Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Душою ры́гнуць


Надзя Старавойтава, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Слова ры́гнуць можа выклікаць ня вельмі станоўчыя асацыяцыі ў сувязі зь яго асноўным значэньнем – ‘званітаваць’. Аднак у жывой беларускай мове гэтае слова мае й іншы сэнс: ры́гнуць – гэта яшчэ й ‘плачма заплакаць’, ‘заскрыпець’. Функцыянуе слова і ў фразэмах: душою рыгнуць альбо рыгнуць на той сьвет значыць памерці – вельмі глыбокая, самавітая этымалёгія. Расейцы ў такіх выпадках гавораць: испустить последний вздох, дать дуба, отдать концы, сыграть в ящик альбо – яшчэ – отправится в Могилевскую губернию. Цікава...

Калі ўлічыць першаснае нэгатыўнае адценьне, відочна, што выразу ўласьцівая й пэўная доля сарказму. Хутчэй за ўсё, так казалі пра чалавека, у якога душа была нялюдзкаю, таму й сьмерць ягоная – доўгачаканаю: “Ну калі ж гэта ён ужо душою ры́гне?” Ужывалі гэтую фразу і ў кленічах: “А каб ты, галубе, душою ры́гнуў!”

Нэгатыўная афарбоўка гэтага выразу падкрэсьліваецца й другім яго значэньнем – яно, як і першае, адлюстраванае ў слоўніках Насовіча, Гарэцкага, Байкова ды Некрашэвіча, Станкевіча: душою ры́гнуць альбо ры́гнуць Бога – даць хлусьлівую клятву, парушыць прысягу, пры слове сваім не стаяць. Так красамоўна скажуць пра клятваадступніка, здрадніка, рэнэгата: “Ён ры́гнуў Бога, душою ры́гнуў”, то бо запрадаў уласную душу, здрадзіў Богу. Дык ці дзіва, калі такі чорт лазаты душою ры́гне, на кут ляжа, уздоўж лаўкі выпрастаецца, бараду задзярэ, зубы сатне, рукі згорне, лыткі стуліць, вечкам накрыецца, зь пясецкім ажэніцца ды пойдзе да Абрагама на піва, – ніхто ж па ім ані заплача. Згрыбелая душа, заечая...
XS
SM
MD
LG