Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Рэпарцёры бязь межаў" заклапочаная ціскам на "Народную волю"


RFE/RL Міжнародная арганізацыя “Рэпарцёры бязь межаў” у адмысловай заяве выказвае занепакоенасьць ціскам беларускіх уладаў на незалежныя мэдыі. Нагодай для заявы стала папярэджаньне міністэрства інфармацыі, вынесенае газэце “Народная воля”, а таксама зыскі пяці рабочых з Салігорску, якія запатрабавалі ад газэты вялікай грашовай кампэнсацыі за нібыта паклёп.

“Рэпарцёры бязь межаў” цытуюць інтэрвію аднаго з пазоўнікаў, дадзенае Радыё Свабода, які гаворыць, што падаў зыск на газэту пад ціскам кіраўніцтва прадпрыемства, на якім ён працуе.

Міжнародная арганізацыя ў сваёй заяве прыводзіць словы рэдактара “Народнай волі” Іосіфа Сярэдзіча, які лічыць, што “міністэрства інфармацыі выконвае адначасна ролі сьледчага, пракурора і судзьдзі.

Спадар Сярэдзіч нагадвае, што паводле закону міністэрства павінна напачатку запатрабаваць, каб газэта абвергла недакладнае паведамленьне ці выбачылася за яго. Міністэрства ж вынесла папярэджаньне, абмінаючы гэты неабходны этап.

“Прэзыдэнт Лукашэнка цалкам апраўдвае сваё мейсца ў нашым сьпісе ворагаў свабоды друку” – гаворыцца ў заяве міжнароднай арганізацыі “Рэпарцёры бязь межаў”.
XS
SM
MD
LG