Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская пракуратура даслала ліст Зінаідзе Ганчар


Алесь Дашчынскі, Менск. Пракуратура Расеі прыслала ліст Зінаідзе Ганчар, жонцы зьніклага шэсьць гадоў таму палітыка Віктара Ганчара. У ім гаворыцца, што пры неабходнасьці аказаньня прававой дапамогі на тэрыторыі іншай дзяржавы пракуратура горада Менска можа зьвярнуцца з адпаведным хадайніцтвам.

Каля двух месяцаў таму Зінаіда Ганчар зьвярнулася у ФСБ Расеі з просьбай аказаць дапамогу ў расьследаваньні палітычных зьнікненьняў у Беларусі. Яна прасіла паведаміць у рамках магчымага зьвесткі, якія сталі падставай для затрыманьня Валера Ігнатовіча на расейскай тэрыторыі. Спэцназавец Ігнтатовіч асуджаны па справе ў выкраданьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Зінаіда Ганчар прасіла шэфа ФСБ паведаміць, якія дадзеныя былі атрыманыя ад Ігнатовіча адносна зьнікненьняў грамадзянаў Беларусі. Ці згадваўся сярод іх факт гвалтоўнага выкраданьня Віктара Ганчара і якія матэрыялы былі перададзеныя сьледчым органам Беларусі?

На гэты ліст адказала пракуратура Расеі. У ім паведамляецца, што ліст Зінаіды Ганчар кіраўніку ФСБ перададзены для разгляду ў генэральную праукуратуру Расеі. “Як вынікае з Вашага звароту, Ваш муж скрадзены на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і крымінальная справа аб яго выкраданьні расьследуецца пракуратурай горада Менска. Пры неабходнасьці аказаньня прававой дапамогі на тэрыторыі іншай дзяржавы пракуратура горада Менска можа зьвярнуцца з адпаведным хадайніцтвам”, – адказала пракуратура Расеі.

Прэс-сакратар Генэральнай пракуратуры Беларусі Юры Азаронак адмовіўся паведаміць, ці рабіў беларускі бок нейкія хадайніцтвы перад расейскім аб аказаньні прававой дапамогі. Маўляў, гэта працэсульныя пытаньні, якія пры абнародаваньні могуць перашкодзіць сьледству.

(Азаронак: ) “ Ну, пакуль што я не магу прадаставіць вам інфармацыю, таму што інфармацыя па справах, якія вядуцца прадастаўляецца толькі пасьля ўзгадненьня са сьледчым ”.

(Карэспандэнт: ) “А вы маглі б узгадніць са сьледчым і адказаць мне?

(Азаронак: ) “Не мог бы, таму што я з ім размаўляў, ён не гатовы прадастаўляць інфармацыю для прэсы ”.

Зінаіда Ганчар цьвердзіць, пракуратура Беларусі не будзе зьвяртацца да Расеі, як і не рабіла гэта раней. Разам з тым яе здзіўляе пазыцыя расейскага боку.

(Ганчар: ) “Канешне, я не цешу сябе нейкімі асаблівымі надзеямі, але тым ня менш для нас павінна быць яснай пазыцыя Расеі. Да Расеі было шмат просьбаў, патрабаваньняў і ў раскрыцьці гэтых злачынстваў, і ў многіх іншых пытаньнях палітычнага жыцьця краіны – пакуль Расея самаўхіляецца. Адрозна ад Захаду, яна кажа ні не, ні так, а займаецца такімі вось фармальнымі адпіскамі. Калі людзі прыкрываюць гэтымі адпіскамі злачынцаў, то і характарызаваць іх можна адпаведным чынам. Час Расеі адумацца ”.
XS
SM
MD
LG