Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым сутнасьць і прычыны канфлікту вакол Саюзу палякаў Беларусі?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 18 траўня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: галоўны рэдактар газэты “Głos znad Niemna” Анджэй Пісальнік з Горадні і сябра ўправы Менскага аддзелу Саюзу палякаў Беларусі Ежы Вашкевіч зь Менску.

(Валер Карбалевіч: ) “Саюз палякаў Беларусі — найбольш масавая і арганізаваная структура ня толькі сярод арганізацый нацыянальных меншасьцяў, але і ўвогуле сярод недзяржаўных аб’яднаньняў у краіне. Таму ягоная дзейнасьць заўсёды прыцягвала ўвагу як грамадзкасьці, так і СМІ. Апошнім часам унутры Саюзу палякаў Беларусі адбываліся скандалы. Канфлікт набыў значны палітычны маштаб, калі ў яго ўмяшаліся дзяржаўныя органы як Беларусі, так і Польшчы. Па беларускай тэлевізіі быў паказаны фільм, які павінен быў выкрыць “падступныя намеры” новага кіраўніцтва арганізацыі. Міністэрства юстыцыі адмяніла рашэньні апошняга зьезду Саюзу палякаў Беларусі. Суд аднавіў звольненага з працы рэдактара друкаванага выданьня саюзу. Што стаіць за дзеяньнямі беларускіх уладаў? Якія мэты і задачы яны ставяць?

(Анджэй Пісальнік: ) “Усё тое, пра што вы распавялі — гэта рэакцыя на дэмакратычны выбар дэлегатаў апошняга зьезду. І гэты выбар не спадабаўся ўладам. Бо ўлада лічылі, што кіраваньне саюзам пяройдзе яшчэ раз у рукі Кручкоўскага. Такі ў іх быў плян. За чатыры гады кіраваньня саюзам Кручкоўскі давёў арганізацыю амаль што да руінаў. Ніякай больш-менш эфэктыўнай дзейнасьці арганізацыя не вяла, не магла эфэктыўна бараніць правы беларускіх палякаў З часам саюз ператварыўся б у калёс на гліняных нагах.

Відаць, такі стан рэчаў быў вельмі даспадобы ўладам. І таму яны паставілі на Кручкоўскага. Але гэты плян не спрацаваў. І гэта выклікала ўсе наступныя крокі ўладаў, якія вы пералічылі. Маецца на ўвазе і вяртаньне галоўнага рэдактара, які, дарэчы, ужо звольніўся. Таму я ўжо зьяўляюся афіцыйна галоўным рэдактарам. Гэта і рэакцыя Міністэрства юстыцыі. Як вынік — той скандал, які распальваецца ў міждзяржаўных дачыненьнях”.

(Ежы Вашкевіч: ) “Я пагаджаюся, што ўсе тыя чыньнікі, якія назваў спадар Пісальнік, прысутнічаюць. Але калі паглядзець больш шырока, то ўжо некалькі гадоў назіраецца такая тэндэнцыя: улады імкнуцца кантраляваць грамадзкія арганізацыі. І ў гэтым выпадку Саюз палякаў Беларусі стаўся адным з суб’ектаў такога кантролю. Гэты кантроль зьдзяйсьняўся праз былое кіраўніцтва арганізацыі. Гэта вынікае з таго, як яно сябе паводзіць, як паводзяць улады. Гэта найпрасьцейшы сродак кантролю над арганізацыяй. Бо яна разгалінаваная, мае 150 аддзелаў па ўсёй краіне. На чале кожнага аддзелу свайго чалавека не паставіш. Таму дастаткова паставіць сваіх людзей на чале ўсёй арганізацыі, і тады можна яе кантраляваць”.

(Карбалевіч: ) “І са зьместу згаданага фільма, і з ходу апошняга зьезду вынікае, што раскол у Саюзе палякаў набыў найперш палітычны характар, а ўжо потым — міжасабовы. Ці згодныя вы з тым, што канфлікт у Саюзе палякаў найперш палітычны?”

(Пісальнік: ) “Калі вы кажаце пра нейкі раскол у Саюзе палякаў Беларусі, то гэта не зусім адпавядае рэчаіснасьці. Асобныя паводзіны групы, якая максымальна налічвае да трыццаці чалавек, у арганізацыі, якая налічвае каля 25 тысяч, можна вызначыць не як раскол, а дэмарш. Што тычыцца курсу арганізацыі, то Саюз палякаў Беларусі не вядзе ніякай палітычнай дзейнасьці. Гэта не палітычная арганізацыя. У яе няма ніякага фармальнага супрацоўніцтва зь нейкімі палітычнымі партыямі ці апазыцыйнымі групоўкамі. Саюз палякаў Беларусі — гэта арганізацыя, якая аб’ядноўвае людзей па нацыянальнай прыкмеце. І гэтыя людзі могуць мець розныя палітычныя погляды. І калі некаму падабаецца Лукашэнка, а некаму не падабаецца, то гэта не крытэр, каб чалавек быў ці ня быў у гэтай арганізацыі.

У гэтым сэнсе роля кіраўніцтва арганізацыі — не дапускаць дыскрымінацыі сябраў саюзу паводле палітычнай пазыцыі, сьветапогляду. Менавіта ў гэтым павінна палягаць апалітычнасьць кіраўніцтва арганізацыі. Пра гэта казала на зьезьдзе Саюзу палякаў Беларусі цяперашняя старшыня Анжаліка Борыс. Пры старшыні Кручкоўскім было інакш. Тады, калі нехта зь сябраў арганізацыі публічна дэкляраваў свае палітычныя погляды, то ён трапляў у нейкі чорны сьпіс, станавіўся ізгоем. І гэтага нельга дапусьціць”.

(Вашкевіч: ) “У Саюзе палякаў Беларусі, як у кожнай супольнасьці, канфлікты былі і раней, прычым, даволі вострыя. Але дасюль яны ніколі не выходзілі вонкі. Была дамоўленасьць вырашаць іх унутры арганізацыі. Бо, па сутнасьці, яны былі ўнутрыарганізацыйныя. І вось першы раз здарылася, што яны выйшлі за межы арганізацыі. Прычына гэтага — дзеяньне вонкавых чыньнікаў.

Мы ніколі не займаліся палітыкай. Гэтага не прадугледжвае статут нашай арганізацыі. Канечне, кожны сябар арганізацыі мае свае палітычныя погляды. І яны часам супрацьлеглыя. Я магу гэта сказаць дакладна, таму што ведаю людзей. Але людзі аб’ядноўваюцца ў арганізацыю не па гэтай прыкмеце, а па нацыянальнай прыналежнасьці. Больш за тое, у нас ёсьць нават і не палякі, але яны любяць польскую мову, культуру ці зьяўляюцца каталікамі.

І вось цяпер гэтую праблему спрабуюць палітызаваць вонкавыя чыньнікі. У мяне няма наўпроставых доказаў, што гэта прадстаўнікі ўлады. Але той фільм, які быў паказаны… Я асабіста расцэньваю як распальваньне міжнацыянальнай варажнечы. Гэтыя кадры з палаючымі дамамі ў Косава, маніпуляцыя тапонімамі (Косава на Балканах і Косава ў Берасьцейскай вобласьці) выклікаюць такія падазрэньні”.

(Карбалевіч: ) “Сытуацыя апалітычнасьці арганізацыі, мусіць, сёньня ўжо ўлады не задавальняе. Цяпер нэўтралітэт, апалітычнасьць арганізацыі — гэта ўжо крамола. Сёньня патрабуецца адданасьць існай уладзе. Толькі на такіх умовах улады гатовыя супрацоўнічаць. Канфлікт вакол Саюзу палякаў набыў характар міждзяржаўнага канфлікту паміж Беларусьсю і Польшчай. Беларускія ўлады абвінавацілі Польшчу ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы Беларусі. Супрацоўнік польскай амбасады ў Беларусі Буцько аб’яўлены беларускімі ўладамі непажаданаю пэрсонай. З крытыкай на адрас Беларусі выступілі прэзыдэнт, сьпікер парлямэнту, міністар замежных справаў Польшчы. Аб’яўлена, што шэрагу людзей, якія датычны да скандалу ў Саюзе палякаў Беларусі, ня будзе дазволены ўезд у Польшчу. Як вы можаце пракамэнтаваць гэта?”

