Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады баяцца незарэгістраваных "Абаронцаў Айчыны"?


Міхал Стэльмак, Менск Лідэр руху “Абаронцы Айчыны” Алег Волчак быў выкліканы ў галоўную ўправу ўнутраных спраў Менску для тлумачэньняў, зьвязаных з публікацыяй у газэце “Народная воля” матэрыялаў, зьвязаных з гэтым рухам.

Спадар Волчак правёў у галоўнай управе сталічнай міліцыі дзьве гадзіны. Вось што ён паведаміў Радыё Свабода пра прычыны выкліку:

(Волчак: ) “Галоўная ўправа ўнутраных справаў Менгарвыканкаму, аддзел па масавых мерапрыемствах праводзіць праверку па даручэньні Міністэрства юстыцыі за подпісам намесьніка міністра Краўцова. У сувязі з тым, што ў маіх артыкулах 19 студзеня і 31 сакавіка ў “Народнай волі” гаворыцца, што я стварыў рух, але ён не зарэгістраваны. У гэтай сувязі просяць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці.

Я мяркую, што гэта не выпадкова, таму што на днях “Народная воля” атрымала папярэджаньне ў сувязі з публікацыяй матэрыялаў пра рух “Воля народу”. Я лічу, што гэта новая барацьба з грамадзянскімі ініцыятывамі. Якраз з тымі, хто ўяўляе пэўную сілу. Бо калі б арганізацыя была слабай, яны б намі так актыўна не займаліся”.

Паводле ягоных словаў, рашэньне наконт ягонай адказнасьці праваахоўчыя органы могуць вынесьці ўжо на наступным тыдні.

Нагадаем, пра стварэньне руху “Абаронцы Айчыны” было абвешчана сёлета ў студзені. У яго ўвайшлі супрацоўнікі праваахоўчых органаў і вайскоўцы дэмакратычных поглядаў. Гэтая структура мела на мэце працяг ідэі зьніклага экс-міністра ўнутраных спраў генэрала Юрыя Захаранкі, які плянаваў стварыць грамадзкую арганізацыю “Саюз афіцэраў”. Прыярытэтнай мэтай руху было абвешчана садзеяньне палітычным партыям і грамадзкім арганізацыям у будаўніцтве дэмакратычнай дзяржавы.

На пэрыяд прэзыдэнцкай кампаніі сябры руху ставілі мэтай забесьпячэньне бясьпекі адзінаму кандыдату ад апазыцыі.
XS
SM
MD
LG