтамі, што сапраўды з большасьцю зь іх варта было судзіцца і садзіць у турмы гэтых рэжысэраў і актораў, якія агучваюць гэтую… Як бы гэта выразіцца, каб дурнога слова не сказаць. Але сама мэта, зь якой гэта робіцца, мае свае падставы. Бо Беларусь на сёньняшні дзень зьяўляецца краінай, якая мае шмат праблемаў, зьвязаных зь гісторыяй ХХ стагодзьдзя. Пра што добра ведае адміністрацыя прэзыдэнта, і на чым яна граматна спэкулюе”.

“Наконт вашага апытаньня. Безумоўна ўся гэтая рэч, зьвязаная з афіцыйнай прапагандай, у любога нармальнага беларуса нічога не выклікае акрамя раздражненьня. І давяраць падобнай інфармацыі вельмі цяжка і сумніўна.

У мяне ўзьнікае вось якое пытаньне: унутраны маральны стан гэтых людзей, якія робяць падобныя рэчы, іхная беспрынцыповасьць і маральная бездухоўнасьць. Цікава было б паразважаць на гэтую тэму. Як жа трэба было нарадзіцца і дзе вучыцца, каб пасьля вось так сябе паводзіць, рабіць падобныя рэчы, забываючы на духоўнасьць і на ўсё лепшае, што ёсьць у нашым народзе”.

(Спадар: ) “Зьвяртаюся да тэмы перайменаваньняў праспэкта Машэрава ў праспэкт Пераможцаў, а праспэкт Скарыны у праспэкт Незалежнасьці. Лепей было б назваць праспэктам Лукашэнкі. І кожны раз, калі яго картэж вяртаецца ў Дразды даваць салют у гонар галоўнага пераможцы, зьбіраць народ, каб ён крычаў: “Слава нашаму галоўнаму пераможцу!”

У нумары “Народнай Волі” фотаздымак, на якім шыльда з імём Францыска Скарыны ў сьметніцы. Лічу, што гэта плявок у твар усяму беларускаму народу і ўсім беларусам, якія жывуць за мяжой. У якім жа мы дзярме жывем! Гэта проста жах! Я не хачу пакрыўдзіць увесь наш народ, але ж гэта так. Як выбрацца з гэтага дзярма многія ня ведаюць. Рэфэрэндум улады не дазволяць правесьці. Трэба ўжо цяпер зьбіраць подпісы. Тыраж “Народнай Волі” 29 тысяч, але ж гэта мізэр.

Апамятайцеся, людзі! Па БТ толькі і далдычаць, што мы ў масьле купаемся, а атрымліваецца наадварот. “Жить стало легче, жить стало веселей, шея стала тоньше, но зато длинней”. І гэта ў большасьць нашага насельніцтва. Так што выбар за вамі. Зрабіце яго правільна!”

(Спадар: ) “Маё меркаваньне наконт пагрозы з боку заходніх краін для Беларусі. Такой пагрозы для Беларусі няма і быць ня можа! Калі і ёсьць нейкая пагроза з боку Захаду, дык толькі пагроза таталітарнаму рэжыму Лукашэнкі. Але ж гэта добра для Беларусі.

Жыве Беларусь!”

(Канаховіч, Пружаны: ) “Тыя, хто сьцьвярджае, што пагроза для Беларусі, маўляў, сыходзіць з Захаду – гэта палітычныя дэбілы альбо сьмярдзючыя правакатары. Гэта яшчэ мякка сказана. Калі патрэбна складанае лячэньне, дык бягуць на Захад, калі патрэбна адпаведная адукацыя – бягуць на Захад. А хіба можна палічыць колькасьць аздароўленных беларускіх дзетак на Захадзе? На даляры натаўскіх генэралаў пабудаваны ў Гомелі цэнтар пераліваньня крыві. Такую бескарысную дапамогу з Захаду для Беларусі можна пералічваць бясконца.

Сапраўдная лютая пагроза для Беларусі ідзе з боку Расеі. Фактычна Беларусь зьяўляецца на сёньняшні дзень расейскай калёніяй. А пасьля верагоднага ўвядзеньня расейскага рубля Беларусь як дзяржава напэўна зьнікне з мапы сьвету. Адсутнасьць мяжы з Расеяй – гэта трагедыя для Беларусі. Таму што штогод на Беларусь прыяжджаюць сотні тысяч прыблуд, якія прывозяць з сабой наркотыкі, страшныя хваробы і г.д.

Захад – гэта нашае выратаваньне. А крымінальная шавіністычная з імпэрскімі амбіцыямі Расея – гэта наша згуба. Расея – наш сусед, зь якім можна нават гандляваць, а сябры – краіны Захаду. Гэта аксіёма, пацьверджаная часам”.

(Рыгор: ) “Радыё Свабода на працягу дзьвюх хвілін дае магчымасьць слухачам выказаць сваё меркаваньне, якое потым агучваецца ў эфіры. Дрэнна толькі тое, што значная частка гэтых выказваньняў уразаецца. Але ж чамусьці агучваюцца меркаваньні і лукашэнкаўскіх паплечнікаў, якія лічаць, што іх прэзыдэнта абліваюць брудам.

Скажыце мне, абаронцы так званага народнага прэзыдэнта, у якім з лукашэнкаўскіх, а дакладней, дзяржаўных сродках масавай інфармацыі чалавек можа выказаць меркаваньне супрацьлеглае таму, якое навязваецца слухачам “лапшуністамі”, якія ня маюць ні гонару, ні сумленьня, ні павагі да людзей, на шыі якіх яны сядзяць? Для мяне гэта, карыстаюся лукашэнкаўскай тэрміналёгіяй, “истинные отморозки”, якіх можна толькі параўнаць з пад’езнымі ціхарамі, якія гадзяць ў пад’ездах, якія маюць толькі адзін клопат – як зрабіць усё магчымае, каб ператварыць грамадзкае ў сьвінячае, абгаджанае сваімі ўчынкамі.

Натуральна, што ўсе халуі дыктатуры добра атрымліваюць за сваю стараннасьць. Дастаткова сказаць, што іх заробкі і ў будучая пэнсія ў 3-4 разы большая, чым у простага працоўнага народа. Паўнамоцтвы Лукашэнкі як народнага прэзыдэнта скончыліся яшчэ ў 1999 годзе. А потым былі ня выбары, а стоадсоткавая фальсыфікацыя выбараў з падтрымкай Расеі. Расейцы, напрыклад Рушайла, гледзячы на чорнае, усіх упэўнівалі, што гэта белае.

Рухне гэты дыктатарскі рэжым! І лёс яго будзе ня лепшы за лёс румынскага дыктатара!”

(Спадар: ) “На пытаньне тыдня, ці пагражае Беларусі Захад, адкажу станоўча. Так, пагражае. Захад фінансуе такіх беларускіх рэвалюцыянэраў як Лябедзька, Шушкевіч і іншыя. Захавай і памілуй нашу Беларусь ад такіх кіраўнікоў!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG