Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыкі, спартоўцы і журналісты камэнтуюць захады польскага Сэйму


Галіна Абакунчык, Менск Дэпутаты польскага сэйму склалі сьпіс грамадзянаў Беларусі з прапановаю забараніць ім уезд у Польшчу, а магчыма таксама й у краіны Эўразьвязу. Як паведамляе польская прэса, "неўязнымі" сталі каля дзесяці асобаў, у тым ліку міністар юстыцыі Беларусі Віктар Галаванаў. Гэтыя захады зьвязаныя зь ціскам на Саюз палякаў Беларусі і рашэньнем уладаў Беларусі выдаліць з краіны дарадца польскай амбасады ў Менску Марэка Буцько. Амбасадара вінавацяць ва ўмяшальніцтве ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь.

Польскія дэпутаты прапаноўваюць таксама арганізаваць фонд падтрымкі беларускім палітычным уцекачам, распачаць незалежнае радыёвяшчаньне на тэрыторыю Беларусі. Старшыня камісіі ў міжнародных справах палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў, камэнтаваць дзеяньні сваіх польскіх калегаў адмовіўся, спаслаўшыся на сваю неабазнанасьць. Вось што ён сказаў у інтэрвію Свабодзе.

(Папоў: ) “Мне невядомыя гэтыя патугі польскага Сэйму, а таму я не магу камэнтаваць тое, чаго ня ведаю.”

Гэта быў дэпутат палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў. Больш дасьведчаным быў галоўны рэдактар дзяржаўнай газэты “7 дней” Віктар Чыкін. Пра сваё стаўленьне да беларуска-польскіх дачыненьняў, а таксама пра захады польскіх парлямэнтароў спадар Чыкін сказаў наступнае.

(Чыкін: ) “У мяне, вы ведаеце, даволі дзіўныя ўзаемаадносіны з польскай амбасадай. Яны мне некалькі разоў прысылалі паперы ў якіх пратэставалі супраць апублікаваных у нашай газэце матэрыялаў. Атрымоўваецца, што з аднаго боку яны за дэмакратыю, за свабоду прэсы, а як нешта такое напішаш, што ім не падабаецца, то адразу вось такая рэакцыя. Таму нічога дзіўнага ў гэтым рашэньні для мяне няма. Хоць зь іншага боку й нічога страшнага ў гэтым ня бачу, паколькі бліжэйшым часам у Польшчу ехаць не зьбіраюся. Што тычыцца мяне й маёй сям”і, то пражывем мы й бяз Польшчы.”

Гаварыў рэдактар газэты “7 дней” Віктар Чыкін. Крызыс беларуска-польскіх дачыненьняў у алімпійскай чэмпіёнкі Яніны Карольчык выклікаў значна меншы аптымізм. Вось што яна сказала ў інтэрвію Свабодзе.

(Карольчык: ) “Спорт гэта таксама палітыка, хіба можа не ў такой ступені, як цяперашнія адносіны паміж Беларусьсю й Польшчай. Гэта будзе мець нэгатыўны ўплыў, бо на стадыёнах стане менш беларускіх спартоўцаў. Вось паводле такіх палітычных матываў спартоўцы пакутуюць.”

Гаварыла алімпійская чэмпіёнка Яніна Карольчык. Падобнага меркаваньня трымаецца яшчэ адзін алімпійскі чэмпіён і колішні дэпутат Уладзімер Парфяновіч. Аднак захады польскага боку ён ўхваляе.

(Парфяновіч: ) “Спартоўцу гэта можа зламаць усё жыцьцё. Калі ў 1984 годзе камуністы забаранілі алімпійскія гульні, гэта паўплывала й на маё далейшае жыцьцё. Але думаю, што гэта правільна. Бо сёньня ўсе спартоўцы вельмі добра разумеюць што адбываецца ў краіне. Але яны працуюць, атрымоўваюць грошы й большасьць зь іх ня хоча зьвязвацца з палітыкай. Затое палітыка зьвяжацца зь імі. Я думаю, што гэтая забарона дасьць штуршок наперад. Прыйдзе час і яны выкажуцца адносна таго, што адбываецца ў Беларусі.”

Меркаваньне спадара Парфяновіча падзяляе таксама яшчэ адзін апазыцыйны дэмакратычны палітык Уладзімер Колас. Паводле яго, сьпіс непажаданых візітэраў у Эўропу можна нават пашырыць.

(Колас: ) “Адносна таго, хто працуе на ўхваленьне гэтага рэжыму – прадае свой талент і ўвогуле сумленьне – то гэты сьпіс можна пашырыць. У яго павінны быць уключаныя ўсе старшыні ўсіх участковых і акруговых камісіяў і так званых дзеячаў культуры, а таксама супрацоўнікаў дзяржаўных мэдыяў. Безумоўна, гэта ганьба для Беларусі, але як гэта ні горка й ні сорамна, але кожная краіна мае права прымаць рашэньні каго яна хоча бачыць, а каго не”.

Нагадаем, што беларуска-полькаму канфлікту папярэднічала выступленьне Аляксандра Лукашэнкі ў часе штогодавага пасланьня дэпутатам палаты прадстаўнікоў. Тады кіраўнік краіны заявіў, што ў Беларусі ідзе падрыхтоўка “каляровай” рэвалюцыі, якую праводзяць прадстаўнікі амбасады Польшчы. Затым міністэрства юстыцыі краіны заявіла пра несапраўднасьць вынікаў перавыбарчага зьезду Саюзу палякаў Беларусі. Празь некаторы час міністэрства замежных справаў Беларусі абвясьціла пэрсонай нон-грата дарадца польскай амбасады Марэка Буцько, зьвінаваціўшы дыплямата ва ўмяшальніцтве ва ўнутраныя справы Беларусі. Інфармацыю пра гэтыя дзеяньні кіраўніцтва краіны прэзыдэнт Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі давёў да ведама кіраўнікоў краінаў Эўразьвязу з просьбай прыняць адэкватныя меры супраць цяперашніх уладаў Беларусі.
XS
SM
MD
LG