Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прыватны дзёньнік: Сяргей Сахараў


Сяргей Сахараў, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя нататкі мінулага тыдня прадстаўляе Сяргей Сахараў — каардынатар сацыяльнае кампаніі “Рабі.Сябе.Сам: ЭКШН!” і іншых шматлікіх нефармальных праектаў для моладзі Беларусі.

Нядзеля, 15 траўня

Задрала быць Рабом Майкрасофту. Проста ў адзін дзень разумееш, што праводзіць і будні і выходныя на працы — гэта не зусім здарова. І быць офіснай рабыняй Ізаўрай — гэта не мяжа тваіх мараў. І калі па шчырасьці, выслоўе “згарэць на працы” — гэта таксама з чужой опэры. Не тваё, так бы мовіць, лібрэта…

Самае сьмешнае ў маёй сытуацыі, што гарбацісься на сваёй жа ўласнай плянтацыі. Над табой фактычна няма нікога, хто будзе на нешта ўказваць, паганяць і шпуляць. Ты сам сабе гаспадар, і ад гэтага часам бывае яшчэ складаней.

Карацей, недзе зь месяц таму ўсёй нашай кампаніяй вырашылі, што хопіць ужо пратусоўваць большасьць выходных на працы. Наш жа чалавек як: на працы — пра дом, у хаце — пра працу. І аргумэнты-зьдзекі: “Такім чынам вы сублімуецеся”, ужо даўно не чапляюць: “Ну а калі працы валам, а часу не хапае, дык што рабіць?”. “Час граматна разьмяркоўваць”, — у якасьці працягу “забойнай аргумэнтацыі” таксама не падыходзіць: у краіне, дзе за кожным паваротам пагражае “цэгла зь неба”, любое “плянаваньне часу” выглядае як кепскі жарт ці зьдзек.

Таму мы вырашылі заняцца weekend hunter’ствам. Пачалося ўсё зь мінулых выходных, калі кампаніяй пайшлі на боўлінг. Забаўка, канечне, ужо не такая актуальная, як некалькі гадоў таму. Але калі патас і флёр “прасунутасьці” з боўлінгу зьляцеў, стала відавочна, што гульня сапраўды народная.

Учора true weekend працягваўся. Некалькі чалавек узялі і паехалі пасьля працы (о майн гот! зноў у суботу!!!) да сяброў на барбэкю. Ну вы ж разумееце: слова вымаўленае ёсьць аблудаю. Барбэкю — гэта смажаная на бальконе кура пад піва, падмацаваная кальянам “па коле”.

А сёньня надарылася зусім немагчымае. З Кацяй пайшлі ў філярмонію на “Фэст памяці Эдзі Рознэра “Залатая труба”. Выбар менавіта гэтага храму мастацтва папахвае выпадковасьцю, але ў любой выпадковасьці вымалёўваецца свая заканамернасьць. Цягнуцца ў які-кольвек клюб не было асаблівага жаданьня дый і попыт чамусьці зусім не нарадзіў прапанову. А на джаз — як музыку для лянівых — хацелася схадзіць даўно. Тым больш, мерапрыемствы такога кшталту нейкія… статусныя, сур’ёзныя — ці што?.. Карацей, нам захацелася нейкай разнастайнасьці.

Хадзіць на канцэрты клясычнай ці джаз-музыкі (лічы, адно і тое ж) са мной — справа больш чым марная. Я атрымліваю асалоду ня столькі ад манеры выкананьня, прафэсійнасьці музыкантаў, урэшце, не ад самога матэрыялу, а ад банальнага: чапляе ці не. Ну атрафіравалася ў мяне слухацкая культура, што зробіш?.. Дык вось калі кіравацца гэтым прынцыпам, першае аддзяленьне, ансамбаль “Jazz Family”, у прынцыпе выглядаў і слухаўся амаль добра. Гэта мне пасьля распавялі, што некаторыя з твораў былі яўна “запораныя”, што “лепей бы яны за іх ня браліся” і іншае. Але і мая атрафіраваная культура, напэўна, пачынае аднаўляцца. Бо нейкім дваццатым пачуцьцем я разумеў, што некаторыя месцы хлопцы сапраўды граюць “неяк ня так”.

Другое аддзяленьне з удзелам “Symphonic Drive Orchestra” стала для мяне сапраўдным культурным шокам. Каля двух дзясяткаў студэнтаў музвучэльні выраблялі на сцэне такое і так, што час ад часу я сапраўды спаўзаў з крэсла. Аляксандар Ліпніцкі, наколькі я зразумеў, амбітны фрык беларускай музычнай сцэны, кіраўнік аркестру, апрабіруе на беларусах мэтады і прыёмы школы амэрыканскіх госпэлаў. Калі любы, нават самы “флегматычны” нумар выконваецца з такой экспрэсіяй і драйвам (выражаных у целарухах), ад якіх у нашых едзе дах.

