Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Саюз палякаў байкатуе фэстываль нацыянальных культур


Севярын Квяткоўскі, Менск VI Усебеларускі фэстываль нацыянальных культур адкрыўся ў Менску 21 траўня. У імпрэзе ўзялі ўдзел 27 калектываў, якія рэпрэзэнтуюць каля дваццаці нацыянальных аб’яднаньняў краіны. У той жа час прадстаўнікі Саюзу палякаў Беларусі заяўляюць пра байкот фэстывалю да часу, пакуль не нармалізуюцца адносіны між Саюзам і беларускай дзяржавай.

Фэстываль нацыянальных культур будзе працаваць цягам году. На раённым, рэгіянальным, гарадзкім і абласным узроўнях маюць адабраць найлепшыя калектывы, якія возьмуць удзел у заключнай імпрэзе ў Горадні на пачатку чэрвеня 2006 году.

Саюз палякаў Беларусі – грамадзкая арганізацыя, якая брала самы актыўны ўдзел у Фэстывалі нацыянальных культур. Цяперашнюю пазыцыю кіраўніцтва Саюзу тлумачыць сябра гэтай арганізацыі Анжэй Пісальнік:

(Пісальнік:) “Нас міністэрства юстыцыі не прызнае, таму склалася двузначная сытуацыя. Калі мы, як арганізацыя, будзем існаваць так, як мы самі палякі хочам у гэтай краіне, тады мы на нейкім этапе возьмем удзел у гэтым фэстывалі. Але цяпер, у гэтай сытуацыі няпэўнасьці, мы ня можам”.

Нагадаем, што міністэрства юстыцыі не прызнала вынікі 6-га зьезду грамадзкага аб’яднаньня “Саюз палякаў на Беларусі”, які адбыўся ў Горадні 12-13 сакавіка сёлета. Адпаведна, не прызнаецца новае кіраўніцтва, абранае на зьезьдзе.

Польскія фальклорныя калектывы існуюць як пры Саюзе палякаў, гэтак пры дзяржаўных структурах, напрыклад, дамах культуры.

(Пачакайла:) “Я лічу, што гэта іхныя праблемы, яны ідуць у палітыку. Няхай займаюцца сваімі справамі, а мы займаемся культурай”.

Патлумачыла сваё стаўленьне да Саюзу палякаў кіраўнічка ваўкавыскага польскага ансаблю песьні і танца “Jutrzenko” (“Сьвітанак”) Ала Пачакайла.

Паводле Анжэя Пісальніка, Саюз палякаў ня можа заклікаць да байкоту калектывы, што існуюць пры дзяржаўных установах. Бо ў выпадку байкоту, кіраўнікі калектываў могуць пазбавіцца працы.

Што да цікавостак сёлетняга адкрыцьця Фэстывалю нацыянальных культур, у імпрэзе ўзяла ўдзел вядомая праз музычны праект "Крамбамбуля" прафэсійная сьпявачка Гюнэш Абасава. 21 траўня на сцэне менскай філярмоніі Гюнэш Абасава рэпрэзантавала "Кангрэс азэрбайджанскіх грамадаў". Таксама выступаў хор таварыства "Крывіч" -- беларусаў Іркуцкае вобласьці Расеі. Сярод элемэнтаў сымболікі "крывічаў" Прыбайкальля -- бел-чырвона-белы сьцяг і герб "Пагоня".
XS
SM
MD
LG