Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 19 траўня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 19 траўня.

“Полесская правда”, 1925 год. Пра канфэрэнцыю сялянаў-палякаў у Хойніцкім раёне:

“Канфэрэнцыя слухала даклад прадстаўніка польбюро ЦК РКП т.Пшыбышэўскага. У зьмястоўным дакладзе ён паказаў сапраўдны стан Польшчы. Расказаў ён, як “дэмакратычная” Польшча зводзіць парахункі з рэвалюцыянэрамі, як там абыходзяцца з нацыянальнымі меншасьцямі… Асабліва добрае ўражаньне зрабіла на дэлегатаў тое, што даклад быў зачытаны на роднай мове. Дэлегаты ўвачавідкі ўбачылі па-сапраўднаму брацкае стаўленьне савецкага ўраду да нацыянальных меншасьцяў”.

“Беларуская крыніца”, 1935 год:

“У нядзелю 12.5. сёлета а гадзіне 8 і 45 мінут вечара памёр у Варшаве І Маршал Польшчы Язэп Пілсудскі. Прад сьмерцяй Язэп Пілсудскі быў у споведзі і прыняў сакрамат сьвятога алеяпамазаньня ад кс. Ул.Корніловіча. Язэп Пілсудскі радзіўся ў лістападзе 1867 г. у дварэ Золаве, Сьвянцянскага павету. Радня Пілсудскага — гэта стары шляхотскі род, з даўных аселены ў Віленшчыне”.

“Свободные новости”, 1995 год:

“У народзе пайшлі чуткі, быццам спадар Ціцянкоў раздаваў аўтографы ўсім ахвотным, якія прысутнічалі падчас зьняцьця бел-чырвона-белага сьцяга з Дому ўраду, на кавалках гэтага сымбалю незалежнасьці Беларусі… Людзі кажуць, што на прэзыдэнцкім “мэрсе” бачылі ўжо “новы” беларускі сьцяг. Дзіўна, закону яшчэ няма аб зьмене атрыбутыкі, а атрыбутыка ўжо атрыбутнічае… І зусім страшная чутка: у Менску пасяліўся Сатана — за яго ніхто не галасуе, а галасоў атрымлівае больш за ўсіх…”
XS
SM
MD
LG