Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ваша так званая “свабода” беларусам не патрэбна: іх палітыка не цікавіць”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Якую цану гатовае заплаціць беларускае грамадзтва за сваю свабоду? Ці магчыма дасягнуць дабрабыту і стабільнасьці ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму? Чаму правы чалавека ў сучасным сьвеце ня лічацца толькі ўнутранымі справамі асобных краінаў? Гэта пытаньні, на якія спрабуюць адказаць слухачы “Свабоды”, лісты якіх я выбраў для сёньняшняй размовы.

Пачну з развагаў, якія даслаў нам Вікенці Шаўцоў зь Менску. Слухач піша:

“Не магу зразумець, чаму вы так ня любіце Лукашэнку. Ён жа ў амэрыканскія справы ня ўмешваецца. Не патрабуе, каб вы не парушалі правоў нэграў ды індзейцаў. Ня лезьце і вы ў нашы ўнутраныя справы. Хіба ў Амэрыкі ды Эўропы мала сваіх праблемаў? Беспрацоўе, жабрацтва, поўна бяздомных. А ў Беларусі кожны, хто хоча працаваць, мае свой кавалак хлеба. А ваша так званая “свабода” нам ня надта і патрэбна. Жылі безь яе гэтулькі гадоў — пражывём і далей. Для чалавека галоўнае — каб быў дах над галавой, каб было чым карміць дзяцей, каб спакойна мог хадзіць па сваіх вуліцах.

А тое, што ў нас па тэлевізары не дазволена гаварыць пра ўладу тое, што захочуць розныя пазьнякі ды лябедзькі — дык мы і бяз гэтага абыдземся. Калі ўжо каму дужа захочацца іх паслухаць, можа ўключыць вашу “Свабоду”. Я і сам часам так раблю, каб ведаць, што думаюць ворагі. Важна тое, што ў нас ёсьць парадак і цьвёрдая ўлада. Бяз гэтага ня будзе ні разьвітай эканомікі, ні высокіх заробкаў. А нашых людзей цікавіць толькі гэта: палітыка ім абыякавая”.

А ці можаце вы, спадар Шаўцоў, назваць прыклады, калі б пры жорсткай аўтарытарнай уладзе насельніцтва жыло заможна і шчасьліва, каб гэта краіна квітнела і была прывабным прыкладам для іншых? Давайце зьвернемся да статыстыкі. Вось сьпіс краінаў, падрыхтаваны ААН, дзе ў апошнія гады быў самы высокі валавы нацыянальны прадукт у разьліку на душу насельніцтва. Адкрывае пералік Швайцарыя: там гэты паказьнік складае больш як 36 тысяч даляраў за год. Далей — Люксэмбург, Японія, Швэцыя, Данія, Нарвэгія, Ісьляндыя, Злучаныя Штаты, Нямеччына і Фінляндыя (у апошняй памер гадавога нацыянальнага прадукту каля 23 тысяч даляраў на чалавека). Заўважце, усе гэтыя краіны дэмакратычныя, са свабоднай прэсай, з гарантыямі правоў чалавека, незалежным судом, падзелам уладаў і справядлівымі выбарамі.

А дзе ў сьпісе дзяржавы, якімі ўжо шмат гадоў кіруюць дыктатары ці аўтарытарныя лідэры і рэжымы? Які плён ад іх, так бы мовіць, “парадку” ды “цьвёрдай улады”? Шукаем: Туркмэнія — 93 месца; Паўночная Карэя — 97-е; Куба — 106-е; Віетнам — 148-е (у апошнім гадавы нацыянальны прадукт каля 500 даляраў на чалавека).

Чаму Злучаныя Штаты і Эўрапейскі Зьвяз надаюць такую значную ўвагу сытуацыі з правамі чалавека ў іншых краінах, у тым ліку і Беларусі? А якога суседа, спадар Шаўцоў, хацелі б мець вы: заможнага, прыязнага і прадказальнага, які жыве паводле тых жа правілаў, што і вы? Ці беднага, зайздросьлівага і агрэсіўнага, які ня хоча прызнаваць вашых правілаў і бачыць наўкол толькі ворагаў і нядобразычліўцаў?

Наступны ліст даслаў нам Сямён Касьцянец з Салігорскага раёну. Ён піша:

“Падзеі ва Ўзбэкістане паказалі, што “каляровыя” рэвалюцыі могуць адбыцца ня ўсюды, дзе ўсталяваліся аўтарытарныя рэжымы. У Тбілісі, Кіеве і Бішкеку рэвалюцыі перамаглі таму, што Шэварднадзэ, Кучма і Акаеў не ўзялі грэху на душу — не аддалі загаду страляць у людзей, якія сабраліся на мітынгі. Таму там і зьмянілася ўлада. Народныя пратэсты ўрэшце пашырыліся да такіх маштабаў, што ўладзе трэба было выбіраць: альбо страляць у натоўп, альбо сыходзіць.

Іслам Карымаў перад кровапраліцьцем не спыніўся. Таму і захаваў уладу. Адначасова ён паказаў іншым дыктатарам, што, калі не спыняцца ні перад чым, то можна колькі заўгодна заставацца валадаром. І я ўпэўнены, што многія яго прыклад выкарыстаюць. Беларусаў гэта датычыць у першую чаргу. Настае момант, калі хадзіць на мітынгі ў Менску небясьпечна ня толькі таму, што можна атрымаць дубінкай па галаве, але і таму, што існуе небясьпека з гэтага мітынгу ўвогуле не вярнуцца. Так што на народную рэвалюцыю ў Беларусі надзея слабая”.

