Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіл Марыніч у менскай калёніі працягвае курс рэабілітацыі пасьля інсульту


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Міхаіла Марыніча дагэтуль відаць прыкметы перанесенага інсульту, таму ён працягвае рэабілітацыйны курс у менскай калёніі, куды яго зьмясьцілі пасьля знаходжаньня ў рэспубліканскім турэмным шпіталі. Вядомага вязьня ў калёніі наведаў адвакат.

20 траўня Міхаіла Марыніча ў менскай калёніі наведаў адвакат. Абаронцу цікавіла, як Міхаіл Марыніч пачуваецца пасьля пераводу з рэспубліканскага шпіталю. Як сьцьвярджае сын Міхаіла Марыніча Ігар, які кантактаваў з адвакатам, у бацькі застаюцца прыкметы перанесенага інсульту. У калёніі ён працягвае займацца фізычнымі практыкаваньнямі, каб распрацаваць руку і нагу, якія былі часткова паралізаваныя ў выніку інсульту. Гэтыя практыкаваньні Міхаіл Марыніч рабіў і ў шпіталі, але тады, адзначае адвакат, за ім больш пільна назіралі дактары. У калёніі штодзённага мэдычнага нагляду за Марынічам няма.

У адміністрацыі калёніі кажуць, што на заяву былому міністру акажуць усю патрэбную дапамогу. Пры гэтым Ігар Марыніч працягвае лічыць, што зь ягоным бацькам абышліся неапраўдана жорстка, калі перавялі ў калёнію, не дачакаўшыся выздараўленьня.

(Ігар Марыніч: ) “Гэта нейкі зьдзек. Гэтак хутка аднаўляцца пасьля інсульту немагчыма. Тым больш, не ва ўмовах стацыянару. Калі б гэта быў адмысловы цэнтар, то магчыма, там ёсьць нейкія мэтодыкі. І тое, наколькі мне вядома, у каго быў інсульт, яны потым у санаторыях далечваюцца”.

Пра побытавыя ўмовы знаходжаньня Міхаіла Марыніча адвакат паведаміла, што “ў яго ўсё добра, наколькі гэта магчыма ў калёніі”. Паводле адваката, Міхаіл Марыніч вельмі спадзяецца на амністыю, але пакуль ня хоча камэнтаваць сваіх шанцаў на датэрміновае вызваленьне.

У менскім рэспубліканскім шпіталі дагэтуль застаецца Аляксандар Васільеў, гарадзенскі прадпрымальнік, які год таму быў асуджаны на два гады зьняволеньня за паклёп на прэзыдэнта. Жонка Аляксандра Васільева Натальля днямі атрымала ад мужа ліст. Вось што яна паведаміла:

(Васільева: ) “Здароўе ў яго нішто сабе, яго падлячылі ад высокага ціску, піша, што даюць таблеткі. Але сумна ды хочацца паесьці нармалёва, каўбасы паесьці. У мяне мусіла быць зь ім спатканьне, але не даюць, пакуль ён ляжыць у шпіталі”.

Паводле Натальлі Васільевай, яшчэ не вызначана, куды перавядуць яе мужа пасьля шпіталю: вернуць у аршанскую калёнію, ці як Міхаіла Марыніча, пакінуць у менскай калёніі. Ці распачатая ўжо падрыхтоўка Аляксандра Васільева да амністыі, жанчына ня ведае. Паводле адваката Васільева Аляксандра Бярылава, прадпрымальнік мае шанцы на амністыю, пасьля чаго ўжо зможа разьлічваць на датэрміновае вызваленьне.

Разам з Аляксандрам Васільевым за паклёп на прэзыдэнта быў асуджаны ягоны калега Валер Леванеўскі. Ён таксама атрымаў два гады зьняволеньня, але ягоныя шанцы на датэрміновае вызваленьне падаюцца адвакату спрэчнымі. Адвакат нагадаў, што Валер Леванеўскі ў калёніі пратэставаў супраць парушэньня сваіх правоў і правоў вязьняў і за гэта яго шмат разоў каралі. На гэтай падставе адміністрацыя калёніі лічыць Леванеўскага злосным парушальнікам дысцыпліны і адмаўляе яму ў праве на амністыю. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі абвясьцілі Валера Леванеўскага, Аляксандра Васільева і Міхаіла Марыніча вязьнямі сумленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG