Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі чалавек расстралялі ва Ўзбэкістане?


Юры Дракахруст, Прага Генэральны пракурор Узбэкістану Рашыд Кадыраў заявіў, што падчас хваляваньняў на ўсходзе краіны на мінулым тыдні загінула 169 чалавек. Паводле дадзеных праваабаронцаў у апазыцыі ахвяраў значна больш – да 740 чалавек. Сёньня група дыпляматаў і журналістаў наведала Андыжан, цэнтар крывавых падзеяў мінулага тыдня.

Генэральны пракурор Узбэкістану назваў лічбу ахвяраў падзеяў у Андыжане – 169 загіблых, у тым ліку 32 ўрадавых салдата. Большасьць астатніх, паводле пракурора былі тэрарыстамі, у тым ліку замежнікамі.

Пры гэтым сам прэзыдэнт Іслам Карымаў адхіліў абвінавачваньні ў тым, што войскі забілі шмат цывільных жыхароў. Ён абвінаваціў заходнія мэдыі ў скажэньні фактаў і няпраўдзе. Карымаў.

(Карымаў: ) "Што гэта за мірная дэманстрацыя, якая добра ўзброіўшыся, атрымаўшы зброю з-за межаў Узбэкістану нападае на міліцэйскую вайсковую частку, потым на рэгулярную вайсковую частку, забірае, як сказаў пракурор, да 305-ці адзінак аўтаматычнай зброі, сотні пісталетаў, гранат, 4 кулямёта, нападае на турму, вызваляе да шасьцісот зьняволеных, а потым праводзіць мірную дэманстрацыю".

Аднак відавочцы і правааборонцы настойваюць на тым, што ахвяраў падзеяў у Андыжане было значна больш, чым падаюць улады.

Сёньня групе дыпляматаў і журналістаў было дазволена наведаць Андыжан. Іх вазілі па горадзе на аўтобусе, не дазваляючы сустракацца зь мясцовымі жыхарамі.Тым ня менш яшчэ ў канцы мінулага тыдня ўлады пачалі прыбіраць з вуліцам целы загіблых, прычым паводле зьвестак нашага карэспандэнта Садзідзіна Ашэрава, гэта рабілася выбарачна. Вось што сказаў яму адзін з жыхароў Андыжану.

(Мужчына з Андыжана: ) "Учора ноччу яны ўбралі з вуліцаў усе целы жанчын і дзяцей, бо немагчыма сказаць, што яны тэрарысты. Засталіся толькі целы мужчынаў. Яны па ўсім горадзе".

Гэтая жыхарка Андыжану таксама нязгодная з афіцыйнай вэрсіяй падзеяў.

(Жанчына з Андыжана: ) "Як вы назавеце таго, хто забівае свой народ? Гэта нішто іншае, як генацыд. Гэта горш за фашыстаў. Яны стралялі ў жанчын і дзяцей. Далоў Карымава!"

Калі лічба ахвяраў, якую падаюць праваабаронцы пацьвердзіцца, то гэта будзе самае крывавае падаўленьне масавых выступаў з 1989 году, калі кітайскія ўлады танкамі раздавілі пратэсты на плошчы Цяньаньмынь у Пэкіне.

Паводле афіцыйнай вэрсіі арганізатарамі забурэньняў ва Ўзбэкістане былі ісламскія экстрэмісты, якія імкнуцца стварыць у рэгіёне тэакратычную дзяржаву. Дарэчы, вэрсію аб ісламісцкай подбіўцы пратэстаў падтрымалі кіраўнікі суседніх Таджыкістану і Кіргістану, прынамсі выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Кыргістану Курманбэк Бакіеў – лідэр нядаўняй цюльпанавай рэвалюцыі.

Некаторыя расейскія выданьні прыводзяць меры Карымава, як прыклад таго, як трэба змагацца з “аксамітнымі рэвалюцыямі”.

Але на думку нашага карэспандэнта Андрэя Бабіцкага, які зараз знаходзіцца ва Ўзбэкістане, падзеі мінулага тыдня наўрад ці ўмацавалі ўладу Карымава.

(Бабіцкі: ) "Мне здаецца, што гэта аслабіла рэжым Карымава. Мне здаецца, што сёньня многія разумеюць, па меншай меры ў Андыжане, што ўсе тлумачэньні наконт падзеяў абсалютна хлусьлівыя, тут вуліца ненавідзіць Карымава. Насамрэч сытуацыя ва Ўзбэкістане для Карымава вельмі выбуховая, небясьпечная, бо галеча жахлівая і сацыяльны пратэст можа быць спароджаны любой падзеяй".

Гэта быў карэспандэнт нашага радыё Андрэй Бабіцкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG