Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сыноптыкі зноў абяцаюць праліўныя дажджы і навальніцы


Іна Студзінская, Менск Такой вясны ня памятаюць нават старажылы. Здавалася б, павінны ўжо і скончыцца запасы вільгаці на нябёсах, а сыноптыкі зноў абяцаюць праліўныя дажджы і навальніцы. Залішняя вільготнасьць пагражае сельскай гаспадарцы. У небясьпецы жывёльны сьвет, асабліва птушкі, якія гнязьдзяцца ў лагчынах, у поймах рэк і на балотах. З намі на сувязі Іна Студзінская, якая высьвятляла, што непакоіць арнітолягаў, а таксама якія наступствы могуць быць, калі дажджы не спыняцца.

Арнітолягі грамадзкай арганізацыі "Ахова птушак Беларусі" знаходзяцца зараз у экспэдыцыі па нізінных балотах Палесься. У гэты час звычайна вяртлявыя чаротаўкі, якія вярнуліся з Заходняй Афрыкі, будуюць гнёзды. Але вызначыць хаця б прыблізную колькасьць гэтых рэдкіх птушак пакуль вельмі складана. Неспрыяльнае надвор''е стала прычынай таго, што птушкі мала сьпяваюць. Але больш непакоіць арнітолягаў іншае: праблемы гнездаваньня у вяртлявай чаротаўкі.

Распавядае арнітоляг грамадзкага аб''яднаньня "Ахова птушак Беларусі" Аляксей Мінчонак.

(Мінчонак: ) "Гэта птушка будуе свае гнёзды выключна на сухіх балотных кочках. А праз такія моцныя дажджы ўзровень вады ў рэках і балотах падняўся, і птушыныя гнёзды апынуліся пад пагрозай затапленьня. Трэба адзначыць, што Беларусь нясе вялікую адказнасьць за стан гэтага віду птушкі, бо ў нас гнязьдзіцца больш за палову – каля 60% – яе ўсясьветнай папуляцыі. Арнітолягі будуць і надалей прымаць захады і плянаваць мерапрыемствы, якія б забясьпечылі аптымальныя ўмовы для распаўсюду вяртлявай чаротаўкі на нізінных балотах беларускага Палесься".

Чаму вяртлявая чаротаўка стала такой рэдкай птушкай? І якія захады робяцца, каб захаваць яе на беларускіх балотах? Эколягі, арнітолягі лічаць, што вельмі рэдкай птушкай кантынэнту вяртлявая чаротаўка стала з-за мэліярацыі.

Два гады таму ў Менску пад эгідай Бонскай канвэнцыі быў падпісаны Міжнародны мэмарандум і плян дзеяньняў па захаваньні вяртлявай чаротаўкі. "Ахова птушак Беларусі" пры падтрымцы Праграмы разьвіцьця ААН, брытанскага Каралеўскага таварыства аховы птушак і "Дарвінаўскай ініцыятывы па выжываньні відаў", нямецкага Фонду Міхаэля Ота па ахове навакольнага асяродзьдзя пабудавалі 14 запрудаў на балотах Званец, Дзікае і Спораўскае. Запруды патрэбны былі для таго, каб падтрымліваць пэўны ўзровень вады, бо на балотах не хапала вільгаці. А цяпер іншая праблема – вады ў рэках і балотах зашмат, гнёзды падтапліваюцца.

Вось што распавёў арнітоляг Аляксей Мінчонак:

(Мінчонак: ) "Пад пагрозай апынуліся таксама ўсе тыя птушкі, якія будуюць свае гнёзды на зямлі, на балотах альбо ў поймах рэк. Гэта кулікі, качкі, жаўрукі, канюкі. Гэта ня толькі вяртлявая чаротаўка. Але вяртлявая чаротаўка непакоіць беларускіх арнітолягаў менавіта праз тое, што гэта ўсясьветна пагражаемы від, які занесены ў Міжнародную Чырвоную кнігу".

Застаецца спадзявацца, што надвор’е дасьць шанец рэдкай птушцы вывесьці дастаткова патомства, каб выжыць. Інакш парушыцца балянс – у прыродзе ўсё ўзаемазьвязана, і можа павялічыцца колькасьць гнусу, камароў…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG