Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Віцебску: Ці існуе "пагроза з Захаду" для Беларусі?


Браніслава Станкевіч, Віцебск Апошнім часам беларускія афіцыйныя сродкі масавае інфармацыі часта гавораць пра тое, што з краінаў Захаду зыходзіць пагроза для бясьпекі Беларусі. Ці давяраеце вы такім паведамленьням? — пыталася на вуліцах Віцебску наша карэспандэнтка.

(Спадарыня: ) “Я афіцыйным сродкам масавае інфармацыі не давяраю абсалютна! Гэта ж сьмешна — каб нас нехта хацеў бамбіць або нам зьбіраўся пагражаць. І я ўпэўненая, што ў краінах Заходняе Эўропы і ў Амэрыцы ўсё гэта цудоўна разумеюць!”

(Спадар: ) “Наадварот, я спадзяюся на тое, што заходнія краіны нам дапамогуць сваім прыкладам і, магчыма, фінансамі: да прыкладу, інвэстыцыямі, укладаньнямі ў нашу эканоміку”.

(Спадарыня: ) “Я мяркую, што для Беларусі ніякай пагрозы з краінаў Захаду ня можа быць! Таму, што я бачу па каналах эўрапейскага тэлебачаньня, можна толькі пазайздросьціць!”

(Спадар: ) “Амэрыка, казалі, ужо выдала грошы на тое, каб у нас была рэвалюцыя? Ага, я пра такое чуў”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці верыце вы такім паведамленьням?”

(Спадар: ) “Не, ня веру”.

(Спадар: ) “Канечне! Амэрыканцы ўвесь час плацяць грошы беларускай апазыцыі”.

(Карэспандэнтка: ) “А адкуль вы пра гэта ведаеце?”

(Спадар: ) “Бачыў у “Навінах”. І гэта, я думаю, нічога ня варта!”

(Карэспандэнтка: ) “І таму вы мяркуеце, што пагроза з Захаду ёсьць?”

(Спадар: ) “Вядома. Неўзабаве ўжо будзе!”

(Спадарыня: ) “Няма нічога такога. Калі і ёсьць аднекуль пагроза, дык гэта ня з Захаду, а з Расеі”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму ж тады пра гэта так шмат цяпер гавораць па дзяржаўным тэлебачаньні, радыё, пішуць у газэтах?”

(Спадарыня: ) “А каб запалохаць людзей”.

(Спадар: ) “Я лічу, што з Захаду пагроза будзе! Яны ж выдзяляюць грошы, каб нашую краіну раскалоць, каб нашага прэзыдэнта скінуць. Трэба з насьцярогай да іх ставіцца!”

(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць для Беларусі пагроза з краінаў Захаду, як пра гэта гавораць афіцыйныя СМІ?”

(Спадар: ) “Напэўна, усё ж ёсьць. Вось, казалі, і ў Польшчы нейкія базы будуюцца, і грошы выдаткоўваюцца. Наступнага году трэба ўвогуле апасацца, бо будуць выбары, а гэта такая справа... І апазыцыя ў нас моцная. Можа, і ёсьць пагроза, раз так гавораць”.

(Спадар: ) “Ніякае там пагрозы няма. Я сам там быў не аднойчы, і ведаю. Гэта ўсё палітыка: адны працуюць, а іншыя толькі языком мянцяць!”

(Спадарыня: ) “Пагроза, я думаю, у нас саміх. Дакуль беларусы ня будуць разумець, хто яны, адкуль і навошта — датуль і будзе пагроза. Ня зьнешняя, а знутры — з душы, з сэрца. Вось так”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG