Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск адрэагаваў на заявы Буша пра Беларусь


Валер Каліноўскі, Менск Словы прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша на прыёме ў Міжнародным рэспубліканскім інстытуце наконт неабходнасьці прадоўжыць зьмену рэжымаў на Каўказе, у Сярэдняй Азіі і Беларусі выклікалі рэакцыю як беларускіх уладаў, так і апазыцыйных палітыкаў. МЗС Беларусі лічыць, што ініцыятывам Джорджа Буша трэба “паставіць заслон”

Міністэрства замежных справаў Беларусі адрэагавала на ўчорашнія заявы і ініцыятывы Джорджа Буша. Афіцыйны прадстаўнік МЗС Руслан Есін зазначыў з гэтай нагоды, што ЗША “працягваюць дзейнічаць па-за межамі міжнароднага прававога поля і вядуць адкрытую падрыхтоўку да ўмяшаньня ва ўнутраныя справы іншых дзяржаваў”.

(Есін: ) “Такога кшталту ініцыятывы павінны атрымаць прынцыповую ацэнку міжнароднай супольнасьці, ім неабходна паставіць моцны заслон”.

Незалежны палітоляг Андрэй Фёдараў мяркуе, што падобная рэакцыя беларускіх уладаў сьведчыць пра тое, што яны пабачылі ў ініцыятывах прэзыдэнта Буша небясьпеку для сябе.

(Фёдараў: ) “Яны, безумоўна, баяцца, што раней ці пазьней людзі ўсё-такі пабачаць, што пры дэмакратыі жыцьцё лепшае, і тады звычайным дэмакратычным шляхам, галасаваньнем, дэмакратычнымі перабудовамі яны зьменяць гэтую ўладу”.

Пазыцыю Джорджа Буша наконт прасоўваньня дэмакратыі ў сьвеце спадар Фёдараў тлумачыць і прагматычнымі меркаваньнямі:

(Фёдараў: ) “Чым траціць вялікія грошы на барацьбу зь недэмакратычнымі рэжымамі, калі яны пачынаюць антыамэрыканскія дзеяньні, як той жа Ірак, ці змагацца з тэрарызмам, які зараджаецца ў недэмакратычных краінах, можа, значна прасьцей дасягнуць дэмакратыі ў тых краінах, якія яшчэ вагаюцца”.

Адзін зь лідэраў беларускай сацыял-дэмакратыі Мікола Статкевіч пазытыўна ацаніў ініцыятыву Джорджа Буша стварыць адмысловы корпус хуткага рэагаваньня для дапамогі ў пераходзе аўтарытарных краінаў да дэмакратыі:

(Статкевіч: ) “Безумоўна, беларускай дэмакратыі патрэбна дапамога, у тым ліку вонкавая, таму што ўсё грамадзкае жыцьцё кантралюецца кіроўнай клікай. Гэты рэжым ніколі не пагодзіцца на сумленныя выбары. І знайсьці рэсурсы, каб супрацьстаяць гэтаму ўнутры краіны, дэмакратычныя сілы, на жаль, ня здольныя”.

Мікола Статкевіч лічыць, што патрэбная міжнародная салідарнасьць і ціск на афіцыйны Менск у выпадку, калі ўзмацняюцца рэпрэсіі.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька зазначыў, што ягоная партыя мае партнэрскія адносіны зь Міжнародным рэспубліканскім інстытутам, які атрымаў падтрымку з боку Джорджа Буша. У прыватнасьці, актывісты АГП бяруць удзел у адкрытых навучальных праграмах інстытуту:

(Лябедзька: ) “Працэс абсалютна адкрыты, і беларускія спэцслужбы могуць браць удзел у гэтых праграмах, і могуць засьведчыць, што там не разглядаюцца нейкія пляны дэстабілізацыі сытуацыі ці арганізацыі нейкіх групаў баевікоў, а разглядаюцца зразумелыя простыя рэчы: дэмакратыя — што гэта такое, як яе рэалізоўваць на практыцы”.

Анатоль Лябедзька ідэю корпусу хуткага рэагаваньня для дапамогі ў пераходзе да дэмакратыі лічыць слушнай, сугучнай працэсам, якія адбываюцца на постсавецкай прасторы.
XS
SM
MD
LG