Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі абвешчаная амністыя дойдзе да палітвязьняў?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Рашэньне пра амністыю Міхаіла Марыніча яшчэ не прынятае, сьцьвярджаюць у Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў, але ня кажуць, калі гэта будзе зроблена. Не камэнтуюць міліцыянты і абвінавачваньні старшыні стачкаму прадпрымальнікаў Валера Леванеўскага, які лічыць, што яго наўмысна пакаралі, каб не вызваліць па амністыі.

У дэпартамэнце выкананьня пакараньняў паведамілі, што пачала дзейнічаць амністыя, абвешчаная ў сувязі з 60-годзьдзем перамогі ў Другой сусьветнай вайне. Па амністыі ўжо вышлі на волю 19 асуджаных жанчын, якія адбывалі пакараньне ў Гомельскай калёніі.

У дэпартамэнце абверглі чуткі пра тое, што амбасадар Міхаіл Марыніч нібыта ужо атрымаў амністыю. Выканаўца абавязкаў кіраўніка дэпартамэнту Юры Барэнкоў паведаміў Радыё Свабода, што рашэньне адносна амністыі Марынічу яшчэ будзе разглядаць камісія калёніі №1, у якой зараз адбывае пакараньне былы міністар і амбасадар.

Паводле Юрыя Барэнкова, складзены графік паседжаньняў камісіяў у калёніях, які разьлічаны на паўгода. Калі будзе вырашана пытаньне пра амністыю Міхаілу Марынічу, Юры Барэнкоў не сказаў. Што да амністыі адносна іншых палітычных вязьняў, пра Валера Леванеўскага, Аляксандра Васільева і Юрыя Бандажэўскага кіраўнік дэпартамэнту Юрый Барэнкоў размаўляць адмовіўся.

Між тым Валер Леванеўскі абвінаваціў кіраўнікоў дэпартамэнту ў тым, што яны адмаўляюць яму ў праве на амністыю. Пра гэта паведаміў сын Леванеўскага Уладзімер, які сустрэўся з бацькам ў Івацэвіцкай калёніі. Уладзімір Леванеўскі сказаў Радыё Свабода:

(Уладзімер Леванеўскі: ) “Паводле закону аб амністыі ёсьць пункт пра злосных парушальнікаў дысцыпліны, на якіх амністыя не пашыраецца. І бацька лічыць, што яны наўмысна налічылі такія парушэньні, каб потым казаць, што ён злосны парушальнік”.

Нагадаю, Валер Леванеўскі атрымаў два гады зьняволеньня за паклёп на прэзыдэнта. У калёніі яго двойчы каралі карцарам за дзеяньні, якія разглядаюцца як парушэньні дысцыпліны, між тым паводле Валера Леванеўскага, ён дамагаўся выкананьня ягоных правоў і правоў іншых зьняволеных. Праз суд і пракуратуру аспрэчыць гэтыя пакараньні Валеру Леванеўскаму не ўдалося. Як кажа Уладзімер Леванеўскі, ягоны бацька сьцьвярджае, што кіраўніцтва дэпартамэнту выкананьня пакараньняў сьвядома не рэагуе на ягоныя скаргі і заўвагі.

Калі палітычныя вязьні выйдуць на волю ў выпадку ужываньня да іх амністыі? “Калі б яе атрымаў Валер Леванеўскі, ён адразу мог бы разьлічваць на датэрміновае вызваленьне. Тое самае і Аляксандр Васільеў”,– сьцьвярджае іх адвакат Аляксандр Бярылаў. Што да Міхаіла Марыніча, яму яшчэ трэба будзе чакаць ад 2 да 3 месяцаў, каб скончылася палова тэрміну, які для яго ў выпадку амністыі складзе 3,5 гады. Між тым і далей лёс вязьня няпэўны. Фармальна ён залежыць ад адміністрацыі калёніі, але сваякі не выключаюць, што могуць умяшацца іншыя чыньнікі.

(Павал Марыніч: ) "Збольшага ёсьць шанцы. Бо ён і пэнсіянэр, і заслужаны, і хворы. Але ў нас жа закон не выконваюць. Адбываецца што заўгодна. Выйдзеш зь вядром сьмецьце выкінуць, а цябе арыштуюць і пасадзяць за згвалтаваньне” – сказаў сын Міхаіла Марыніча Павал Марыніч.

Нагадаем, Міхаіл Марыніч быў асуджаны за крадзеж маёмасьці няўрадавай арганізацыі, якую ён ўзначальваў. Раней ён зьбіраўся вылучацца ў дэпутаты парлямэнту і заяўляў пра намер абірацца на прэзыдэнта Беларусі. Валер Леванеўскі і Аляксандр Васільеў былі арганізатарамі пратэстных акцыяў гарадзенскіх прадпрымальнікаў, абодвух асудзілі за паклёп на прэзыдэнта. Юрыя Бандажэўскага, які друкаваў навуковыя працы аб пагаршэньні здароўя насельніцтва чарнобыльскіх раёнаў, асудзілі за хабар. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” абвясьціла Марыніча, Леванеўскага, Васільева і Бандажэўскага вязьнямі сумленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG