Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чэрвені – наступны этап у выбарах "адзінага" кандыдата ў прэзыдэнты


Валер Каліноўскі, Менск Раённыя сходы па вылучэньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў, на якім будзе абраны адзіны кандыдат ад апазыцыі, як мяркуецца, пачнуцца 15 чэрвеня. На іх павінны быць абраныя па два дэлегаты ад кожнага раёну. Усяго на Кангрэсе мае быць каля 700 дэлегатаў і гасьцей.

Паводле сябра аргкамітэту Кангрэсу дэмакратычных сілаў Віктара Івашкевіча, папярэдні графік раённых сходаў прадугледжвае пачатак гэтай кампаніі ў сярэдзіне чэрвеня ў Менску, заканчэньне — у сярэдзіне жніўня. Чакаецца, што на сходах у траціне раёнаў пабываюць патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты, у астатніх — іх давераныя асобы. Паводле Віктара Івашкевіча, раённыя сходы маюць прайсьці максымальна адкрыта:

(Івашкевіч: ) “Любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь можа прыйсьці туды, зарэгістравацца і прапанаваць сваіх дэлегатаў на Кангрэс”.

На раённых сходах будзе абрана каля 300 дэлегатаў Кангрэсу. Сто дэлегатаў маюць вылучыць палітычныя партыі, яшчэ сто — няўрадавыя арганізацыі. Возьмуць удзел у Кангрэсе і апазыцыйныя кандыдаты мінулагодніх парлямэнцкіх выбараў.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька прагназуе пэўныя праблемы з правядзеньнем раённых сходаў, у прыватнасьці, перашкоды з боку ўладаў. Арганізатары імкнуцца зрабіць усе захады, каб правесьці свой форум у Беларусі, але калі гэтага не атрымаецца, рыхтуюцца да правядзеньня канрэсу за межамі краіны, зазначыў спадар Лябедзька.

Віктар Івашкевіч паведаміў, што да ўдзелу ў кампаніі запрошаныя і тыя патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты, якія не належаць да палітычных партыяў. Паводле рашэньня “дзясяткі”, да канца траўня будуць працягвацца кансультацыі з гэтымі палітыкамі. У прыватнасьці, А.Лябедзька зазначае, што “дзясятка” гатовая пайсьці на кампрамісныя рашэньні для таго, каб прыцягнуць гэтых людзей у агульны працэс.

Адзін з такіх палітыкаў Валеры Фралоў кажа, што гатовы прыняць удзел у раённых сходах па вылучэньні дэлегатаў. Што да магчымасьці ўдзелу ў самім Кангрэсе, то ў спадара Фралова яшчэ ёсьць сумнеў. Ён кажа што, ня хоча быць у “падтанцоўцы” ў якасьці шырокай дэмакратычнай грамадзкасьці:

(Фралоў: ) “Мы сур’ёзна над гэтым разважаем, і думаю, што наўрад ці мы будзем удзельнічаць, шчыра кажучы”.

Іншы патэнцыйны кандыдат Аляксандар Ярашук таксама мяркуе, што ў сцэнары вылучэньня адзінага кандыдата застаецца шмат слабых месцаў, і гэта схіляе яго асабіста да няўдзелу ў Кангрэсе. Але гэта ня значыць, што дарогі дэмакратаў разыдуцца. Перш за ўсё, ім трэба супольна дамагацца зьменаў выбарчага заканадаўства, мяркуе спадар Ярашук:

(Ярашук: ) “Калі ня будуць ніяк правілы гульні мяняцца, калі ўсё будзе заставацца так, як ёсьць, то, пагадзіцеся, наступныя выбары проста ня маюць ніякага сэнсу, таму што можна хоць цяпер абвесьціць, хто пераможа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG