Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Пуцін распачаў новы наступ на СМІ ў Расеі?


Юрась Бушлякоў, Прага Дзяржаўная Дума Расеі ўхваліла сёньня ў першым чытаньні ініцыяваны прэзыдэнтам Пуціным праект заканадаўчых паправак, якія прадугледжваюць санкцыі да сродкаў масавай інфармацыі за перадрукоўваньне або рэтрансьляцыю ў часе выбарчых кампаніяў непраўдзівых паведамленьняў. Экспэрты гавораць, што ў разе канчатковага прыняцьця паправак сытуацыя сродкаў масавай інфармацыі ў Расеі пагоршыцца.

Калі прапанаваныя Крамлём папраўкі стануць законам, сродкі масавай інфармацыі будуць несьці адказнасьць за пашырэньне ў ходзе выбарчых кампаніяў непраўдзівых зьвестак, узятых зь іншых інфармацыйных крыніц. Згодна з законапраектам, мэдыі будуць перасьледавацца ў судовым парадку нават у тым разе, калі яны перадрукавалі або рэтрансьлявалі інфармацыю ў добрай веры, ня ведаючы пра яе непраўдзівасьць.

Андрэй Рыхтэр – дырэктар расейскага Інстытуту праблем інфармацыйнага права. Паводле Рыхтэра, ініцыяваныя Пуціным навацыі значна пашыраюць адказнасьць мэдыяў за падачу недакладнай інфармацыі.

(Рыхтэр: ) “Тыя, чые інтарэсы былі парушаныя, яны чынілі дзеяньні супраць таго, хто першапачатна апублікаваў неадпаведную сапраўднасьці інфармацыю. У сваю чаргу тыя, хто паўтарыў гэтую інфармацыю, мусілі толькі апублікаваць абвяржэньне, калі таго вымагалі скаржнікі. Цяпер жа прадугледжваецца, што адказнасьць будуць несьці ўсе – і тыя, хто першапачатна публікаваў такую інфармацыю, і тыя, хто перадрукоўваў, ня ведаючы й нават не падазраючы, што гэтая інфармацыя не адпавядае сапраўднасьці”.

У бальшыні краінаў сьвету законы, якія рэгулююць дзейнасьць сродкаў масавай інфармацыі, абараняюць журналістаў ад перасьледу, калі тыя змогуць даказаць, што, распаўсюджваючы інфармацыю, ня ведалі аб яе непраўдзівасьці. Андрэй Рыхтэр гаворыць, што прапанаваныя заканадаўчыя папраўкі прывядуць да большага ціску на журналістаў.

(Рыхтэр: ) “Вядома, гэта адаб’ецца нэгатыўна. Праверыць верагоднасьць зьвестак пра падзеі ў Новасібірску ці ў Парыжы, ці ў нейкіх сельскіх раёнах Расеі, журналіст звычайнага сродку масавай інфармацыі проста ня мае магчымасьці. Фактычна прыйдзецца пісаць адно пра тое, што адбываецца ў полі зроку”.

Паводле Рыхтэра, ініцыюючы папраўкі, Крэмль рэагуе на сытуацыю, калі сродкі масавай інфармацыі злоўжываюць сваёй недатыкальнасьцю, пашыраючы непраўдзівую інфармацыю. Пры гэтым дырэктар Інстытуту праблем інфармацыйнага права перакананы, што й сучаснае расейскае заканадаўства дазваляе стрымліваць такое злоўжываньне.

Што канкрэтна будзе пагражаць журналістам, калі прапанаваныя папраўкі займеюць сілу закону. Гаворыць Анна Валодзіна – юрыстка расейскага Фонду абароны галоснасьці:

(Валодзіна: ) “Максымум, што пагражае сродкам масавай інфармацыі, гэта або даволі вялікія штрафныя санкцыі, або прыпыненьне выхаду сродку масавай інфармацыі за парушэньне заканадаўства аб выбарах і рэфэрэндумах”.

Тым часам у інтэрвію нашаму радыё прадстаўнік Дзяржаўнай Думы Расеі паведаміў, што тэкст ухваленага сёньня ў першым чытаньні праекту паправак не канчатковы і дэпутаты адкрытыя на прапановы й пярэчаньні журналістаў.
XS
SM
MD
LG