Да канца выступу гледачы “раскурыліся” так, што зьмяюка з надзьмутых балёнікаў, якую музыкі ў экстазе вынесьлі са сцэны ў залю і назад разам з бліскучым канфэці са столі, успрымаліся зусім заканамерна і цалкам натуральна.

Панядзелак, 16 траўня

Сёньня ў мэтро сустрэўся зь немкай. Ледзь не сказаў “знаёмай”, але ў гэтым увесь фінт: мы сустракаліся зь ёй больш за паўгоду таму мелькам. У дадатак тады яна па-расейску ні слова не магла вымавіць (а мой дойч таксама не заахвочвае да зносінаў)... Ладна, паглядзім праўдзе ў вочы: была ў нас з гэтай немкай і другая сустрэча, якую я па спрадвечна беларускай звычцы заваліў. У чацьвер я вяртаўся дахаты на аўтобусе, сядзеў чытаў. Яна села насупраць мяне. Прычым так, што не заўважыць яе мог толькі я і менавіта пры такіх абставінах: насупраць цябе сядзіць быццам знаёмая, якую ты вельмі кепска памятаеш, глядзіць на цябе зь яўным намерам загаварыць, а ты ўпёрся, як баран, у газэту, бо ня можаш згадаць — вы знаёмыя ці не?! Ясна справа, што раскошы памыліцца і пачаць размову зь незнаёмым чалавекам я сабе дазволіць не магу. Лепей жа пачувацца лохам усе дваццаць хвілін паездкі, чым лахануцца адзін раз, але, як мінімум, пазнаёміцца з прыемным чалавекам.

Ненавіджу гэтую беларускую псэўдасьціпласьць (чытай — дзікую закамплексаванасьць). І яшчэ больш ненавіджу, калі даводзіцца за яе апраўдвацца перад чалавекам, якога пакрыўдзіў.

Нямецкай дзяўчыне ў мэтро я прызнаўся, што бачыў яе ў аўтобусе (м-м-м, як галянтна!). Высьветлілася, што яна жыве ў маім раёне і тады ехала дахаты. А працуе яна (блін, як жа яе завуць?!) у Бараўлянах валянтэрам. Яе расейская яўна прагрэсуе, і таму дзяўчына ўжо можа дазволіць сабе заварочваць фразы кшталту “иногда в Минске бывает сложно” і пры гэтым глядзець сваімі зялёнымі добрымі вачыма ў цёмную глыбіню менскага мэтрапалітэну. І не засяроджваць сваю ўвагу на рэпліках “гасьцінных” менчукоў: “Б.., стала на дароге — ні прайці, ні праехаць!”

А пакажыце мне горад на мапе, дзе жыць часам бывае нескладана?

Аўторак, 17 траўня

У поп-стара Кайлі Міноўг раньняя стадыя раку грудзей. Пра гэта гаворыць увесь інтэрнэт, кажуць па радыё і вяшчаюць па тэліку. І самае — ня ведаю, ці то “страшнае”, ці то “паскуднае”, ці то “нармальнае” — навіна чапляе за жывое. Я для сябе гэта тлумачу тым, што:

1) Міс Міноўг асоба папулярная, публічная і масава любімая (як апошняе ні пахабна гучыць). Кайлі наагул увасабленьне “галівудзкай мары”. Цяпер ёй далёка за трыццаць, пачала яна сваю кар’еру недзе пятнаццаць год таму і вось ужо чацьверты год знаходзіцца на другім ці трэцім за кар’еру піку папулярнасьці. Таму навіна пра хваробу — гэта як перст лёсу: маўляў, усе пад Богам ходзім.

2) І ў такой жанчыны была выяўлена такая хвароба. Ня памятаю, ці мы ў часопісе ў артыкуле пра монакультуру пісалі пра рак, бо напісаць варта было б. Анкалёгія — яшчэ адна “хвароба стагодзьдзя”. Тысячы sorry хворым на ВІЧ, СНІД і на гепатыт Б, але рак людзі ў большасьці сваёй успрымаюць як асабіста вельмі небясьпечную хваробу. Калі ў размовах пра СНІД ці гепатыт грамадзкая думка апэлюе жалезабэтонным “раней думаць трэба было”, то згадваньне раку наганяе на ўсіх усясьветную тугу. Пад цяжарам гісторыяў пра хворых знаёмых, родных і блізкіх ты пачынаеш марнець, мізарнець перад страхам не заразіцца, а нейкім дзівосным чынам “атрымаць” хваробу. “Ад каго?” і “за што?” прыходзіць да цябе такая “бандэролька” — вось самыя страшныя пытаньні. Гены, экалёгія?..

