Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнікаў газэты “Народная Воля” выклікаюць у падатковыя інспэкцыі


Ганна Соусь, Менск Падаткавікі патрабуюць, каб яны задэкляравалі ўсе свае прыбыткі і маёмасьць. Нашая карэспандэнтка сёньня наведала рэдакцыю газэты. Яна таксама паспрабавала знайсьці адказы на пытаньні, чаму сталі магчымыя шматлікія пазовы ў суд у сувязі з публікацыяй сьпісу подпісаў пад зваротам руху “Воля народу”.

Большасьць супрацоўнікаў рэдакцыі газэты “Народная Воля” атрымалі паведамленьні з падатковых інспэкцыяў сваіх раёнаў з патрабаваньнем задэкляраваць усе свае прыбыткі і маёмасьць. Гаворыць камэрцыйная дырэктарка “Народнай Волі” Яўгенія Церахава:

(Церахава: ) “З падатковай інспэкцыі Ленінскага раёну Менску я атрымала патрабаваньне аб прад’яўленьні дэклярацыі аб даходах і маёмасьці. Я была зьдзіўленая, бо працую ў адным месцы. Я патэлефанавала ў інспэкцыю. Жук Арсень Мікалаевіч сказаў, што па тэлефоне ён ня можа сказаць прычыны запатрабаваньня дэклярацыі. Ніякіх пакупак я не рабіла. Жыву на адзін заробак. Адкуль гэта ногі растуць? Можа, гэта зьвязана з той праверкай, якую праводзіла ў рэдакцыі падатковая інспэкцыя летась?”

У сям’і карэктаркі рэдакцыі Аляксандры Лабзовай патрабаваньне задэкляраваць маёмасьць выклікала наступную рэакцыю:

(Лабзова: ) “Мая маці казала: маёмасьць… гэта ж апішуць бібліятэку. Тата мой сказаў адразу, што баіцца, што выселяць з кватэры. Я магу ровар свайго дзіцяці задэкляраваць. Калі на гэтым “паднімецца” падатковая інспэкцыя”.

Некаторыя супрацоўнікі газэты зьвязваюць захады з боку падатковай інспэкцыі з праблемамі вакол публікацыі сьпісу подпісаў пад рухам “Воля народу”, надрукаваным у газэце напачатку траўня. У сувязі з гэтым васьмёра жыхароў Салігорску і Глуску падалі ў суд пазовы з патрабаваньнямі ад “Народнай волі” матэрыяльнай кампэнсацыі — разам на 220 мільёнаў рублёў.

Я запытала намесьніцу галоўнага рэдактара газэты Сьвятлану Калінкіну, чаму, на яе думку, сталі магчымыя шматлікія пазовы ў суд? Ці не было гэта правакацыяй адносна газэты?

(Калінкіна: ) “Я дапускаю такую думку. На кожнага новага палітыка, як піраньні, накідваюцца людзі, якія досыць доўга ў дэмакрытычным руху, але яны вызначыліся менавіта тым, што нічога ніколі не рабілі. Такая канкрэтная справа са зборам подпісам, і я думаю, што многія маглі паводзіць сябе традыцыйна — прынесьці ліпавыя подпісы, можа, атрымаць за гэта грошы. Але я ня думаю, што гэта рабіў сам спадар Казулін, таму што тое, што адбылося, можа паставіць крыж на яго асабістай палітычнай кар’еры”.

Паводле Сьвятланы Калінкінай, у “Народнай Волі” ўсьведамлялі небясьпеку, калі друкавалі подпісы, але іх запэўнілі, што ўсе подпісы — правераныя. Што да сапраўднасьці подпісаў, то сёньня зь Пінску ў рэдакцыю прыйшоў ліст, у якім людзі патрабуюць, каб газэта абвергла, што яны ставілі свае подпісы.

Я зьвярнулася па тлумачэньні да кіраўніка руху “Воля народу” экс-рэктара БДУ Аляксандра Казуліна.

(Казулін: ) “Сёньня ідзе вельмі моцны ціск на гэтых людзей, іх проста запалохваюць. На людзей, якія ставяць свае подпісы, ідуць рэпрэсіі, пагрозы, шантаж. Зразумела, што частка людзей проста баіцца ставіць свае подпісы і недзе мяняюць адну ці некалькі літараў, каб не было перасьледу. Цяпер мы проста высьвятляем сытуацыю, каб потым паказаць, як усё ёсьць на самай справе. Улада баіцца подпісаў свайго народу”.

25 траўня а 10 гадзіне ў судзе Ленінскага раёну Менску распачнецца судовы разгляд пазова дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Гайдукевіча, які сьцьвярджае, што ў артыкуле “Письмо Гайдукевича. И факс Гайдукевичу” газэта “Народная Воля” распаўсюдзіла несапраўдныя зьвесткі, і патрабуе грашовай кампэнсацыі на 250 мільёнаў рублёў. На мінулым тыдні “Народная Воля” атрымала папярэджаньне Міністэрства інфармацыі за публікацыю несапраўдных зьвестак (маюцца на ўвазе подпісы пад зваротам руху “Воля народу”). Яшчэ раней “Народную Волю” папярэдзілі за тое, што яна апублікавала назву незарэгістраванага руху Алега Воўчака. А 18 траўня галоўнага рэдактара “Народнай Волі” Іосіфа Сярэдзіча выклікалі ў генэральную пракуратуру, дзе ён атрымаў афіцыйнае папярэджаньне за распаўсюд інфармацыі ад імя незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў.
XS
SM
MD
LG