Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сяргей Скрабец застаецца пад вартай, органы абвяргаюць інфармацыю пра галадоўку


Алег Супрунюк, Берасьце Пайшоў другі тыдзень, як у Берасьці ўтрымліваюць за кратамі былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Скрабца. Кіраўніцтва мясцовых праваахоўных органаў абвяргае інфармацыю пра ягоную галадоўку.

Начальнік упраўленьня выкананьня пакараньняў у Берасьцейскай вобласьці Сяргей Багдановіч сёньня не пацьвердзіў зьвесткі пра тое, што Сяргей Скрабец трымае галадоўку. Спадар Багдановіч кажа, што ніякіх заяваў на гэты конт ад Сяргея Скрабца не паступала.

(Багдановіч: ) “Жонка прыносіць перадачу, хтосьці яшчэ прыносіць перадачу, нейкія суседзі прыносяць перадачу. Напрыклад, шакаляд ці яшчэ нешта. Усё гэта прымаецца, ён харчуецца. Больш ніякай інфармацыі мы даваць ня будзем”.

Прэсавая служба абласнога ўпраўленьня ўнутраных справаў таксама не камэнтуе акалічнасьцяў утрыманьня пад вартай Сяргея Скрабца. Немагчыма атрымаць і іншыя падрабязнасьці пра тое, што адбываецца ў сьледчым ізалятары.

Паводле юрыста Ўладзімера Малея, падобныя зьвесткі трымалі ў сакрэце і раней. Спадар Малей згадвае, як некалькі гадоў таму сябры праваабарончай арганізацыі “Вясна” спрабавалі атрымаць дазвол, каб наведаць Берасьцейскі сьледчы ізалятар і даведацца пра ўмовы ўтрыманьня ў гэтай установе:

(Малей: ) “Мы пісалі на імя начальніка дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Рэспублікі Беларусь. Нам прыйшоў адказ, што гэта вам ня цырк, а ўстанова. Мы пісалі скаргу міністру ўнутраных справаў. У скарзе нам адмовілі і не дапусьцілі”.

Сяргея Скрабца, які ёсьць актывістам беларускай апазыцыі, абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: нібыта ён спрабаваў праз свайго знаёмага даць хабар адказным супрацоўнікам Берасьцейскага абласнога суду і пракуратуры. Як мяркуе сьледзтва, з дапамогай хабару на 30 тысяч даляраў спадар Скрабец плянаваў дамагчыся больш мяккага пакараньня ў справе жыхароў Столінскага раёну. Гэтых жыхароў абвінавацілі ў стварэньні злачыннай групоўкі, якая займалася рабаваньнем і зьдзейсьніла забойства мясцовага прадпрымальніка. Паводле выраку суду, абвінавачаныя ў гэтай справе атрымалі ад 14 з паловай да 24 гадоў зьняволеньня.

Затрыманьне Сяргея Скрабца адбылося амаль празь месяц пасьля абвешчанага выраку суду ў столінскай справе. На гэтую акалічнасьць зьвяртае увагу кіраўнік берасьцейскага аддзяленьня Беларускага Хэльсынскага камітэту Ігар Маслоўскі. Спадара Маслоўскага, які добра ведае былога дэпутата, уражвае і памер хабару, нібыта прапанаванага Сяргеем Скрабцом, які апошнім часам не працаваў.

(Маслоўскі: ) “Мяне асабіста зьдзіўляе такое пытаньне: адкуль у яго такія грошы, калі ён сам беспрацоўны і яму часам дапамагаюць сябры і паплечнікі?”

Ігар Маслоўскі гаворыць таксама, што мясцовыя праваабаронцы не губляюць надзеі атрымаць дакладныя зьвесткі пра ўмовы ўтрыманьня Сяргея Скрабца ў следчым ізалятары і стан ягонага здароўя.
XS
SM
MD
LG