Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся суд над Статкевічам і Севярынцам – за што іх судзяць?


Любоў Лунёва, Менск Сёньня а 10 раніцы ў Цэнтральным судзе Менску пачаўся суд над Міколам Статкевічам і Паўлам Севярынцам. Іх абвінавачваюць у арганізацыі масавых вулічных выступленьняў 18 і 19 кастрычніка на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму. Паводле абвінавачваньня сьледчага камітэту, у часе дэманстрацыяў адбываліся масавыя беспарадкі.

Нагадаем, 18 кастрычніка людзі пачалі зьбірацца на Кастрычніцкай плошчы а 18 гадзіне. Празь некалькі хвілінаў Павал Севярынец і Мікола Статкевіч выступілі з прамовай. Міліцыянты ў цывільным стаялі побач. Вакол плошчы дэманстратыўна стаялі некалькі дзесяткаў “аўтазакаў”, грузавікоў, у якіх сядзелі экіпіраваныя салдаты ўнутраных войскаў, аўтобусы, куды звычайна кідаюць затрыманых у часе разгону дэманстрацыяў.

Міліцыянты пачалі акружаць невялічкі натоўп. Вось тады Статкевіч і Севярынец павялі за сабой людзей. Хутка натоўп пераўтварыўся ў дэманстрацыю. Сотні людзей далучыліся і атрымалася даволі вялікая калёна. Спачатку вырашылі пайсьці да адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, але на вуліцы Энгельса амонаўцы перагарадзілі вуліцу аўтобусамі і “аўтазакамі”. Некалькі дзесяткаў экіпіраваных амонаўцаў пачалі хапаць людзей і цягнуць іх у аўтобус. Людзі адышлі і пайшлі па праспэкце Францыска Скарыны.

Калёна дайшла да будынку КДБ, дзе да людзей выйшаў тагачасны старшыня КДБ Леанід Ерын. Ён нават запрасіў да сябе Паўла Севярынца і некалькіх журналістаў. Усё абышлося без затрыманьняў. А на наступны дзень на плошчу прыйшло яшчэ больш людзей. Ад Кастрычніцкай плошчы да цырку ўтварылася корка з аўтамабіляў, бо доўгі час гарэла чырвонае сьвятло. Кіроўцы пачалі сыгналіць на знак салідарнасьці з мітынгоўцамі. Яны высоўвалі ў вокны рукі і паказвалі знак перамогі.

Тады журналісты пачулі загад уключыць зялёнае сьвятло, бо сытуацыя станавілася небясьпечнай. Людзей сабралася недзе больш за 5 000 чалавек. На рагу вуліцы Энгельса і праспэкту Скарыны пачаліся затрыманьні. У ліку першых у аўтобус трапілі Мікола Статкевіч і Павал Севярынец. У часе так званай зачысткі быў зьбіты Анатоль Лябедзька.

Нагадаем таксама, што супраць Паўла Севярынца ў 1998 годзе распачыналі крымінальную справу за арганізацыю вулічных беспарадкаў. Калі нібыта моладзь сарвала канцэрт на плошчы Якуба Коласа 2 красавіка, прысьвечаны падпісаньню саюзнай дамовы. Справу потым зачынілі з фармулёўкай: “у зьвязку са зьмяненьнем палітычнай абстаноўкі”. А Міколу Статкевіча судзілі разам з Валерыем Шчукіным за арганізацыю першага Маршу Свабоды. Тады абышлося штрафам. Чаго чакаюць ад сёньняшняга суду?

Мікола Статкевіч заявіў яшчэ на сьледзтве, што ён не прызнае гэты суд і нават не будзе адказваць на пытаньні. Вось, што ён паведаміў Радыё Свабода:

(Статкевіч: ) “Я не лічу гэта судом, бо цяжка лічыць незалежным чыноўніка, якога прызначыў Лукашэнка, атрымлівае ад яго заробак і пагадзіўся ўзяць гэтую справу. Нат напісаў на ёй, што мера стрыманьня, падпіска аб нявыезьдзе павінна быць захаваная. Ілюзій у мяне няма. Лукашэнка, па-першае, помсьціць за тое, што пасьля рэфэрэндуму мы пратэставалі і прыцягнулі ўвагу ўсяго сьвету да самых нахабных фальсыфікацыяў. Па-другое, гэта палітычная расправа за тое, што “Народная Грамада” і “Эўрапейская кааліцыя” заявілі аб намеры вылучыць мяне кандыдатам у прэзыдэнты. Лукашэнка зробіць усё магчымае, каб людзей, якія здольныя ўзначаліць выступы супраць фальсыфікацыяў, у Менску ў часе прэзыдэнцкіх выбараў не было.”

А вось меркаваньне Паўла Севярынца:

(Севярынец: ) “Гэты суд, відавочна, працяг кампаніі палітычнай “зачысткі” перад выбарамі 2006 году. Зачышчаецца палітычнае поле ад тых людзей, якія могуць актыўна супрацьстаяць рэжыму. Але вельмі прыемна, што і маю працу і працу Мікалая Статкевіча па гуртаваньні людзей на мабілізацыю выхаду на вуліцу ацанілі. Ацанілі і дзейнасьць Маладога Фронту і дзейнасьць у стварэньні беларускай Хрысьціянскай дэмакратыі. Магу сказаць, што мне ня сорамна за тое, што я рабіў 18 і 19 кастрычніка. Прысудам у гэтай справе можна будзе ганарыцца.”

Хутчэй за ўсё, крымінальную справу будуць разглядаць цягам тыдня, бо суду трэба дапытаць шмат сьведкаў.

Гл. таксама • Пачаўся суд над лідэрамі вулічных акцыяў – першы дзень у судзе
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG