Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску будзе рэфэрэндум?


Альгерд Невяроўскі, Менск У Менску прайшло першае паседжаньне рабочай групы Сталай нарады дэмакратычных сілаў у справе падрыхтоўкі да мясцовага рэфэрэндуму, на якім менчукі павінны выказаць сваё стаўленьне да рашэньня Аляксандра Лукашэнкі перайменаваць некаторыя сталічныя праспэкты і вуліцы. Асноўная задача – збор подпісаў.

Дзеля таго, каб улады дазволілі правесьці менскі рэфэрэндум, ініцыятыўнай групе трэба сабраць ня менш за 120 тысяч подпісаў жыхароў гораду. Каб зрабіць гэта, на думку юрыстаў, прадстаўнікоў сталай нарады дэмакратычных сілаў, трэба стварыць ініцыятыўную групы прыкладна з 400 чалавек.

Прадстаўнікі партыяў-удзельніц нарады пагадзіліся, што такую колькасьць людзей можна сабраць да канца наступнага тыдня. Таму сход ініцыятыўнай групы вырашылі правесьці 27 траўня. Пасьля сябры гэтай групы павінны завізаваць свае заявы ў натарыяльных канторах і разам з пакетам іншых юрыдычных дакумэнтаў перадаць іх у Менскія гарсавет і гарвыканкам.

Паводле намесьніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргея Альфера, калі ўлады ня будуць чыніць перашкодаў, рэфэрэндум можа адбыцца сёлета восеньню.
XS
SM
MD
LG