Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вышэйшы гаспадарчы суд прыняў да разгляду скаргу падаткавікоў у справе БХК


БелаПАН Касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суда прыняла да разгляду касацыйную скаргу падатковай інспэкцыі Маскоўскага раёна Менску ў дачыненьні да Беларускага Хэльсынскага камітэту (БХК). Падатковыя інспэктары настойваюць на тым, што БХК павінен плаціць падаткі з фінансавых сродкаў, што выдзяляюцца арганізацыі ў межах эўразьвязаўскай праграмы TAСІС.

Нагадаем, што крымінальная справа аб ужываньні да БХК эканамічных санкцыяў за нявыплату падаткаў была распачатая на падставе рашэньня падатковай інспэкцыі летась у красавіку.

У ліпені мінулага году Гаспадарчы суд Мінска прызнаў гэтае рашэньне несапраўдным. Касацыйная калегія Гаспадарчага суду Мінска пацьвердзіла дадзенае рашэньне. Потым падатковая інспэкцыя Маскоўскага раёну падавала наглядныя скаргі ў Вышэйшы гаспадарчы суд, пракуратуру сталіцы і генэральную пракуратуру, аднак рашэньне Мінскага гаспадарчага суду было пакінутае бяз зьменаў.

Як паведаміў прэсавы сакратар БХК Дзьмітры Маркушэўскі, фармулёўкі новай касацыйнай скаргі, пададзенай у Вышэйшы гаспадарчы суд, нічым не адрозьніваюцца ад першапачатковай аргумэнтацыі падатковай інспэкцыі, у ёй не прыводзіцца ніякіх новых фактаў і аргумэнтаў.

Варта таксама зазначыць, што ў сакавіку мінулага года на падставе матэрыялаў праверкі Камітэт дзяржкантролю высунуў крымінальныя абвінавачаньні супраць старшыні БХК Тацяны Процькі і бугальтара арганізацыі Тацяны Руткевіч. Праца сьледчых органаў працягвалася нават тады, калі з БХК былі зьнятыя ўсе абвінавачаньні. Урэшце у сьнежні летась Камітэт дзяржкантролю вымушаны быў спыніць расьсьледаваньне з прычыны "адсутнасьці ў дзеяньнях абвінавачваных грамадзка небясьпечнага дзеяньня, прадугледжанага крымінальным законам".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG