Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэя Клімава спачатку пакараюць за арганізацыю дэманстрацыі


Любоў Лунёва, Менск У Першамайскім судзе Менску, дзе сёньня павінны былі разглядаць крымінальную справу Андрэя Клімава за паклёп на Аляксандра Лукашэнку, абвясьцілі бестэрміновы перапынак. Прысуд у гэтай справе вынесуць пасьля таго, як Цэнтральны суд Менску разгледзіць другую крымінальную справу Клімава — за арганізацыю вулічнай дэманстрацыі 25 сакавіка.

Андрэя Клімава трымаюць у сьледчым ізалятары з 22 красавіка. Тэрмін знаходжаньня пад вартай сьледзтва падоўжыла да 22 чэрвеня.

19 траўня ў Першамайскім судзе на знак салідарнасьці з Андрэем Клімавым сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод іх былі актывісты моладзевых арганізацыяў, прадстаўнікі амэрыканскай амбасады і АБСЭ. Андрэя Клімава прывезьлі са сьледчага ізалятару пад аховай у кайданках і завялі ў будынак суду праз службовы ўваход. Суд праходзіў за зачыненымі дзьвярыма і доўжыўся літаральна некалькі хвілінаў. Судзьдзя Алена Ананіч абвясьціла бестэрміновы перапынак. Пасьля гэтага ахоўнікі павялі Андрэя ў машыну для перавозкі вязьняў, так званы “аўтазак”. Жонка Андрэя Клімава пасьпела ўбачыцца са сваім мужам.

(Леановіч: ) “Нельга сказаць, што я вельмі засмучаная з таго, што сёньня так усё адбылося. Кажуць: “Раней сядзеш, раней выйдзеш”. Але я прытрымліваюся іншага: “Пазьней сядзеш, раней выйдзеш”. Канечне, была вельмі ўзрушаная, бо прыйшлі людзі. Яны яго падтрымлівалі. Гэта і простыя грамадзяне, і журналісты, і прадстаўнікі амбасады. Вельмі было прыемна ўбачыць свайго каханага чалавека на адноснай свабодзе ў холе суду, нягледзячы на тое, што ён быў у кайданках… Але гэта ўсё часова. Апошнімі словамі Андрэя, калі яго ў кайданках забіраў канвой, былі: “Да хуткай сустрэчы на свабодзе!”

Паплечнікі Андрэя Клімава праводзілі яго воклічамі “Жыве Беларусь!”. Сярод іх быў Цімафей Дранчук.

(Дранчук: ) “Прыйшлі, каб падтрымаць Андрэя, бо яму было вельмі прыемна ўбачыць нас у будынку суда. Мне і ягоным паплечнікам таксама было прыемна бачыць яго ў добрым настроі з усьмешкай на твары, хоць і ў кайданках. Прыемна было пачуць яго словы, што мы хутка сустрэнемся на свабодзе. У любым выпадку, мы будзем прыходзіць на кожны суд зь ягоным удзелам, але я мяркую, што гэта працягнецца ня доўга, таму што ў хуткім часе ён на самай справе будзе на свабодзе”.

Першае cудовае паседжаньне ў справе за паклёп на Аляксандра Лукашэнку адбылося 6 красавіка. Падставай для крымінальнай справы сталі кнігі Андрэя Клімава, якія распаўсюджваліся на тэрыторыі Беларусі. 23 красавіка мусіла адбыцца чарговае паседжаньне, але менавіта ў той дзень Клімава арыштавалі за арганізацыю вулічнай дэманстрацыі 25 сакавіка.

Усе чакалі, што 19 траўня будзе абвешчаны прысуд. Назіральнікі лічаць, што судзьдзя адмыслова перанесла агалошваньне прысуду. Паводле заканадаўства, за паклёп на Аляксандра Лукашэнку Андрэю Клімаву пагражала абмежаваньне волі. Яны схіляюцца да высновы, што ў крымінальнай справе за арганізацыю дэманстрацыі, у часе правядзеньня якой нібыта адбываліся масавыя беспарадкі, Андрэю пагражае рэальнае пазбаўленьне волі.

Суд пачнецца пры канцы траўня, пасьля таго, як будуць агалошаныя прысуды Міколу Статкевічу і Паўлу Севярынцу, якіх таксама абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыянаваных акцыяў апазыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG