Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты папярэджваюць: дажджлівая вясна можа пашкодзіць будучаму ўраджаю


Ганна Соусь, Менск У Беларусі ўжо каторы дзень ідуць дажджы. З гэтай прычыны ў многіх раёнах загінулі пасевы, а ў некаторых дагэтуль не завершана сяўба. Як адаб’ецца сёлетняе халоднае і дажджлівае веснавое надвор’е на будучым ўраджаі? Ці падвысяцца цэны на хлеб?

На сёньняшні дзень ў Беларусі перасеяна 30 тысяч з 53 тысяч гектараў загінулых у выніку дажджоў пасеваў зерневых і зернебобавых культураў. Паводле зьвестак Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня, у страхавым рэзэрвавым фондзе дастаткова насеньня, каб перасеяць 370 тысяч гектараў.

З прычыны дрэннага надвор’я сяўба зацягнулася на Віцебшчыне і Магілёўшчыне. У многіх раёнах тэхніка ня можа выйсьці на палі, бо яны залітыя вадой. Член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук, прафэсар Іван Нікітчанка лічыць, што сёлета ў Беларусі зьбяруць вельмі нізкі ўраджай.

(Нікітчанка: ) “Не было такога ніколі. Сёлета ўраджаю можа быць вельмі мала. Калісьці, некалькі гадоў, у нас было 3,5 мільёна тон зерня. Але ж ня зерне адно патрэбнае. На ўласных сотках людзі ня могуць пасадзіць. Вада залівае. На палетках Берасьцейшчыны, Віцебшчыны вада стаіць. Ужо трэба перасяваць, дзе сеялі зерне, бо пасеянае згніла”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці могуць вырасьці цэны на хлеб у сувязі з гэтым?”

(Нікітчанка: ) “Гарантыя, што будзе так. І ня толькі ў сувязі з гэтым. У сувязі зь бязглуздай палітыкай. Ад надвор’я не залежыць кошт на прадукты харчаваньня. Ён залежыць ад дзейнай сыстэмы. У нас усё роўна — ёсьць сваё ці няма свайго. Мы ж купілі летась харчоў, у тым ліку зерня і мукі, на 1 мільярд 300 мільёнаў даляраў”.

Былы старшыня Беларускага прафсаюзу работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандар Ярашук адзначае, што за апошні год цэны на хлеб у Беларусі падвысіліся прыкладна на 30%, і гэта пры тым, што ўлады летась казалі пра сабраны рэкордны ўраджай — 7 мільёнаў тонаў.

(Ярашук: ) “Мы проста нерацыянальна выкарыстоўваем тое, што зьбіраем, і гэта падрывае асновы эканомікі. Мы існуем ва ўмовах камандна-адміністрацыйнай сыстэмы, а яна ня можа быць рэнтабэльнай і эфэктыўнай. Кожны год усе палі засяваюцца, нягледзячы на тое, што ў нас на аднаго чалавека прыпадае 62 соткі ворных зямель, гэта ўдвая зь лішкам болей, чым у Эўропе. Навошта мы ўсё гэта робім? А таму, што ў нас сельская гаспадарка — катэгорыя не эканамічная, а ідэалягічная”.

Што да сытуацыі зь сёлетняй сяўбой, то Аляксандар Ярашук адзначыў:

(Ярашук: ) “Там, дзе больш цяжкія глебы, дзесьці наагул не пасеялі, а там, дзе пасеялі, то ў значнай ступені расьліны прыгнечаныя, і можна казаць, што нават і загінулі. Але адказна кажу, што яшчэ няма ніякіх прычынаў рабіць высновы пра экстрэмальныя ўмовы, што існуе нейкая пагроза для будучага ўраджаю”.

А вось як ацэньвае сёлетнюю сяўбу і пэрспэктывы будучага ўраджаю супарцоўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня, які не пажадаў назваць сваёго імя:

(Спадар: ) “На Віцебшчыне і Магілёўшчыне ня могуць дасеяць асобных культураў — лён, кукурузу, бульбу, таму што нельга выйсьці ў поле. А на Берасьцейшчыне ўсё адсеялі. Там лёгкія глебы, і такое надвор’е не прыносіць шкоды. Нашыя спэцыялісты былі ўчора на Гомельшчыне… Дык там трактар па полі едзе, і пыл ідзе”.
XS
SM
MD
LG