Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Berliner Zeitung” – пра Анжаліку Агурбаш на конкурсе Эўрабачаньня


Ул. інф. Як піша журналіст “Berliner Zeitung” у артыкуле “Гарэлка ад сапраўдных герояў”, жыхарам Беларусі нядрэнна было б ведаць, колькі ўсё ж грошай выдаткаваў Менск на раскрутку Анжалікі Агурбаш.

У кіеўскіх кулюарах злыя жартаўнікі сьцьвярджаюць, што на гэта магла пайсьці палова беларускага бюджэту. У любым выпадку, сёньня ў раёне кіеўскага Палацу спорту, дзе праходзіць конкурс Эўрабачаньня, любы мінак натыкнецца на шматлікія фота і плякаты з тварам гэтай жанчыны і пры жаданьні атрымае кампакт-дыск зь яе конкурснай песьняй “Love me tonight”. Ёсьць і іншыя віды рэклямы.

Як піша “Berliner Zeitung”, да свайго 35-годзьдзя хатняя гаспадыня і маці траіх дзяцей ужо зрабіла глямурную кар’еру. У 1988 яна стала Міс Беларусі, у 1991 — Міс фота СССР, у 2002 атрымала тытул “Жанчына Расеі”, пра які з гонарам згадвае ўвесь апошні час. Акрамя таго, танцорка і акторка, якая цяпер стала жыве ў Маскве, зьяўляецца культурным аташэ беларускай амбасады ў Расеі.

Паводле нямецкага выданьня, у Кіеве Анжаліка Агурбаш спрабуе зрабіць самую добрую рэкляму для роднай Беларусі. “Эўрапейцам падабаецца Беларусь”, — заяўляе яна і падкрэсьлівае, які гэта гонар — прадстаўляць сьвету яе цудоўную краіну. “Менавіта песьні, як нішто іншае, збліжаюць людзей”, — перакананая Анжаліка.

Напярэдадні сьпявачка запрасіла сваіх фанаў і прадстаўнікоў СМІ ў адзін з самых дарагіх начных клюбаў Кіева. Як піша газэта, у часе гэтае сустрэчы гарэлка лілася ракой, а госьці ў якасьці падарункаў атрымлівалі відэакасэту зь песьнямі Агурбаш ды пляшку дарагога алькаголю. Сама Анжаліка ўвесь час танчыла і сьпявала ў суправаджэньні фальклёрнага гурта “Бяседа”. А муж Анжалікі Мікалай, адначасна яе мэнэджэр, пры гэтым казаў: “Сапраўдныя героі ня ведаюць перашкодаў. Мы абавязкова будзем у фінале”.

Анжаліка Агурбаш мае падтрымку ня толькі з боку афіцыйнага Менску, піша аўтар публікацыі. Магутны піяр для яе робяць і вядомыя прадстаўнікі шоў-бізнэсу з суседняй Расеі.

Дзеля раскруткі “Love me tonight” Філіп Кіркораў за апошнія шэсьць тыдняў аб’ехаў з Анжалікай ажно дваццаць чатыры краіны. У Кіеве рэкляма Агурбаш дасягнула сваёй вышыні: адмыслова ва ўкраінскую сталіцу цягніком у сваім пэрсанальным вагоне прыехала расейская прымадонна Пугачова, своеасаблівая ікона для пэўных слаёў постсавецкага грамадзтва.

“Вядома, усё гэта робіць пэўнае ўражаньне. Аднак, наўрад ці хто-небудзь шчыра жадае перамогі Анжалікі. Бо ніхто ня хоча, каб у наступным годзе традыцыйны конкурс прайшоў у краіне, якую называюць “апошняй дыктатурай Эўропы”. Так далёка любоў гледачоў да беларускай зоркі і яе песьняў яшчэ не зайшла”, — піша “Berliner Zeitung”.
XS
SM
MD
LG