Наколькі я зразумеў, чалавек, у якога знайшлі рак, са сьпісу выбірае адну ці некалькі мадэляў далейшага жыцьця.

Можна проста ціха паміраць: ніякіх целарухаў, спакойна і павольна, як у зачараваным сьне. Час ад часу хіміятэрапія, якая гвалтоўна працягвае чалавеку непатрэбнае яму жыцьцё.

Можна ўдарыцца ў асабісты не-здаровы-тэрарызм. Так было з маёй былой суседкай. Яна нарадзіла дзьвюх дзяўчынак, з мужам разышлася і пасьля жыла так, як жыве большасьць у нас на раёне: праца — дом, праца — дом, увечары і на выходныя — бухалава. Яна прытрымлівалася больш хардкоравай вэрсіі і акцэнтавала ўвагу на апошнім. Пасьля таго, як дактары знайшлі ў яе рак “па жаночых справах”, яна вымавіла толькі адно: “Дзякуй Богу, дзяцей я нарадзіла. Цяпер нічога ня страшна”. І пасьля больніцы працягнула галівуд.

А можна разглядаць рак як жыцьцёвае выпрабаваньне на трываласьць і веру — і змагацца. Я ведаю як мінімум адзін выпадак, калі чалавек кіраваўся прынцыпам “жывыя хінуцца да жывых, а мёртвыя хай застаюцца зь мёртвымі”. І перамог.

Серада, 18 траўня

У глыбокім дзяцінстве, якое супала зь першымі гадамі незалежнасьці, я таксама задаваўся пытаньнем: што трэба зрабіць, каб беларусы пачалі размаўляць па-беларуску. І пасьля месяцаў раздумваньняў прыйшоў да простай, як тры капейкі, ідэі. Трэба зрабіць так, каб па-беларуску пачалі размаўляць... прадавачкі ў гастраномах. Разьлік быў просты: любы чалавек штодня ходзіць у гастрык, дзе хоцькі-няхоцькі ўступае ў вэрбальны кантакт з абслугоўваючым яго пэрсаналам. Дык вось каб чалавек штодня трапляў у новую моўную сытуацыю, зусім можа быць, ягоная белмоўная памяць, як мінімум, пачала б аднаўляцца. І ўсё ў нас стала б добра! (Толькі не пытайцеся ў мяне, што трэба было рабіць з рынкамі і кірмашамі, дзе апрача беларусаў была процьма кітайцаў, віетнамцаў і каўказцаў. Мне і самаму цяпер ідэя зь белмоўнымі крамамі ня вельмі падабаецца.)

Мінула больш за дзесяць год, і я пачынаю задумвацца, што трэба зрабіць такога канкрэтнага, каб адвучыць сябе і ўсіх іншых людзей ад розных праяваў хамства. І з памяці зноў вынырваюць тыя ж прадавачкі. Не, бяз жартаў: за апошнія тыдні ў нейкіх дзікіх колькасьцях трапляюцца хамаватыя “таргашы”. Тое самае сёньня. Тэлефаную ў кантору, якая выконвае нашую замову, каб вырашыць адно пытаньне. Размова ня ладзіцца, бо “ніхто не хацеў паміраць і здавацца”. Урэшце пасьля досыць рэзкіх рэплік вырульваем сытуацыю на кампраміс. Але я вырашаю дабіць апанэнтку, якая, як на мой погляд, паводзіць сябе так, быццам гэта я ёй вінен, як зямля калгасу (хаця ўсё якраз наадварот). І кажу, што мінулы заказ быў выраблены вельмі неахайна і “ў будучыні няма чаго халтурыць”. На што атрымліваю такую тыраду “пазытыўных эмоцыяў”, што разумею: наступнага разу проста ня будзе.

Як пасьля такіх дыялёгаў ставіцца да ўсёй камэрцыйнай браціі, якая адна з табой костка, а ўспрымае цябе як апошняга...? Ня хочаш ці ня ўмееш ты займацца сваёй справай, якой халеры лезеш у гэтую камэрцыю? А пасьля плачасься, што цябе ўшчэнт заціснулі падаткамі, праверкамі і іншымі дзяржнаездамі. Няма чаго на люстра пляваць — маеш тое, што заслужыў. Разуменьне таго, што ў гэтай краіне ўсё недзяржаўнае штодня мусіць даказваць, што яно ў тысячу разоў лепшае, больш пазытыўнае і карыснае простаму чалавеку, чым дзяржаўнае — гэта галоўнае правіла.

