Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працягваецца ціск уладаў на газэту “Народная Воля”


Ігар Карней, Менск 18 траўня галоўны рэдактар газэты “Народная Воля” Іосіф Сярэдзіч быў выкліканы ў генэральную пракуратуру, дзе атрымаў афіцыйнае папярэджаньне на падставе артыкула Закону аб друку “Аб недапушчальнасьці распаўсюду інфармацыі ад імя незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў”. Ужо заўтра ў судзе Ленінскага раёну Менску адбудзецца так званая “гутарка бакоў”, якая можа папярэднічаць судоваму разьбіральніцтву. Нагадаем, што пяцёра жыхароў Салігорску падалі пазоў на газэту з патрабаваньнямі матэрыяльнай кампэнсацыі: яны заяўляюць, што не падпісваліся пад зваротам руху “Воля народу”, надрукаваным у газэце.

Сам Іосіф Сярэдзіч ад камэнтароў з нагоды выкліку ў генэральную пракуратуру ўстрымліваецца, кажучы, што за ўсімі гэтымі паходамі не застаецца часу на газэту.

(Сярэдзіч: ) “Сёньня ў мяне кожная сэкунда на вагу золата. Мне проста не да гэтага, не да гэтага цяпер…”

Аднак у рэдакцыі апавялі, што ў сваім папярэджаньні генэральная пракуратура дала прававую ацэнку артыкулам, прысьвечаным дзейнасьці грамадзкай ініцыятывы “Воля народу”. Выснова пры гэтым зробленая наступная: паколькі як грамадзкае аб’яднаньне ініцыятыва “Воля народу” ў законным парадку не зарэгістраванае, усялякае згадваньне пра яе дзейнасьць цягне “прававую адказнасьць”.

Юрыст Алег Гулак у гэтым зьвязку кажа: падобнае трактаваньне недапушчальнае ў дэмакратычным грамадзтве, ад якога, на жаль, Беларусь усё больш аддаляецца.

(Гулак: ) “Гэта ня першы выпадак, калі газэтам забараняюць распаўсюджваць інфармацыю аб незарэгістраваных арганізацыях. Тут ёсьць дзьве праблемы. З аднаго боку, паводле нашага заканадаўства, забаронена дзейнічаць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Але ў дадзеным выпадку Аляксандар Казулін называе сваё ўтварэньне не арганізацыяй, а рухам, і з фармальна-юрыдычнага гледзішча сумнеўная законнасьць такіх прэтэнзіяў. Зь іншага боку, існуе канстытуцыйнае права выказваць свае думкі і меркаваньні, і тое, што было ў “Народнай Волі”, гэта цалкам укладаецца ў гэтае канстытуцыйнае права. Таму такія абмежаваньні не зьяўляюцца неабходнымі ў дэмакратычным грамадзтве. Але мы, на жаль, ведаем, што нашая дзяржава, нашае грамадзтва не дэмакратычныя”.

Кіраўнік Цэнтру прававой абароны СМІ Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў лічыць, што дзяржаўныя органы занадта шырока трактуюць само паняцьце “грамадзкага аб’яднаньня”, што дазваляе значна абмяжоўваць ня толькі ініцыятыву грамадзянаў, але і дзейнасьць СМІ, празь якія яны спрабуюць пра сябе заявіць. А гэта значыць, што ўлады папросту скарысталі нагоду, каб аказаць уціск на адно зь нямногіх у Беларусі незалежных выданьняў.

Супраць “Народнай Волі” паралельна плянуецца адразу некалькі судовых працэсаў. Нагадаем, што 3 траўня “Народная Воля” апублікавала прозьвішчы грамадзянаў, якія падпісаліся пад зваротам агульнанацыянальнага руху “Воля народу”.

Ініцыятарамі стварэньня руху выступілі былы рэктар БДУ Аляксандар Казулін ды іншыя вядомыя асобы. Аднак пяцёра шараговых падпісантаў неўзабаве заявілі, што ня ставілі ніякіх подпісаў і запатрабавалі матэрыяльнай кампэнсацыі — 50 мільёнаў рублёў кожны. Першае паседжаньне ў гэтай справе заплянаванае на заўтра, на 9.30 раніцы.

Яшчэ раней газэту папярэдзілі за тое, што яна апублікавала назву незарэгістраванага руху Алега Воўчака. Грашовую кампэнсацыю ў памеры 250 мільёнаў рублёў патрабуе ад газэты таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG