Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хто адказны за пагаршэньне беларуска-польскіх дачыненьняў?


Альгерд Невяроўскі, Менск Апошнім часам беларуска-польскія ўзаемадачыненьні значна пагоршыліся. Умяшальніцтва беларускіх уладаў у справы Саюзу палякаў, высылка зь Беларусі польскага дыплямата, магчымая забарона на ўезд у Польшчу шэрагу беларускіх чыноўнікаў — гэта толькі некаторыя моманты абвастрэньня супярэчнасьцяў. Хто нясе за гэта адказнасьць? Што на гэты конт думаюць жыхары Менску?

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, а хто, на вашую думку, нясе адказнасьць за пагаршэньне беларуска-польскіх адносінаў?”

(Пэнсіянэр: ) “Польскія ўлады. Я нарадзіўся ў Польшчы ў 1933 годзе. І вось цяпер яны самі пагаршаюць адносіны. А паводзіны нашай улады — бездакорныя”.

(Дзяўчына: ) “Я думаю, што адказнасьць нясуць два бакі. Ня можа быць вінаватым адзін бок. Я думаю, што большая віна беларускіх уладаў, чым польскіх”.

(Спадар: ) “Ведаеце, палякі — гэта ня самая дрэнная нацыянальная меншасьць у Беларусі. Гэта адна з самых прагрэсіўных нацыянальных меншасьцяў. Я лічу аднолькава палякаў і беларусаў-каталікоў. Я сам беларус-каталік з Заходняй Беларусі. І маці ў мяне з Валынскай вобласьці. Я вельмі балюча ўспрымаю гэтыя праблемы. У 1920—1930 гады было такое меркаваньне аб польскай экспансіі. Не заўсёды таксама польскі бок правакуюць на дзеяньні”.

(Карэспандэнт: ) “А вось у цяперашняй сытуацыі?”

(Спадар: ) “Напэўна ж, ня польскі бок”.

(Пэнсіянэр: ) “Лукашэнка вінаваты ва ўсім, вось зь яго трэба і пытаць”.

(Спадарыня: ) “Вінаваты ў гэтым урад”.

(Дзяўчына: ) “Думаю, тыя людзі, якія ў нашай краіне займаюцца палітыкай”.

(Спадар: ) “У большай ступені беларускі бок нясе адказнасьць. Але і польскі бок нясе адказнасьць. Цяжка адказаць на гэтае пытаньне. Шмат супярэчнасьцяў было цягам усёй гісторыі. Цяжка знайсьці сярэдзіну ў гэтых супярэчнасьцях”.

(Спадар: ) “Нашая ўлада. Калі яны такое зрабілі, вось цяпер няхай расхлёбваюць”.

(Дзяўчына: ) “Я думаю, урад. Тыя, хто займаецца ў нашай краіне замежнапалітычнай дзейнасьцю”.

(Спадар: ) “Я лічу, што Польшча. Таму, што Польшча тут выступае як марыянэтка Амэрыкі. Кіраўнікам Саюзу палякаў забаранілі ўезд у Польшчу. Відаць, лічаць, што яны разам зь беларускімі ўладамі. Польскі дыплямат відавочна ўмешваўся ў справы зьезду. Але справа ня ў зьезьдзе. Проста ў Польшчы такая ўстаноўка: ім трэба псаваць адносіны. Як, дарэчы, і Ўкраіне”.
XS
SM
MD
LG