А так хамства нараджае яшчэ большае хамства. Адзін раз стомлены ад пастаянных наездаў прадавец нахаміў пакупніку, стомлены ад пастаяннай непавагі да сябе пакупнік напісаў у кнігу скаргаў цялегу, якую пасьля стомлены ад усіх гэтых тупых разборак дзяржкантралёр трактуе як прамое ўказаньне да дзеяньняў. І пайшло-паехала па коле.

Карацей, прадпрымальнікі Беларусі: make love not war! І ваздасца нам!

Чацьвер, 19 траўня

Сёньня атрымаў ад сваёй кіеўскай сяброўкі ліст наступнага зьместу: “Сережа, привет! Беларусь меня в который раз удивила. А точнее, Минск, а еще точнее — “Думка”. Наткнуться на стикеры “РСС-2: ЭКШН!” прямо в центре Парижа, через Сену от Эйфелевой башни! Вот это, я понимаю, пиар :))”.

І фоткі не забылася прыкласьці. Я і ўсе мае былі ў экстазе. Адно што дагэтуль думаем, ці гэта добра, што стыкер апынуўся ў такой геаграфічнай далечыні ад нашай таргет групы. Не, напэўна крута! Чалавек вырашыў пакінуць напамін пра сваю краіну не стандартным “Тут быў Вася”, а самім дарагім, што было пад рукой — налепкай “РСС-2: ЭКШН!”.

Дарэчы, нягледзячы на розныя траблы, і ў Менску пачынае вымалёўвацца новы трэнд. Да нас прыяжджаюць замежнікі. Не, няма чаго тут сьмяяцца! Ясная справа, не ў такіх колькасьцях (дый якасьцях), як у Кіеў, Варшаву ці ў Піцер, але тыя яшчэ псыхі. У “Бронксе”, “X Ray” і ў некаторых іншых клюбах ствараюцца нават свае ціпа зямляцтвы: швэдзкае, нямецкае, нігерыйскае і г.д.

Неяк сама сабой напрошваецца аналёгія з Кубай. Падчэплены ад старога маразматыка Кастра мэнтальны паралюш разваліў эканоміку краіны ўшчэнт. Але гэта прывяло да росквіту андэграўндай культуры, калі ў шматлікіх закінутых дамах Гаваны адна за другой праходзяць нефарматныя выставы, экспазыцыі і да т.п. І самае галоўнае, туды сапраўды едуць “нефарматныя” замежнікі. Тыя ж амэрыканцы парушаюць законы ЗША ня дзеля таго, каб падтрымаць рэжым “апошняга дыктатара Амэрыкі”, а каб адчуць кайф ад зусім іншага рытму жыцьця, акунуцца ў цалкам адрозную ад звыклай рэальнасьць і паглядзець, як знаёмыя рэчы (клюбы, глямурныя вечарынкі etc.) могуць па-новаму зазіхацець у зусім іншай аправе. У маразьме камуністычнай ідэалёгіі, у вычварэнствах дзікага сацыялізму і ў псыхічнай неўраўнаважанасьці “бацькі нацыі”.

І Менск у гэтым кантэксьце на сёньняшні момант займае надзвычай выгадную пазыцыю сярод суседзяў. “Апошняя дыктатура Эўропы” — гэта брэнд, які пры граматным падыходзе можа прыносіць ня толькі палітычныя, але і турыстычныя выгоды. Урэшце, што прасьцей прадаць: Турцыю са слоганам “15:00 — рэстарацыя, 15:05 — пляж”, Баўгарыю са слоганам “15:00 — пляж, 15:05 — рэстарацыя” ці Беларусь з “15:00 — парад вайсковай тэхнікі, 15:05 — перайменаваньне цэнтральных вуліц сталіцы, 00:05 — вечарынка сусьветнавядомага дыджэя Джэя Хэнана”?

Так глядзіш, праз пару год Менск стане турыстычнай мэккай. А яшчэ праз год праз наплыў носьбітаў эўрапейскіх каштоўнасьцяў новаму ўраду краіны давядзецца займацца рэбрэндынгам: кшталту “Беларусь — край, дзе здохла апошняя дыктатура Эўропы”.

Welcome to BELLARus!
XS
SM
MD
LG