Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвастрэньне беларуска-польскіх адносінаў вачыма гарадзенцаў


Сяргей Астраўцоў, Горадня “Хто, на вашую думку, нясе адказнасьць за абвастрэньне беларуска-польскіх адносінаў?” Гэтае пытаньне сёньня задаваў гарадзенцам наш карэспандэнт.

(Маладзён: ) “Ня ведаю хто вінаваты, напэўна, ёсьць віна абодвух бакоў”.

(Сталы спадар: ) “Я лічу, што Амэрыка хоча задушыць Расею, ну і, канечне, Амэрыка цісьне на Польшчу, а Польшча, адпаведна, цісьне на Беларусь”.

(Сталы спадар: ) “Кіраўніцтва Лукашэнкі вінаватае. Хто тут усім кіруе? Ён нікому слова нават не дае сказаць, гэта толькі яго работа”.

(Пэнсіянэр: ) “Мы асабіста не жадаем, каб былі дрэнныя адносіны з палякамі, з габрэямі, з татарамі. У вярхох штосьці не атрымліваецца, не падзеляць і тады ўсё пачынаецца”.

(Малады спадар: ) “Я не гатовы адказаць. Адзінае я чуў, што ёсьць нападкі на польскае таварыства, якое знаходзіцца ў Горадні. Па тэлебачаньні былі заявы расейскіх дыпляматаў аб тым, што нібыта амэрыканскі ўрад фінансуе ўсякія каляровыя рэвалюцыі, а грошы быццам бы праходзяць праз такія таварыствы. І ў сувязі з гэтым, магчыма, наш прэзыдэнт спрабуе ўсё гэта закрыць, каб у нас не было каляровых рэвалюцыяў. А ці можна верыць наконт гэтых грошай? Пяцьдзесят на пяцьдзесят. Можа ў гэтым штосьці і ёсьць, хтосьці ж павінен гэта ўсё-ткі фінансаваць. Я, дапусьцім, “за””.

(Чыноўнік: ) “Я думаю, што гэтыя пытаньні павінны вырашаць палітыкі, і я думаю, што адносіны наладзяцца”.

(Спадар: ) “Я толькі крыху чуў па польскім целеку, што ў іх у Сойме ў Польшчы зьбіраюцца вырашаць пытаньне з нагоды таго, што быццам бы палякам тут дрэнна, што нібыта дэмакратыя парушаецца”.

(Сталы спадар: ) “Я сам паляк, з Польшчы. Я чуў, што былі нейкія выбары ў Саюзе палякаў, а па тэлевізары я бачыў, што прэзыдэнт Лукашэнка ня згодны з гэтымі выбарамі. А чаму ня згодны — ня ведаю”.

(Вайсковы пэнсіянэр: ) “Я глядзеў перадачу па Беларускім тэлебачаньні. У ёй выступалі кіраўнікі Саюзу палякаў — і менскі, і баранавіцкі, выступаў таксама былы старшыня СПБ Кручкоўскі. Усё гэта барацьба за ўладу”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што беларускі бок займае не апошняе месца ў ініцыяваньні гэтай падзеі”.
XS
SM
MD
LG