Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Быкаў – на сцэне Гомельскага драматэатру па-расейску


Казімір Яноўскі, Гомель 20 траўня а 19-й гадзіне ў Гомельскім абласным драматычным тэатры ў гонар 60-х угодкаў Перамогі адбылася прэм`ера спэктакля паводле аповесьці Васіля Быкава “Пайсьці і не вярнуцца”. Паставіў яго рэжысэр з Масквы, заслужаны артыст Расеі Валянцін Варэцкі. З Гомеля перадае наш карэспандэнт.

Спэктакль паводле аповесьці Васіля Быкава “Пайсьці і не вярнуцца” стаўся магчымым не з прычыны высілкаў беларускага міністэрства культуры. Ён прафінансаваны ў межах праграмы дзяржаўнай і грамадзкай падтрымкі расейскіх тэатраў краін СНД і Балтыі пад патранажам прэзыдэнта Расеі.

А Быкаў інсцэніраваны найперш таму, што сам рэжысэр Варэцкі надзвычай прыхільна ставіцца да творчасьці беларускай літаратурнага генія. Спэктакль рэжысэр і прысьвяціў аўтару аповесьці, непасрэднаму ўдзельніку вайны, а таксама ўсім маладым дабраахвотнікам. Гаворыць Валянцін Варэцкі:

(Варэцкі: ) “Быкаў для мяне – прыклад надзвычай высокай сумленнасьці да жыцьця, праўды вайны, да духоўных каштоўнасьцяў і, наогул, да ўсяго таго, што ён бачыў і чым жыў”.

Галоўныя ролі ў спэктаклі выконваюць маладыя акторы тэатра: Зоські – Віялета Сарвірава, Антона – Андрэй Карака. Распавядае Віялета Сарвірава:

(Сарвірава: ) “Калі я прачытала аповесьць Быкава “Пайсьці і не вярнуцца”, я крыху спалохалася. За нейкія тры дні мая гераіня перажыла нават больш, чым іншыя людзі перажываюць за ўсё сваё жыцьцё”.

Акторы сьцьвярджаюць, што ролі ў спэктаклі паводле аповесьці Быкава ім даюцца цяжка і псыхалягічна, і фізычна. Меркаваньне Андрэя Каракі, выканаўцы ролі Антона Галубіна:

(Карака: ) “Роля Антона для мяне – адна з самых складаных. Складана перадаць яго ўнутраны стан, яго адчуваньне. Сам па сабе ён не здраднік. У яго адно жыцьцё. У гэтай складанай сытуацыі, сытуацыі вайны, вельмі цяжка патлумачыць, чаму ён павінен аддаць сваё жыцьцё? Ён хоча выжыць, жыцьцё ў яго – адно. У героя ёсьць такі маналог-разважаньне: патлумачце мне, чаму я павінен разьвітвацца са сваім жыцьцём? У мяне адно жыцьцё! Патлумачце: чаму”?

Быкаў сапраўды цяжкі для ўспрыманьня некаторых беларусаў, якія дзесяцігодзьдзямі прызвычайваліся да плякатнага ўспрыманьня вайны. Героі Быкава – жывыя, не плякатныя. Яны не толькі ў гісторыі, яны нас акружаюць і цяпер:

(Карака: ) “Сустракаюцца, ёсьць такія людзі ў жыцьці, якія ня хочуць ніякага канфлікту, спрабуюць абмежавацца ад праблемаў. Калі ўзьнікае нейкая праблема, чалавек аднекваецца: не-не, вы самі разьбірайцеся. Я з вамі, але я і не супраць тых, з кім вы будзеце разьбірацца”, – кажа актор Андрэй Карака, выканаўца адной з галоўных роляў спэктаклю.
XS
SM
MD
LG