Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віцебскім школьнікам былі забаранілі ехаць на экскурсію ў Кіеў


Браніслава Станкевіч, Віцебск Начальнік раённага аддзелу адукацыі забараніў віцебскім старшаклясьнікам езьдзіць на экскурсіі ў Кіеў. Але вучні 10 “А” клясы сярэдняй школы №40 разам з бацькамі і кляснай кіраўнічкай Тацянай Севярынец, маці вядомага маладога палітыка, былога кіраўніка “Маладога фронту” Паўла Севярынца, змусілі чыноўніка адмяніць сваё рашэньне.

Калі начальнік Першамайскага раённага аддзелу адукацыі Ўладзімер Шлома адмовіўся падпісаць фармальны ў падобных выпадках дазвол на экскурсійную паездку, Тацяна Севярынец прапанавала вучням правесьці з гэтае нагоды прэсавую канфэрэнцыю для віцебскіх журналістаў.

Дзеці распавялі журналістам пра тое, што да спадара Шломы безвынікова зьвяртаўся дырэктар турыстычнае фірмы “Вітар-тур”, і што асабісты зварот дырэктара школы №40 таксама ня даў ніякага плёну. Тацяна Севярынец, якая паспрабавала даведацца пра прычыны забароны на паездку ў Кіеў, адно пачула ад начальніка раённага аддзелу адукацыі словы “Я так рашыў”, а начальнік абласной управы адукацыі Іван Шчурок, толькі пацьвердзіў, што раённы кіраўнік мае службовае права на падобныя забароны.

Тым часам школьныя настаўнікі вырашылі, што няйначай маладых людзей ня хочуць пускаць у Кіеў, каб яны не прывезьлі адтуль рэвалюцыйных настрояў.

Адна з настаўніц-кіраўніц турыстычнае групы нават адмовілася ад паездкі, баючыся, што зь ёй потым не працягнуць кантракт.

Пасьля прэсавай канфэрэнцыі, якую далі вучні, сытуацыя нечакана зьмянілася. Журналісты пачалі тэлефанаваць у аддзелы адукацыі ўсіх узроўняў і пытацца, чаму дзяцей не пускаюць менавіта ў Кіеў, як даўно дзейнічае такая забарона і ці няма адпаведнага загаду ад прэзыдэнта. Замест адказу Ўладзімер Шлома палічыў за лепшае тут жа зьвязацца з турыстычнай фірмай, найхутчэй аформіць усе паперы і выправіць дзяцей у вандроўку.

На думку Тацяны Севярынец, чыноўнікі ад адукацыі, баючыся “аранжавых” наступстваў пасьля паездкі на Ўкраіну, далі ейным вучням выдатную магчымасьць адчуць сябе “рэвалюцыянэрамі” на радзіме – набыць досьвед змаганьня за свае ўласныя правы, і, што асабліва важна, перамагчы.
XS
SM
MD
LG