Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску праходзіць другі форум жанчын-прадпрымальніц Беларусі


Галіна Абакунчык, Менск У Міжнародным адукацыйным цэнтры Менску праходзіць двухдзённы сэмінар жанчын-прадпрымальніц Беларусі. Яго арганізавала грамадзкая арганізацыя “Жаночы незалежны дэмакратычны рух”.

Удзел у працы форуму прымаюць больш за сто прадстаўніцаў бізнэс-колаў краіны, а таксама замежныя госьці. Сярод іх – група экспэртаў ЗША. Гэта прадстаўніца Дзярждэпартамэнту Шарлот Пантычэлі, кіраўніца бізнэс-кампаніі Мэры Дэйлі Эрык і прэзыдэнт грамадзкай арганізацыі Бэвэрлі Інмам-Ібел.

















Сябры дэлегацыі маюць самае непасрэднае дачыненьне да жаночага бізнэс-руху ў сваёй галіне. І таму яны дзеляцца ўласным досьведам разьвіцьця жаночага прадпрымальніцтва, даюць канкрэтныя рэкамэндацыі. Натуральна, прадстаўніцы ЗША паведамілі пра разьвіцьцё жаночага бізнэсу ў сваёй краіне.

Так, яшчэ ў 1988 годзе прэзыдэнт Рэйган выдаў распараджэньне пра асаблівы патранаж над ім з боку дзяржавы. Гэткім чынам цяпер у Злучаных Штатах існуюць навучальныя праграмы для жанчын-бізнэсовак, працуе адмысловы дасьледчы цэнтар, пачаткоўцам дзяржава прапаноўвае выгадныя крэдыты, існуюць іншыя ільготы. Амэрыканскіх жанчын у бізнэсе большае штогод. А ці існуюць адпаведныя ільготы ў Беларусі? Вось што адказала кіраўніца ўправы Дэпартамэнту прадпрымальніцтва Тацяна Лапуцкая.

(Лапуцкая: ) “Мы ня можам казаць пра жаночае прадпрымальніцтва. У нас яго няма, няма такога панятку ў заканадаўстве – “жаночае прадпрымальніцтва.” Ці гэта жанчыны, ці маладыя жанчыны, ці жанчыны-пачаткоўкі – няма для іх нейкіх ільготных ці асаблівых умоваў. Ніхто не падзяляе бізнэс на мужчынскі і жаночы. Вылучыць гэтую праблему, распрацаваць нейкія накірункі і распачаць дзейнічаць – сёньня такой магчымасьці няма і пакуль у гэтым сэнсе нічога ня зроблена”.

Спадарыня Лапуцкая нават ня здолела назваць колькасьць бізнэс-вумэн у Беларусі: маўляў, такая статыстыка не вядзецца. А паводле неафіцыйных зьвестак, жанчын у гэтай сфэры 50-70% ад агульнай колькасьці дзелавых людзей”.

А што кажа пра становішча жаночага бізнэсу ў Беларусі Кацярына Чыжык, якая шмат гадоў у бізнэсе як практык, а таксама зьяўляецца сябрам грамадзкай арганізацыі "Беларускі саюз прадпрымальнікаў".

(Чыжык: ) “Умовы штогод пагаршаюцца і церпяць найперш жанчыны. У нас няма лёгкай і даступнай крэдытнай палітыкі, падлічана, што існуе 17 адміністрацыйных бар”ераў, якія перашкаджаюць разьвіцьцю бізнэсу. Нават паводле апошняй пастановы ўраду аб прадпрымальніцтве, у бізнэсоўца павінна быць 36 дакумэнтаў. Няправільнае афармленьне цягне за сабой штрафныя санкцыі, скасаваньне ліцэнзіяў і гэтак далей. Ёсьць шмат іншых непрыемных момантаў. Хоць наш урад і мае праграму па падтрымцы прадпрымальніцтва, на паперы яна існуе гэтая праграма, але ў жыцьці не працуе”.

Як паведаміла спадарыня Чыжык, у 2002-годзе ў Беларусі было 200 тысяч бізнэсоўцаў, сёньня – 185. Але паводле неафіцыйнай інфармацыі, колькасьць тых, хто адышоў ад справаў, у некалькі разоў большая, і гэты працэс у Беларусі працягваецца.
XS
SM
MD
LG