Параўнаньне падзеяў, якія адбываліся ва ўзбэцкім Андыжане, з каляровымі рэвалюцыямі ў Кіеве, Тбілісі і нават Бішкеку не зусім карэктнае, спадар Касьцянец. У Андыжане ўсё пачалося ня зь мірных пратэстаў і не з народнага абурэньня вынікамі выбараў. Гісторыя з узброеным нападам на турму, вызваленьнем вязьняў і захопам мясцовай адміністрацыі ўвогуле даволі цьмяная. Асабліва калі ўлічыць, што зь першых дзён канфлікту Андыжан быў фактычна закрыты для журналістаў на загад узбэцкіх уладаў.

Ці можна лічыць, што прэзыдэнт Карымаў цаной вялікіх чалавечых ахвяраў вырашыў усе праблемы з захаваньнем сваёй аднаасобнай улады ў краіне? Многія палітыкі і экспэрты, якія сочаць за сытуацыяй у постсавецкай Сярэдняй Азіі, лічаць, што праблемы ў Іслама Карымава, як і ў аўтарытарных кіраўнікоў іншых сярэднеазіяцкіх краінаў, толькі пачынаюцца. А тое, што аўтарытарныя рэжымы спрабуюць на няпэўны тэрмін захаваць сваё панаваньне, выкарыстоўваючы запалохваньні і жорсткі разгон любых дэманстрацыяў, было вядома задоўга да Іслама Карымава. Беларусы сутыкаюцца з гэтым ужо на працягу дзесяці год.

У аглядзе пошты “Свабоды” 4 красавіка прагучаў фрагмэнт ліста Міколы Віцязя зь Белаазёрску Бярозаўскага раёну. Слухач даслаў вершаваны твор пра Зянона Пазьняка, якога лічыць нацыянальным героем і геніяльным палітыкам, а таксама дакараў “Свабоду” за тое, што дае слова апанэнтам спадара Пазьняка. У лісьце фігуравала, у прыватнасьці, імя Аляксандра Фядуты — палітоляга і журналіста, які ў 1994 годзе быў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі, некаторы час узначальваў управу адміністрацыі прэзыдэнта, але на пачатку 1995 году добраахвотна сышоў у адстаўку.

У перадачы 24 красавіка прагучаў адказ Аляксандра Фядуты, які выклаў уласныя погляды на асобу Зянона Пазьняка, разважаў пра ўласныя памылкі ды ілюзіі, а таксама пісаў пра тое, што за памылкі павінна пакаяцца і апазыцыя, якая, цытую Аляксандра Фядуту “ледзь не на сваіх плячах унесла Лукашэнку на вяршыню ўлады. І ступень яе адказнасьці прынамсі роўная маёй”.

Мікола Віцязь зь Белаазёрску вырашыў працягнуць гэтую завочную размову. У сваім новым лісьце на “Свабоду” ён піша:

“У маіх вачах Аляксандар Фядута вырас як мужная асоба, гатовая несьці адказнасьць за свае ўчынкі і словы, якая прызнае свае памылкі. У мяне недавер да яго зьмяніўся павагай. Шкада толькі, што ён лічыць Зянона Пазьняка аўтарытарным палітыкам. Няўжо ён ня ведае, што Пазьняк і фракцыя БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня змагаліся супраць увядзеньня прэзыдэнцтва на Беларусі, выказваючы апасеньне, што яно можа прывесьці да дыктатуры? (Што ўрэшце і здарылася.) Прынцыповасьць у некаторых рэчах і бескампраміснасьць да рэжыму Лукашэнкі пасьля зьбіцьця дэпутатаў у момант галадоўкі нельга лічыць аўтарытарызмам.

Уся наша апазыцыя (за выключэньнем Пазьняка) прызнала дзяржаўны пераварот, ажыцьцёўлены Лукашэнкам, пайшла зь ім на кампраміс, удзельнічала ў выбарах у створаную ім кішэнную Палату прадстаўнікоў. І ўсім вядома, чаго дамаглася. Ці ж з палітыкам, апантаным уладай, выпадае ісьці на аднабаковы кампраміс? А байкот, які прапаноўваў Зянон Пазьняк, дазволіў бы апазыцыі прынамсі захаваць твар. Неразумныя кампрамісы і адсутнасьць прынцыповасьці і прыводзяць да такіх кепскіх вынікаў”.

Нагадаю вам, спадар Віцязь, тыя радкі зь ліста Аляксандра Фядуты, якія выклікалі пярэчаньні з вашага боку. Адзначыўшы заслугі Пазьняка, як гістарычнага дзеяча, які адным зь першых сказаў праўду аб Курапатах, Чарнобылі і становішчы беларускай культуры, ён пісаў:

“Але існуе і Зянон Пазьняк — аўтарытарны палітык, для якога любое іншадумства — прыкмета варожасьці ды антыбеларускасьці”.

Размова, відавочна, ня толькі пра тыя некалькі канкрэтных сытуацыяў і прыватных выпадкаў, пра якія вы, спадар Віцязь, згадваеце ў сваім лісьце. Праблема тут больш шырокая: стыль дзейнасьці палітычнага дзеяча, яго стаўленьне да супярэчнасьцяў сярод аднадумцаў і саюзьнікаў, ягонае ўменьне шукаць і знаходзіць кампрамісы, безь якіх плённай палітычнай дзейнасьці ўвогуле не бывае. Вядома, можна заставацца бескампрамісным, незгінальным і нязломным. Але ці застануцца тады ўвогуле шанцы на заваяваньне палітычнай улады? А калі палітык такой мэты перад сабой ня ставіць, то ці можа ён называцца палітыкам?

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Сафія Табола зь вёскі Заазерцы Шаркоўшчынскага раёну, Ільля Копыл зь Менску і Вольга Маскалёва з Воршы. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG