Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі візыт у Абхазію выклікаў нэгатыўную рэакцыю ў Грузіі


Альгерд Невяроўскі, Менск Група дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, ураду і Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі наведала зь неафіцыйным візытам самаабвешчаную рэспубліку Абхазію. Гэты візыт выклікаў нэгатыўную рэакцыю уладаў Грузіі.

Беларускія дэпутаты і ўрадоўцы на чале са старшынём Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Канаплёвым, якія ўдзельнічалі ў футбольным турніры парлямэнтаў краінаў СНД у Сочы, 15 траўня неафіцыйна наведалі непрызнаную рэспубліку Абхазію, якая дамагаецца незалежнасьці ад Грузіі. Афіцыйныя прадстаўнікі ніжняй палаты, да якіх я зьвяртаўся па камэнтары, ніякай інфармацыі на гэты конт не паведамілі. У Міністэрстве замежных справаў камэнтаваць візыт адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што неафіцыйныя паездкі — не кампэтэнцыя МЗС.

А вось што паведаміла пра візыт беларускіх дэпутатаў і чыноўнікаў галоўная дарадца старшыні парлямэнту Абхазіі Галіна Странічкіна:

(Странічкіна: ) “Яны наведалі славутасьці Абхазіі. Адбылася сустрэча з абхаскімі парлямэнтарамі, са сьпікерам. Яны абмяркоўвалі пытаньні ўзаемнага супрацоўніцтва парлямэнтаў Беларусі і Абхазіі і ўвогуле далейшае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. І міжурадавыя нейкія кантакты, дзелавыя, гаспадарчыя і г.д. Мы нават мяркуем, што ў бліжэйшай будучыні будзе нейкая сустрэча ў адказ ужо на тэрыторыі Беларусі, больш афіцыйная. Наш інтэрас — гэта беларуская тэхніка, аднаўленьне гаспадарчых сувязяў. Плюс да гэтага, нашая непрызнаная рэспубліка, маючы сяброў у Беларусі, можа давесьці свае праблемы, пытаньні празь беларускіх калегаў да эўрапейскай супольнасьці”.

Паводле Галіны Странічкінай, беларуская дэлегацыя складалася з 15 чалавек. Паводле ж інфармацыйнай агенцыі “Апсныпрес”, у Абхазіі пабывала 70 высокапастаўленых асобаў зь Беларусі.

Гэты візыт выклікаў нэгатыўную рэакцыю ў Грузіі. Паводле старшыні парлямэнту Ніно Бурджанадзэ, “нікога не зьдзіўляе, што беларускае кіраўніцтва вырашыла ісьці супраць усяго сьвету і парушаць элемэнтарныя цывілізаваныя нормы, але гэтыя дзеяньні яшчэ нікому не прыносілі дабра”. Разам з тым, старшыня парлямэнту Грузіі адзначыла: “Што тычыцца беларускага народу і яго стаўленьня да тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі, мы цудоўна ведаем яго падтрымку”.

Гэты неафіцыйны візыт у Абхазію адбыўся пасьля некалькіх заяваў грузінскага прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі ды іншых афіцыйных асобаў у падтрымку дэмакратычных зьменаў у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG