Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Сяргея Скрабца просіць свайго мужа спыніць галадоўку за кратамі


Уладзімер Глод, Менск Адзін з актывістаў беларускай палітычнай апазыцыі, кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец быў арыштаваны 15 траўня і цяпер працягвае галадоўку пратэсту ў сьледчым ізалятары ў Берасьці. Яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — падрыхтоўка да злачынства і хабарніцтва.

Жонка экс-дэпутата Аляксандра паведаміла, што 19 траўня сьледчыя, якія займаюцца справай Сяргея Скрабца, выклікалі яе на размову. Для гэтага яны прыехалі зь Берасьця ў Менск. Як сказала спадарыня Аляксандра, ёй давялося адказваць на іх даволі агульныя пытаньні. І хаця падпіскі аб нераспаўсюдзе зьвестак, датычных справы яе мужа, яна не давала, камэнтаваць ёй фактычна няма чаго, паколькі нічога канкрэтнага ў справе, якую інкрымінуюць яе мужу, ёй невядома.

Аляксандра Скрабец, якая працуе лекарам-тэрапэўтам, хвалюецца наконт здароўя свайго мужа. Але паколькі ніякай сувязі зь ім яна ня мае, яна хоча праз адваката папрасіць мужа спыніць галадоўку.

(Аляксандра Скрабец: ) "Гэтая галадоўка, акрамя таго, што яна прынясе вялікую шкоду ягонаму здароўю, больш нічога не дасьць. Мы тут усе – і я, і маці, і тата – хвалюемся за яго. Нельга так рабіць. Гэта ж ня дома, калі можна выходзіць з галадоўкі згодна з мэдычнымі паказаньнямі ды правіламі".

Спадарыня Скрабец думае, што яе муж, які лічыць арышт ды абвінавачваньні на свой адрас беспадстаўнымі, і цяпер працягвае галадоўку. У тым, што галадаваньне пачалося яшчэ ў дзень затрыманьня, у яе сумневу няма. Спадарыня Аляксандра згадвае сваё наведваньне Берасьця на наступны дзень пасьля арышту мужа:

(Аляксандра Скрабец: ) "Я калі перадавала перадачу тады, дык міліцыянты мне кажуць: "Навошта вы гэта робіце?! Ён жа нічога ня есьць. Будзе гэтага бамжа карміць, які зь ім у камэры сядзіць".

Пра тое, што Сяргей Скрабец галадаў усе дні, уключаючы 18 траўня, ягоны адвакат Міхаіл Хоміч паведаміў учора і Аляксандры Скрабец, і ў інтэрвію Радыё Свабода.

Адвакат – адзіная асоба, якая можа час ад часу наведваць Скрабца і таму мець дакладную інфармацыю. Аднак усе спробы спадарыні Скрабец 19 траўня зьвязацца з адвакатам пакуль посьпеху ня маюць. Памочнік экс-дэпутата Сяргей Галаганюк з гэтай нагоды гаворыць, што на Міхаіла Хоміча пачаўся пэўны ціск, і ён, магчыма, наўмысна, пазьбягае кантактаў з роднымі Сяргея Скрабца:

(Галаганюк: ) "Яны (улады) нешта абазьліліся, і сказалі наагул, паменш уступаць у зносіны..."

***

Летам 2004 году Сяргей Скрабец удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў — нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.

17 траўня судовая выканаўца апісала мэблю ды іншыя рэчы ў кватэры Сяргея Скрабца — дзеля пагашэньня судовай запазычанасьці, якая ўзьнікла пасьля таго, як суд у Горадні пакараў былога дэпутата штрафам на 4 мільёны 800 тысяч рублёў за арганізацыю несанкцыянаванага ўладамі мітынгу прадпрымальнікаў.

17 траўня Назіральны сойм Беларускага Хэльсынскага камітэту, сябрам якога зьяўляецца Сяргей Скрабец, выступіў з адмысловай заявай, у якой сьцьвярджаецца, што адносна Скрабца парушана прэзумпцыя невінаватасьці. БХК зьвярнуўся ў Арганізацыю аб’яднаных нацыяў з просьбаю зрабіць усе захады “дзеля папярэджаньня парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі”.
XS
SM
MD
LG