(Пісальнік: ) “Абвінавачаньні Польшчы, польскай дыпляматыі, што яны ўмешваюцца ў справы Саюзу палякаў Беларусі, ня маюць ніякіх падставаў. Пазаўчора ў вялікім інтэрвію польскаму радыё прэзыдэнт Польшчы Квасьнеўскі, адказваючы на пытаньне, сказаў, што Польшчы не падабаецца, калі беларускія ўлады ўмешваюцца ва ўнутраныя справы Саюзу палякаў Беларусі. Ён адзначыў, што гэта арганізацыя, незалежная ад польскіх уладаў. Таму яна павінна быць незалежнай і ад беларускіх уладаў. Хацелася б, сказаў прэзыдэнт, каб беларускія ўлады гэта разумелі і прызнавалі сувэрэннае права Саюзу палякаў Беларусі прымаць свае ўнутраныя рашэньні.

Абвінавачаньні на адрас польскага дыплямата Марэка Буцькі, якія прагучалі ў фільме, у тым, што ён, нібыта, спрабаваў уплываць на дзейнасьць саюзу і ўцягнуць яго ў нейкую палітыку, ня маюць падставаў. Як той фільм зьяўляецца фальшыўкай, таксама і гэтыя абвінавачаньні ёсьць фальшыўкай. Я як сябра Саюзу палякаў добра ведаю, як выглядае сытуацыя. І я магу заявіць, што ніякі Буцька ці іншы польскі дыплямат ня меў, ня мае ніякіх інструмэнтаў, каб уплываць на дзейнасьць Саюзу палякаў.

Галоўная рада Саюзу палякаў Беларусі без усялякай падказкі звонку аднагалосна прыняла заяву, у якой яна, па-першае, не пагадзілася са зьместам ліста Міністэрства юстыцыі. Па-другое, асудзіла аўтараў фільма, які быў паказаны па БТ, зьвярнулася да пракуратуры, каб была пачатая крымінальная справа на аўтараў і ўдзельнікаў гэтага фільма”.

(Вашкевіч: ) “Міждзяржаўны канфлікт у дадзеным выпадку быў непазьбежным. Бо кожная краіна клапоціцца пра нацыянальную меншасьць у іншых краінах. І калі сытуацыя прыняла такі кірунак, натуральна, што Польшча рэагуе. Думаю, што і беларускі бок так бы рэагаваў, калі б прыцясьняліся беларусы недзе ў Расеі, Польшчы ці Ўкраіне. Але той, хто заварваў гэтую кашу, павінен быў улічваць, што будзе менавіта такая рэакцыя.

Бо нельга беспадстаўна абвінавачваць, што польскія дыпляматы ўмешваюцца. Канечне, мы зь імі ў вельмі добрых адносінах. Але Лукашэнка слушна сказаў, што мы грамадзяне Беларусі. Мы прыслухоўваемся да разумных парадаў з польскай амбасады. Але гэта ня значыць, што польскі дыплямат нам загадае, і мы ўжо адразу паляцелі выконваць. Мы выконваем тыя задачы, якія стаяць у статуце Саюзу палякаў Беларусі”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, узмацненьне аўтарытарных тэндэнцыяў у Беларусі, імкненьне ўладаў абдзяржавіць, устанавіць кантроль над усімі недзяржаўнымі арганізацыямі непазьбежна вядзе да канфлікту ўнутры арганізацыі. Гэта ня першы выпадак. Можна ўспомніць, што калі ўлады абдзяржаўлівалі Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі, то там таксама адбыўся канфлікт і раскол. У дадзеным выпадку, сытуацыя ўскладнілася тым, што на абарону Саюзу палякаў Беларусі стала Польшча, і канфлікт набыў міждзяржаўны характар”.
XS
SM
MD
LG