Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму на філфаку не даюць правесьці прэзэнтацыю новай кнігі Нілу Гілевічу?


Іна Студзінская, Менск Яшчэ 12 красавіка на філялягічным факультэце Белдзяржунівэрсытэту мусіла адбыцца прэзэнтацыя новай кнігі народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча "На флейце самоты". Дзесяць дзён у будынку вісела аб''ява. Але ў апошні момант прэзэнтацыя была раптоўна перанесеная. Як сьцьвярджала тады кіраўніцтва філялягічнага факультэту, прэзэнтацыя адбудзецца літаральна на тыдзень. З таго часу прайшло роўна пяць тыдняў.

Спадар Гілевіч са студэнтамі і выкладчыкамі так і не сустрэўся. Тады, у красавіку, на факультэце адмену прэзэнтацыі патлумачылі тым, што ў той дзень у Менску праходзіў тыдзень Казахстану, і студэнтаў нібыта запрасілі ў казахскую амбасаду на культурную праграму. Загадчыца катэдры Зінаіда Бадзевіч спадзявалася, што сустрэча студэнтаў з народным паэтам Беларусі абавязкова адбудзецца максымум праз тыдзень. 18 траўня я датэлефанавалася да спадарыні Бадзевіч, але яна папрасіла зьвязацца крыху пазьней. Аднак “пазьней” увесь дзень мабільнік быў адключаны.

Ніл Гілевіч больш месяца цярпліва чакаў сустрэчы са студэнтамі...

(Гілевіч: ) “Ужо заканчваецца год. Альбо яны праводзяць сустрэчу, альбо ўсё зразумела, прычым тут Казахстан? Потым яны ўсё адпіраліся, што праходзяць канфэрэнцыі… Два тыдні таму, якраз у дзень канфэрэнцыі, была іншая сустрэча зь Нінай Мацяш. І мы – Вярцінскі, Панізьнік і я – на правах сяброў удзельнічалі ў гэтай сустрэчы. На філфаку, у аўдыторыі, у той час, як праводзіліся навуковыя студэнцкія канфэрэнцыі, таму філфакаўцаў там амаль не было, але гэта не замінала. Але мне яны сказалі, што яны хочуць не такую аўдыторыю, яны хочуць вялікую масавую сустрэчу ў вялікай залі. Але няма нічога: ні вялікай, ні малой”.

У чым прычына адмены прэзэнтацыі кнігі? Чаго напалохалася кіраўніцтва філфаку? Што, студэнтаў меркавалася пазнаёміць са зборнікам вострай публіцыстыкі? Зусім – не, гэта лірыка. Новая кніга вершаў “На флейце самоты” прысьвячаецца памяці жонкі паэта Ніны Іванаўны Гілевіч. Дарэчы, жыцьцё якой, як і жыцьцё Ніла Гілевіча, было зьвязанае менавіта з гэтым факультэтам, яна там таксама шмат гадоў выкладала. Як мне падалося, Ніл Гілевіч вельмі пакрыўджаны. Гэта не абурэньне, гэта глыбокая чалавечая крыўда.

(Гілевіч: ) “Я маю права на сваю думку. Гэта непаважна. Як жа так? Тут жа ёсьць яшчэ адзін нюанс: я зьвязаны з унівэрсытэтам амаль 40 гадоў, студэнт, асьпірант, 27 гадоў выкладчык – значыць, свой чалавек, філфак для мяне ва ўсіх сэнсах “alma mater”. Ня толькі выхаванец, а палову жыцьця аддаў. Такія гульні са мной весьці ня можна. Але я ўсё яшчэ хачу верыць…”

Рэдактарка зборніку лірыкі “На флейце самоты” Хрысьціна Лялько распавяла, што ў Ніла Сымонавіча ўжо ня першы раз зрываюцца сустрэчы. Даходзіць да анэкдотаў. Маўляў, раз патэлефанавалі і сказалі: сустрэчы ня будзе, трубу прарвала. Потым з іншага месца тэлефануюць: "Адмяняецца сустрэча". Ён жартуе: "Трубу прарвала?" "Адкуль вы ведаеце?"

На жаль, паважанаму чалавеку, народнаму паэту Беларусі Нілу Гілевічу цяпер не да анэкдотаў. Калі сустрэчы адмянялі ў бібліятэках і клюбах – гэта адно. Зусім іншая справа, калі з паэтам забараняюць сустракацца студэнтам яго роднай “alma mater” – філялягічнага факультэту БДУ.
XS
SM
MD
LG