Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Грошы не прывядуць да перамогі, а толькі пастаянная праца з народам"


RFE/RL Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў – 18 красавіка. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

18 траўня 2005г.

(Спадар: ) “Уважліва паслухаў інтэрвію карэспандэнту Радыё Свабода Зянона Пазьняка з Нью-Ёрка. І ў чарговы раз прыйшоў да высновы, што адзіным лідэрам беларускай апазыцыі і па сёньняшні дзень застаецца Зянон Пазьняк.

На пытаньне карэспандэнта, ці атрымліваў ён калі-небудзь гранты з-за мяжы, ён адказаў, што ніколі не атрымліваў ніякіх грантаў. Грошы не прывядуць да перамогі, а толькі пастаянная праца з народам, з насельніцтвам.

А што да сучаснай апазыцыі, Лябедзька, Вячорка ды іншыя па 11 месяцаў разьяжджаюць па замежжах, наведваюць розныя вучобы і сэмінары, выпрошваюць грошы, як быццам, для рэвалюцыйнай барацьбы. А да народу выходзяць толькі перад выбарамі, за адзін-два тыдні. Што з гэтага атрымоўваецца, паказалі апошнія выбары ў Палату прадстаўнікоў”.

(Маісеенка Генадзь: ) “Вось адказ на вашае пытаньне тыдня. Пагроза міру і дабрабыту нашай Беларусі і Эўропы сыходзіць ад нас саміх і рэжыму Лукашэнкі. Што ж да так найменных імпэрыялістаў ЗША і Эўрапейскага зьвязу, то яны да нас не пагроза, а нашая надзея, нашыя сябры, добрыя суседзі і вельмі добрае лекарства ад нашай усеагульнай шызафрэніі, ад якой пакутуе амаль палова насельніцтва.

Якую добрую далі мянушку – электарат, якая даўно ўжо не народ, не натоўп, а звычайныя людзі-цені, людзі зьмярцьвелаю душою. А час іх канае на ўсей былой прасторы сатанінскай дзяржавы былога СССР. І дзякуй Богу, што іх правадыроў, якія акрамя будоўлі новых палацаў, ператрусу сваіх халуёў і зачысткі апазыцыі нічога рабіць не ўмеюць. Не дасталася ядзерная зброя… Вось тады пачвара Хусейн быў бы авечкаю ў параўнаньні з Лукамудрым. А мы б узьведалі акрамя Чарнобыля яшчэ б і маленькі апакаліпсіс.

Таму, пакуль ёсьць электарат, пагроза міру – гэта мы самі і нашыя справы ўвогуле. Прыйшоў час лячыцца і адпраўляць у бездну ўсю гразноту з нашых вачэй і нашых душ. Прыклад і Грузія, і Ўкраіна, і нават Кыргызстан, усе тыя, хто пачаў усхаджэньне да праўды. Бо іншага зараз не дадзена”.

(Спадарыня: ) “Я наогул не давяраю афіцыйным СМІ. А страшылка пра зьнешніх ворагаў, якія сьпяць і бачаць, як бы на нас напасьці, яшчэ з часоў СССР існуе. І гэта страшылка пра ворагаў народу. Для чаго гэта робіцца? Дык гэта цягнуць увагу ад праблематычнага жыцьця. Гэтыя страшылкі нараджаюць у грамадзтве страх, трывогу, нянавісьць. Вось добра б жылі, але ж ворагі перашкаджаюць! Для дыктатуры такі стан грамадзтва неабходны. Калі добра пашукаць ворагаў, іх заўжды знойдзеш. А потым дастаткова кінуць кліч: “Дык вось яны ворагі! Рэвалюцыю рыхтуе апазыцыя! Ату яе!” І можаце не сумнявацца – замбіраваны натоўп разарве на часткі.

Самы яскравы прыклад зь гісторыі – зьнішчэньне габрэяў фашысцкай Германіей. Спачатку фашысты падрыхтавалі грамадзкую думку. І злачынная расправа пачалася. І пратэстаў у самой Германіі не было чуваць асабліва. Альбо бальшавіцкія рэпрэсіі – тое ж самае. Адураныя прапагандай людзі верылі, што ворагаў навокал, як мурашоў у мурашніку. У народзе з гэтай нагоды кажуць: Не шукай таго, чаго ня хочаш знайсьці, бо абавязкова знойдзеш”.

(Спадар: ) “Тут у нас вось якая справа. Мы зьбіраемся пайсьці на плошчу, дапусьцім. Возьмем з сабой партрэты дзеючага прэзыдэнта, плякаты з надпісамі “Да здравствует президент! Президент – наш Бог! Президент – наше солнце! Слава политике президента!” Як вы думаеце, колькі сутак нам сьвеціць? Ці які штраф пагражае?

А наконт незалежнасьці і бясьпекі Беларусі, мне здаецца, што ніводная краіна нам не пагражае, акрамя сабой Беларусі”.

(Ігнацій: ) “Чарговыя падзеі ва Ўзбэкістане наглядна паказалі, што ўсялякія рэвалюцыі і контррэвалюцыі пачынаюцца толькі там, дзе ўлада ня хоча ўступаць сваё наседжанае месца. Таму дужыя сьвету гэтага павінны з усёй жорсткасьцю патрабаваць ратацыі такіх уладаў. Два тэрміны – і хопіць, сыходзь! Тут двайных стандартаў няма і быць ня можа!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG